Ігар Сергеенка

Ігар Сергеенка

Адміністрацыя Лукашэнкі адказвае за кадравыя пытанні ў цывільнай частцы сістэмы, а таксама за кантроль выканання яго даручэнняў.

Папярэдні кіраўнік, кэдэбіст Ігар Сергеенка, дапамог Лукашэнку перажыць складаны пачатак 2020-х і атрымаў прызначэнне на менш напружную, але таксама адказную работу ў Палату прадстаўнікоў, на восьмым скліканні якой Лукашэнка ўжо не той падцягнуты і малады палітык, якім быў падчас першага.

Фармальна сістэма жыве без начальніка Адміністрацыі Лукашэнкі з 22 сакавіка (калі Сергеенка ўступіў у новую пасаду), а фактычна нашмат даўжэй. 

Чаму Лукашэнка не прызначае новага?

«Наша Ніва» раней называла імёны верагодных пераемнікаў: Топ-4 кандыдаты ў новыя кіраўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі пасля сыходу Сергеенкі

За гэты час часцей за ўсё з'яўляецца побач з Лукашэнкам Максім Рыжанкоў. Гэта ён цяпер адказвае за кадры. 

«Пры разглядзе кадравых пытанняў Лукашэнка звярнуўся да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Максіма Рыжанкова, які прадстаўляў кандыдатаў на пасады кіраўнікоў мясцовай вертыкалі […]», — цытуе Лукашэнку БелТА. 

У іншым месцы Рыжанкоў ужо адказны за прамысловасць і строга глядзіць на кіраўніка БелАЗа. 

У іншым — займае сваё месца сярод іншых роўных, пакуль менш статусныя прадстаўнікі рэжыму разбітыя ў сваіх групках. 

Некалькі нашых інфармаваных мінскіх суразмоўцаў лічаць, што актыўнасць Рыжанкова ў розных сферах тлумачыцца тым, што Лукашэнка яго тэсціруе.

«Калі не ведаеш, каго прызначаць — прызначай першага намесніка. Гістарычная формула прыняцця складаных кадравых рашэнняў у беларускай дзяржаве, калі за кандыдатур збоку няма «хадакоў», — выказаўся адзін з нашых суразмоўцаў. — А ў справе прызначэння кіраўніка сваёй Адміністрацыі ніхто Лукашэнку «сваёй» кандыдатуры не падкажа, вырашае ён сам.

Думаю, прыглядаецца, як спраўляецца Рыжанкоў, каб быць спакойным, што прыняў правільнае рашэнне», — кажа былы чыноўнік.

Максім Рыжанкоў

Максім Рыжанкоў

«Думаю, некалькім людзям адначасова было сказана «ты можаш быць наступным, праяві сябе». І вось Лукашэнка глядзіць, як яны з запаленымі вачыма бегаюць і спрабуюць прадэманстраваць нейкі поспех. Думаю, ён бы таемна хацеў, каб яны заўсёды так «рвалі».

Але зноў жа, у «складаныя» часы Лукашэнка больш схільны давяраць людзям у пагонах, а Рыжанкоў добры і на пазіцыі першага намесніка.

Таму я б не сказаў, што Рыжанкову гэтая пасада гарантаваная. З іншага боку, знайсці новага Сергеенку сярод людзей у пагонах цяпер няпроста, сімуляцыя працы іх сапсавала», — дадае іншы чыноўнік. 

Чытайце таксама:

Стала вядома, колькі зарабляе кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі

Як складаліся лёсы былых кіраўнікоў Адміністрацыі Лукашэнкі

Сядзеў на нарадзе хворым і баяўся надзець маску. Чым запомніўся Сергеенка, якога выпраўляюць з Адміністрацыі Лукашэнкі

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4