У Беларусі разлічаць эканамічны ўрон ад спажывання насельніцтвам алкаголю. Пра гэта паведаміў загадчык сектара наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук 13 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, летась супрацоўнікі РНПЦ псіхічнага здароўя сумесна з эканамістамі распрацавалі формулу для падліку ўрону ад спажывання алкаголю. У ёй улічана смяротнасць ад алкагалізму; смяротнасць ад шэрагу захворванняў, якія выклікае спажыванне алкаголю: цырозы, гепатыты і іншыя. У формулу таксама ўключаны паказчык колькасці гадоў, якія хворыя на алкагалізм маглі б пражыць да сярэдняга ўзросту, калі б не злоўжывалі спіртным. «Даказана, што хворыя на алкагалізм жывуць у сярэднім на 22 гады менш, чым сярэднестатыстычны здаровы чалавек», — адзначыў Максімчук. Паводле яго слоў, акрамя таго, у формуле ўлічаны ўскосныя страты ад ўжывання алкаголю: колькасць няшчасных выпадкаў, ДТЗ па віне п’яных вадзіцеляў і інш.

Як адзначыў спецыяліст, папярэдняя сума ўжо была разлічана і пададзена ў Саўмін, аднак яе вырашана не абнародаваць. «Урон вялікі, — сказаў ён. — Праблема сапраўды ёсць».

Паводле інфармацыі Максімчука, канчатковы варыянт сумы эканамічнага ўрону ад спажывання алкаголю за год плануецца апублікаваць у лютым 2012 года.

Як паведаміла прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кандраценка, у 2010 годзе ў Беларусі з-за прычын, звязаных са спажываннем алкаголю, памерла 4 тыс. 265 чалавек, у тым ліку 3 тыс. 63 чалавекі ў працаздольным узросце. Сярод памерлых — 3 тыс. 237 мужчын, у тым ліку 2 тыс. 549 — у працаздольным узросце, і 1 тыс. 28 жанчын, у тым ліку 514 — у працаздольным узросце. Для параўнання: у 2005 годзе ў Беларусі з-за прычын, звязаных са спажываннем алкаголю, памерла 4 тыс. 705 чалавек, з іх 2 тыс. 721 — у працаздольным узросце. Сярод памерлых — 3 тыс. 637 мужчын, у тым ліку 3 тыс. 95 — у працаздольным узросце, і 1 тыс. 68 жанчын, у тым ліку 626 — у працаздольным узросце.

Паводле слоў Кандраценкі, летась на ўліку ў органах аховы здароўя ў сувязі з алкагалізмам і алкагольнымі псіхозамі знаходзіліся 195 тыс. 945 чалавек, у тым ліку мужчын — 158 тыс. 172, жанчын — 37 тыс. 173. На 100 тыс. насельніцтва летась прыпадала 2 тыс. 69 хворых на алкагалізм, тады як у 2005 годзе гэты паказчык складаў 1 тыс. 826 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?