Канферэнцыя Каліноўскага ў Вільні праходзіць 22-23 сакавіка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Канферэнцыя Каліноўскага ў Вільні праходзіць 22-23 сакавіка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці канферэнцыі. Яна заклікала захоўваць пытанне Беларусі на парадку дня. Таксама Ціханоўская падкрэсліла важнасць дапамогі Украіне і адзначыла: Беларусь — самае слабое звяно пуцінскай вайсковай машыны. 

«Сёння ў нашым рэгіёне зноў вырашаецца лёс свабоды, дэмакратыі і права народаў на самавызначэнне. Ён вырашаецца на франтах Украіны. Ён таксама вырашаецца ў Беларусі, у Малдове. І зноў мы супрацьстаім той жа самай імперыі», — прамаўляла Ціханоўская.

Канферэнцыя Каліноўскага ў Вільні праходзіць 22-23 сакавіка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Канферэнцыя Каліноўскага ў Вільні праходзіць 22-23 сакавіка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Імперыя спрабуе знішчыць не толькі права нашага народа на незалежнае жыццё, але і саму яго ідэнтычнасць — мову, культуру, гістарычную памяць, еўрапейскія каштоўнасці. Расіяне робяць гэта для таго, каб аблегчыць і апраўдаць далейшую агрэсію».

З пасланнем выступіў таксама камандзір палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт» Прохараў.

«Сёння беларусы праліваюць кроў за Украіну, бо толькі перамога Украіны дасць шанец на вызваленне Беларусі і засцеражэ краіны Еўропы ад расійскай агрэсіі ў найбліжэйшай будучыні», — адзначыў ён. 

Падчас адной з дыскусій выступіў палітык Анатоль Лябедзька. Ён заўважыў, што ў Пуціна ёсць стратэгія па Беларусі — захапіць яе, у той час, калі ў Вашынгтона і Брусэля канкрэтнай стратэгіі па нашай краіне няма.

«А гэта азначае, што мы павінны канстатаваць: на беларускім фронце перамагае Пуцін. Пуцін мае не толькі шчыльную супрацу са сваім ідэалагічным братам Аляксандрам Лукашэнкам — Пуцін адкрыў дзверы навучальных устаноў для маладых беларусаў, Пуцін зрабіў максімальна ліберальным прававое становішча беларусаў у Расіі. Ці маем мы такія крокі з боку нашых сяброў з Захаду? Пытанне рытарычнае», — разважаў ён.

Лябедзька выказаўся, што стратэгічны дыялог з Вашынгтонам і Брусэлем трэба напаўняць канкрэтнымі дзеяннямі, зафіксаваць перспектыву інтэграцыі Беларусі ў ЕС.

«Недапушчальна скарачэнне падтрымкі масмедыя ў сітуацыі, калі ідзе інфармацыйная вайна, мы самі страляем сабе ў нагу», — дадаў Лябедзька.

Кіраўніца дэпартамента МЗС Германіі ў справах РФ і Беларусі Моніка Ленхард заўважыла, што ЕС павінен спрыяць таму, каб беларусы маглі ездзіць па свеце.

«Тыя людзі, якія выступаюць супраць рэжыму, супраць агрэсіўнай вайны Расіі — каб яны маглі падтрымліваць сувязь. Гэта простыя грамадзяне, якія не маюць нічога агульнага з рэжымам. Гэта азначае, што паездкі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам павінны быць магчымы».

Намеснік старшыні Камітэта замежных спраў літоўскага Сейму Гедрус Сурпліс адзначыў, што трэба і далей падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы.

Ён таксама заўважыў, што беларусы штогод па 3 млн разоў перасякаюць мяжу з Літвой.

«У часткі насельніцтва Літвы гэты выклікае напружанне», — адзначыў ён. І дадаў, што яны сутыкаюцца з выклікамі для нацыянальнай бяспекі. «Трэба аказваць падтрымку краінам-членам ЕС, у якіх засяроджаны беларускія дэмакратычныя сілы», — казаў ён. 

Трансляцыя канферэнцыі даступна анлайн.

Канферэнцыя Каліноўскага — гэта штогадовы круглы стол вядомых сусветных лідараў і экспертаў пра будучыню Беларусі як частку еўрапейскай сям'і. Упершыню прайшоў у Вільні 24 жніўня 2020 года. 

Чытайце таксама:

У Літве абмяркоўваюць, ці не ўнесці паняцце «ліцвінізм» у Крымінальны кодэкс

Дзе пройдуць імпрэзы да Дня Волі. Расклад і адрасы

Святлана Ціханоўская адкрыла Дзень Беларусі ў Еўрапарламенце

Клас
6
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5