беларускія афарызмы

«Ад вёскі адбіўся, а ў палац не папаў»

Гэта выраз з верша Янкі Купалы «Нібы казка» ад 1908 года.

«Дзе жыў гэты Янка, там двор блізка быў,
Туды схадзіць часам наш Янка любіў,
Але — не на працу, а так сабе, — знаць,
Пабыць з панічамі, жыццё іх пазнаць.
І добра пазнаў ён іх гэта жыццё,
Бо стала нямілым яму сваё ўсё.
А толькі, як Янка ні корчыўся ўвесь,
Ніяк цераз панскі парог не пралез;
Ні хорт і ні выжал цяперака стаў,
Ад вёскі адбіўся, у палац не папаў.
У вёсцы ўсім страшны, глядзіць, нібы пан,
У двор жа як прыдзе — такі самы хам».

«Браткі! Тут зямля такая!»

Гэта выраз з твора Максіма Танка «Казкі пра Музыку» за 1938 год.

«Ішлі слугі цара дзень і ноч:
І пры сонцы,
І пры месяцы высокім;
То лесам,
То полем,
То гарой,
То сухадолам глыбокім.
Аж пачулі, нехта недзе грае,
Толькі дзе і хто —
Не бачаць,
Хоць ідуць
На дзіўны голас краем
Ноч і цэлы дзень гарачы.
Адзін кажа:
— Можа, гэта здань?
Другі:
— Мо трава спявае?
Толькі трэці,
Прытуліўшы вуха,
Кажа:
— Браткі! Тут зямля такая!..»

беларускія афарызмы

Афарызм «Свінтус грандыёзус». Выява створаная штучным інтэлектам

«Быў бы талент — знойдзецца пасада»

Гэта цытата з паэмы Аляксея Русецкага «Другі пачатак» за 1958 год. Русецкі нарадзіўся на Магілёўшчыне ў пачатку XX стагоддзя. Удзельнічаў у Другой сусветнай вайне на некалькіх франтах, браў удзел у разгроме Японіі. Пасля вайны звязаў сваю кар’еру з літаратурай.

«Праўду здабываць трэба з боем»

Гэтыя словы кажа рэвалюцыянер Галубовіч — герой аповесці Якуба Коласа «На ростанях».

«Аляксандр закрануў якраз тое пытанне, што даўно займала Андрэя. Лабановіч падумаў, паківаў галавою.

— Эх, дружа мой! — сказаў ён. — Калі б мы мелі такія вагі, дзе можна было б узважваць добрае і благое! Тады паставілі б на дарогах слупы з надпісамі: налева — праўда, направа — хлусня. І так лёгка б стала хадзіць па свеце, затое, відаць, было б нудна і нецікава.

— Гатовай праўды захацелася? — прамовіў Галубовіч. — Не, брат, праўду здабываць трэба з боем. А гэта не так проста, як малююць балбатуны-анархісты: шах-мах — скінулі цара, і кожны сам сабе сіла і права. Можа табе гэта да спадобы?»

«Вялікая справа — паставіць чалавека на сваё месца»

Гэта крыху перафразаваны выраз з артыкула Кандрата Крапівы «Што мне рупіць» за 1933 год.

«Нашы газеты амаль штодня даюць нам прыклады і прозвішчы дурняў рознага гатунку, якія выпадкова апынуліся не на сваім месцы, і чым вышэй гэта месца, тым смяшней выглядае дурань, тым далей ён відаць. Гэта вялікая справа — паставіць чалавека ці рэч на сваё месца. Для ілюстрацыі свае думкі я прывяду тут невялікую аналогію. Аглоблі, напрыклад, калі ў іх запрэжаны конь, не выклікаюць у нас ніякіх асаблівых эмоцый, але аглобля ў руках крытыка дае ўжо значны эмацыянальны эфект. Я веру ў тое, што мы хутка зусім дасканала навучымся ўлічваць здольнасці і падрыхтаванасць чалавека да тае ці іншай працы».

«Дзень вяселля назначылі, ды вяселля не бачылі…»

Гэта выраз з апавядання вершам Якуба Коласа «Батрак» за 1910 год.

«І вось потайкам, цішком
Ўсё яны абмеркавалі,
Гладка ўсе канцы схавалі,
Справа стала за папом.
Тым жа часам Гуль Кандраці
Са сватамі пʼе ў іх хаце,
Вусы круцячы рудыя, —
Што-та, моў, за я! Куды я!
Банадыся ж прытоена
Сядзіць на тых запоінах,
Далёкая ад Кандрата
І ад дома і ад свата.
Дзень вяселля назначылі,
Ды вяселля не бачылі…»

«Дум не скуеш ланцугамі»

Гэта таксама перафразаваны радок, які многім вядомы, падарыў Янка Купала ў паэме «Курган» у 1910 годзе.

«Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі».

беларускія афарызмы

Афарызм «Жаба ў каляіне». Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам

«Жаба ў каляіне»

Гэта назва байкі Кандрата Крапівы ад 1927 года. Жаба ў каляіне — гэта ўвасабленне эгаістычнага і кепскага, якое стае на шляху магутнага і прагрэсіўнага.

«Бачыць жаба, што па дарозе едзе вялізны воз, і
Апанавала жабу злосць,
І падказаў ёй жабін розум:
«Ага, ну-ну!
Ты пажыві яшчэ хвіліну, —
Вось толькі сяду ў каляіну,
Плячом пад кола таркану
І к чорту воз перавярну.
Тады — капут, і ты мяне не зловіш,
Бо галаву, напэўна, зломіш».
І — скок жабоцька смела
Ды ў каляіну села.
Тут колам — хрась!..
І кроў і гразь…»

«За радок — гадок»

Гэта фраза Валянціна Таўлая ў яго творы «Аб маіх вершах» за 1941 год. Так ён пісаў пра беларускіх пісьменнікаў, якія працавалі ў Заходняй Беларусі пры польскай уладзе.

«Пракурор праз кодэкса артыкул
углядаўся ў кожны мой радок,
нават пальцам асцярожна тыкаў
і ацэньваў: за радок — гадок».

«Людзьмі звацца»

Выраз з вядомага верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

«А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца».

«Мне Загібелька лепш Парыжа»

Гэта апошні радок з верша Якуба Коласа «Загібелька» за 1935 год. Агулам, гэта цэлая гісторыя, як гэта фраза ўтварылася. Усё пачалося з таго, што ў 1935 годзе Якуб Колас наведаў Парыж на Сусветным кангрэсе культуры. Пасля кангрэса ён дзяліўся сваімі ўражаннямі ад Парыжа, Булонскага парка і Сены.

Кандрат Крапіва ведаў, што Колас любіць адпачываць у вёсцы Загібелька ў Пухавіцкім раёне і збіраць там грыбы. Крапіва напісаў эпіграму «Інтэрв’ю Якуба Коласа» ў газеце «Літаратура і мастацтва».

«Быў я ў Парыжы на кангрэсе, —
То ў Загібельцы, браце, лепш:
Грыбоў няма ў Булонскім лесе,
А ў Сене — хоць бы адзін лешч».

Колас хутка адрэагаваў на тое, што напісаў Крапіва. І таксама вершам.

«Быць можа я крыху дзівак,
Але люблю я Загібельку:
Там кожны хвойнік мне сваяк,
Там ясным днём надрэчны гак
Мне суліць ясную пасцельку.
На філасофскі часам лад
Настроіш думкі ты ў самоце.
Што ні кажы, наш край багат!
Балотам зробім шах і мат,
І будуць нівы на балоце.
Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжай,
Збіраючы баравікі, —
То вывад я раблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа».

беларускія афарызмы

Афарызм «За радок — гадок». Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам

«Мой родны кут, як ты мне мілы!»

Напэўна, гэтую фразу ведаюць усе беларусы. Яе аўтар — Якуб Колас, які напісаў яе напачатку «Новай зямлі».

«Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю».

Дарэчы, гэты шырокавядомы беларусам радок узяў за эпіграф Пятрусь Броўка да паэмы «Беларусь». А яшчэ так жа называецца нарыс Янкі Брыля за 1958 год. Выраз «Мой родны кут, як ты мне мілы» выкарыстоўвалі і Максім Танк, і Ілья Гурскі.

«Прафесар велькіх букваў»

Гэта іранічны выраз Ядвісі ў дачыненні да настаўніка Лабановіча ў рамане Якуба Коласа «На ростанях». Так Лабановіча называла не толькі Ядвіся, але і іншыя персанажы твора.

«Пан падлоўчы весела павітаўся са сваім суседам, узяў яго пад руку і павёў да панны Людмілы.

— Проша быць знаёмымі: пан Лабановіч, прафесар велькіх букваў».

«Свінтус грандыёзус»

Гэта выраз з камедыі Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошні». Выраз абазначае сутнасць героя Гарлахвацкага — нахабнага і грубага невука.

Гарлахвацкі прымушае свайго падначаленага Тулягу напісаць навуковую працу па палеанталогіі, каб выдаць яе за ўласную навуковую прадукцыю. Туляга з дапамогаю калектыва разабраўся, што Гарлахвацкі — невук і прайдзісвет, і напісаў па знойдзенай на дварэ костцы даклад аб жывёліне, якая жыла некалькі тысячагоддзяў назад, зрабіў апісанне яе, вызначыўшы нават памер, і назваў — мамантаваю, або іспалінскаю, свіннёю. Гарлахвацкі выступае з паведамленнем пра свае «навуковыя поспехі» і «адкрыцці». Яму прапануюць назваць «мамантавую свінню» па-латыні. Гарлахвацкі, адгарнуўшы старонку даклада, чытае:

— Свінтус грандыёзус.

Выраз прагучаў як ацэнка самога Гарлахвацкага.

«Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць»

Такімі словамі заканчваецца верш Алеся Звонака «Пад небам поўначы далёкай».

Чытайце таксама:

Госці ў хату — свінні рады. Што значаць беларускія прыказкі

Што такое любецкі лемент?

Байструк, сыновец, адроддзе. Як беларусы называюць членаў сям’і ў розных кутах краіны

Клас
42
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
8