12 верасня адбудзецца афіцыйны візіт у Беларусь міністра замежных спраў Арменіі Эдварда Налбандзяна.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, падчас візіту плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах. Асаблівая ўвага будзе нададзена разгляду перспектыў узаемадзеяння і мер па пашырэнні дыялогу дзвюх краін.

Чакаецца, што па выніках перамоў будзе падпісаны план супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін на 2011—2012 гады.

Беларусь па аб'ёме гандлю з Арменіяй займае трэцяе месца сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны). Па выніках 2010 года экспарт беларускай прадукцыі ў Арменію склаў 42,1 млн. долараў ЗША (узрос на 81,2%), імпарт — 5,1 млн. (рост на 0,4%). Станоўчае сальда склала 37 млн. долараў.

Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі Беларусі ў гандлі з Арменіяй з'яўляюцца шыны, аўтамабілі грузавыя, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, лекі, малако і вяршкі згушчаныя і сухія, масла, фанера, трактары. Аснову імпарту з Арменіі складаюць моцныя спіртныя напоі, тытунёвыя вырабы, хімічныя рэчывы і лекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?