Старт карабля «Саюз МС-25» намечаны з Байканура на сёння, 21 сакавіка, у 16:21 (па мінскім часе). У складзе экіпажа, акрамя Васілеўскай, касманаўт Алег Навіцкі і астранаўт NASA Трэйсі Дайсан.

Як расказаў прадстаўнік акадэміі навук, яны зацікаўлены ў правядзенні навуковых эксперыментаў і даследаванняў у космасе. На МКС ёсць спецмодуль «Навука», дзе можна праводзіць даследаванні. Там, паводле яго слоў, устаноўлены і беларускія прыборы, піша «Спутнік». 

У чым сутнасць праектаў

Два праекты — грамадска-адукацыйныя. У прыватнасці, падчас палёту мяркуюцца кантакты і зносіны касманаўтаў з арбіты са школьнікамі і студэнтамі. «Такія зносіны будуць карыснымі для дзяцей, дадуць магчымасць прыцягнуць моладзь да атрымання новых ведаў, да занятку навукай і космасам», — растлумачыў ён.

Астатнія пяць праектаў будуць навуковымі.

Так, НАН паставіла перад Васілеўскай задачу зняць пэўныя ўчасткі зямлі Беларусі, каб у акадэміі маглі супаставіць вынікі, здымкі са станцыі, са спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі, з самалёта, беспілотніка і наземную інфармацыю. Як растлумачыў Віцязь, гэта дасць магчымасць прааналізаваць змяненні, якія адбываюцца, і больш дакладна апрацоўваць інфармацыю.

Яшчэ адно заданне тычыцца мікрабіялогіі, вывучэння бактэрый, іх уплыву ў космасе на людзей, матэрыялы, оптыку і радыёэлектроніку, а таксама змены мікрабіёма чалавека ў космасе і па вяртанні з палёту.

Таксама плануецца вывучыць змяненне ўласцівасцяў лактаферыну ў касмічных умовах. Акрамя таго, ёсць даследаванне, якое спланавана інстытутам фізіялогіі, — яно датычыцца аналізу стану чалавека ў космасе.

Яшчэ адно даследаванне спатрэбіцца інстытуту мясамалочнай прамысловасці для вывучэння ўплыву некаторых прадуктаў на арганізм.

Стане першай беларускай у космасе

Васілеўская павінна стаць першай у гісторыі незалежнай Беларусі жанчынай, якая стала ўдзельніцай касмічнага палёту.

Марына Васілеўская нарадзілася 14 верасня 1990 года ў Менску. Яна скончыла школу нумар 151. З 2017 года працавала бортправадніцай-інструктарам авіякампаніі «Белавія». 

Рашэнне аб тым, што прадстаўнік Беларусі адправіцца ў космас на расійскім караблі, было прынята па просьбе Лукашэнкі ў Пуціна. У снежні 2022 года, з некалькіх тысяч прэтэндэнтаў абралі шэсць чалавек. Яны накіраваліся ў расійскі Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў, дзе прайшоў ужо фінальны этап. 

У маі 2023 года вырашылі, што асноўным касманаўтам будзе бортправаднік «Белавія» Марына Васілеўская, а яе дублёрам — дзіцячы хірург Анастасія Лянкова. 

Запуск карабля будзе прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння першага касманаўта Юрыя Гагарына.

Для Навіцкага, які таксама ўраджэнец Беларусі, гэты касмічны палёт стане чацвёртым. У суме ён правёў на МКС 531 суткі і 23 гадзіны, здзейсніў 3 выхады ў адкрыты космас.

Для Дайсан гэты палёт стане трэцім. На сённяшні дзень яна правяла на МКС 189 сутак і 23 гадзіны, тры разы выходзіла ў адкрыты космас.

Васілеўская і Навіцкі правядуць у космасе 12 дзён.

Чытайце таксама:

Лукашэнка вызначыў статус беларускіх касманаўтаў. За даброты трэба плаціць лаяльнасцю

Лукашэнка хоча стварыць сваю Церашкову

Стала вядомая чарговая дата, калі беларуску маюць запусціць у космас

Клас
6
Панылы сорам
14
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
6