Многія карыстальнікі досыць цёпла адгукаліся пра задумку сям'і і пісалі словы падтрымкі. Аднак сярод каментатараў былі і такія, якія іранічна спрабавалі падлічыць патэнцыйную выручку або праракалі, што пара не зможа прадаць такую колькасць кветак і знізіць цану да 30 капеек. Хто ж меў урэшце рацыю?

Пара выглядае трохі стомленай. Яшчэ б — усе перадсвяточныя дні і 8 сакавіка яны спалі ўсяго па 3 гадзіны ў суткі. На пытанне, як поспехі з продажамі, Канстанцін і Алена радасна адказваюць, што іх выдаткі акупіліся. Амаль усе кветкі ўдалося прадаць. Усяго ў іх было два пункты продажу — у Валожыне і Мінску.

«Частку цюльпанаў мы рэалізавалі ў сталіцы самастойна, частку аддалі оптам майму брату, і ён прадаваў іх у Валожыне. Людзей у каментарах вельмі цікавіла, ці заплацілі мы падаткі. Вядома, усё было афіцыйна, з падаткам і неабходнымі дакументамі», — дзеліцца Канстанцін.

Пара адзначае, што ў іх першапачаткова не было мэты «зрубіць бабла» на кветках, імі рухалі цікаўнасць і азарт.

«З сямі тысяч кветак мы прадалі практычна ўсё, у нас засталося літаральна пару сотняў, якія і пасля 8 сакавіка яшчэ прадавалі ахвотным. Гэта вельмі добры вынік, бо першапачаткова мы перажывалі, што атрымаецца прадаць зусім маленькую колькасць», — дадае Алена.

Асцярогі сям'і Зарубежнавых не пацвердзіліся. Рэклама ў інстаграме, а таксама відэа, якое завірусілася ў тыктоку, у разы павялічылі колькасць патэнцыйных пакупнікоў. Некаторыя спецыяльна шукалі менавіта іх пункт продажу і падыходзілі са словамі: «О, вы ж тыя самыя людзі, мы бачылі вас у інтэрнэце. Будзем купляць толькі ў вас».

«Было нечакана і прыемна. Таксама мы атрымалі шмат падтрымкі і цёплых слоў, як ужывую, так і ў інтэрнэце. Не думалі, што гэта будзе так успрынята аўдыторыяй. Людзі ў Беларусі як адна вялікая сям'я, усе свае, родныя», — адзначае Алена.

Але і без лыжкі дзёгцю ў каментарах не абышлося.

«Мне асабіста было смешна, калі ў інтэрнэце людзі лічылі нашу патэнцыйную выручку і аднекуль узялі лічбу ў 28 тысяч рублёў. Насамрэч яно так не працуе. Па-першае, частку цюльпанаў мы аддалі оптам, таму што рэалізаваць 7 тысяч кветак з аднаго пункту продажу немагчыма нават у Мінску.

Таксама цэны ў нас былі ніжэйшыя, чым у многіх прадаўцоў. На першай стадыі перадзамоў нашы цюльпаны каштавалі ад 2,7 да 3 рублёў. 6, 7 і 8 сакавіка мы прадавалі іх па 3,5 рубля. У Мінску некаторыя прадаўцы і па 5 рублёў за кветку прасілі. Так што ні пра якія 28 тысяч гаворка не ідзе», — падкрэсліваюць Зарубежнавы.

«Яшчэ людзі, мабыць, забыліся, што гэта велізарная праца. За гэты перыяд мы стаміліся жудасна. Спалі па 3 гадзіны ў суткі, увесь астатні час былі на нагах. Акрамя рэалізацыі, у нас у гэтыя дні ішла зрэзка пазнейшых гатункаў. У 19-20 гадзін мы вярталіся дадому і потым да гадзіны ночы зразалі кветкі, пакавалі. А ў 4 раніцы ўжо зноў трэба было ўставаць — і ўсё па-новай. На дваіх гэта вельмі вялікі аб'ём работ. Я да гэтага часу прадаю цюльпаны ў сне», — смяецца Алена.

Тым не менш, сям'я вельмі рада, што ў цэлым усё прайшло паспяхова і іх шматмесячная праца не прапала дарма.

«Мы хацелі б выказаць падзяку людзям, якія нас падтрымлівалі і верылі ў нас. У першую чаргу, нашым бацькам, а таксама цётцы Алены — без яе ў нас бы нічога не атрымалася. Дзякуй майму брату і астатнім блізкім. І, вядома, шчырая падзяка ўсім, хто купляў у нас цюльпаны. Дзякуй, што выбралі нас», — з усмешкай сказаў Канстанцін.

Сям'я плануе крыху адпачыць ад такога актыўнага рытму апошніх тыдняў і рухацца далей:

«Гэта адназначна была рызыка, і прыемна, што ўдалося адбіць свае ўкладанні. Пра канкрэтныя планы на наступны год пакуль казаць рана, але мы вырашылі, што будзем спрабаваць зноў».

Чытайце таксама:

Дзе таннейшыя цюльпаны — у прадаўцоў на вуліцы ці ў краме? 

«Мы з імі няньчыліся, як з дзецьмі». Сям'я з Валожына вырасціла ў сябе дома 7 тысяч цюльпанаў на продаж

Беларус ператварыў адзін з пакояў у цяпліцу і вырошчвае там цюльпаны на продаж

Клас
46
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
6