З 17 лістапада па 31 снежня ў сталічных кінатэатрах «Перамога» і «Цэнтр-відэа» пройдзе рэтраспектыва фільмаў аднаго з заснавальнікаў французскай «новай хвалі» Эрыка Рамера (1920–2010).

Паказы карцін арганізаваны пры падтрымцы пасольства Францыі ў межах праекта Сinemascope, які знаёміць мінскіх гледачоў з аўтарскім кіно.

Выкладчык літаратуры, пісьменнік, кінакрытык Рамер працягнуў у кінематографе традыцыю прыгожага пісьменства XVIII ст. Рэжысёр выпрацаваў уласны варыянт канцэпцыі «татальнага» кіно, у якім слова не проста нясе службовую функцыю, але прыраўноўваецца па важнасці да выявы. Дэбютаваўшы ў 1959 г. фільмам «Знак ільва», усю сваю наступную творчасць ён любіў падзяляць на цыклы: «Шэсць павучальных аповесцяў», «Камедыі і прымаўкі», «Часы года».

Рэтраспектыва фільмаў Рамера адкрыецца 17 лістапада ў кінатэатры «Перамога» карцінай «Мая ноч у Мод» (1969 год) з цыкла «Шэсць павучальных аповесцяў».

22–28 лістапада гэтая карціна будзе паказана ў «Цэнтры-відэа».

24 лістапада ў «Перамозе» і 29 лістапада — 5 снежня ў «Цэнтры-відэа» пройдзе паказ праграмы кароткаметражных фільмаў Рамера: «Паданне, або Шарлота і яе стэйк» (1951), «Булачніца з Монса» (1962) з цыкла «Шэсць павучальных аповесцяў», «Кар’ера Сюзанны» (1963), «Надзя ў Парыжы» (1964).

1 снежня ў «Перамозе» і 6–12 снежня ў «Цэнтры-відэа» будзе паказаны фільм «Калена Клер» (1970) з цыкла «Шэсць павучальных аповесцяў».

8 снежня ў «Перамозе» і 13–19 снежня ў «Цэнтры-відэа» гледачы змогуць убачыць карціну «Удалае замужжа» (1982) з цыкла «Камедыі і прымаўкі».

15 снежня ў «Перамозе» і 20–26 снежня ў «Цэнтры-відэа» будзе прэзентаваны фільм «Паліна на пляжы» (1983) з цыкла «Камедыі і прымаўкі».

Завершыць рэтраспектыву карціна «Сябар маёй сяброўкі» (1987). Яна будзе паказана 22 снежня ў «Перамозе» і 27–31 снежня — у «Цэнтры-відэа».

Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?