Джо Байдэн. Фота: Andrew Harnik / AP

Джо Байдэн. Фота: Andrew Harnik / AP

Згодна з прагнозамі, прэзідэнт Джо Байдэн атрымае ўпэўненую перамогу на праймерыз Дэмакратычнай партыі ў Мічыгане, нягледзячы на тое, што многія яго прыхільнікі незадаволеныя пазіцыяй адміністрацыі ў дачыненні да вайны ў Газе, піша Бі-бі-сі.

Хоць Байдэн набірае каля 80% галасоў, колькасць пратэсных «нявызначаных» галасоў (гэта значыць тыя, хто не падтрымаў ніводнага з кандыдатаў), перасягнула чаканні аналітыкаў.

Як адзначаюць эксперты, справа ў тут галоўным чынам у пазіцыі ЗША па канфлікце ў Газе.

ЗША — галоўны саюзнік Ізраіля, які дае яму мільярды даляраў вайсковай дапамогі. У лютым ЗША ўжо трэці раз наклалі вета на рэзалюцыю ААН, якая заклікае да неадкладнага спынення агню ў Газе, і прапанавалі свой уласны праект, які заклікае да часовага спынення агню.

Пазіцыя ЗША абурыла многіх, у тым ліку ў Дэмакратычнай партыі, якія хочуць, каб прэзідэнт заняў больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Ізраіля.

Байдэн падзякаваў «кожнаму жыхару Мічыгана, які сёння аддаў свой голас».

У сваёй заяве Байдэн не згадаў тых, хто вырашыў не падтрымаць яго, адзначыў дасягненні сваёй адміністрацыі ў штаце і пачаў атаку на свайго суперніка Дональда Трампа, які таксама, падобна, лёгка перамагае на рэспубліканскіх праймерыз у Мічыгане, якія прайшлі ў аўторак.

Пасля падліку амаль паловы галасоў дэмакратаў Байдэн атрымаў 80%, а «нявызначаныя» — 13%. Па даных кампаніі Edison Research, пасля падліку 58% галасоў рэспубліканцаў Трамп атрымаў 67%, а яго адзіны канкурэнт Нікі Хэйлі — 27%.

Вынікі праймерыз, якія ўжо прайшлі, прадказваюць матч-рэванш паміж Байдэнам і Трампам на прэзідэнцкіх выбарах восенню.

Мічыган лічыцца ключавым штатам са штатаў, якія вагаюцца: у двух апошніх выбарах пераможца ў Мічыгане ў выніку займаў пасаду прэзідэнта.

У штаце пражывае больш за ўсё арабаў-амерыканцаў, і пазіцыя па Газе, падобна, каштавала Байдэну падтрымкі гэтай часткі электарату.

Гэта не першы выпадак, калі значная частка жыхароў Мічыгана вырашыла не галасаваць за канкрэтнага кандыдата. Каля 19 тысяч чалавек паступілі так на праймерыз 2020 года і больш за 21 тысячу — у 2016 годзе. А ў 2008 годзе іх было 238 тысяч — у тым годзе Барак Абама заклікаў іх галасаваць менавіта так, паколькі з-за партыйных рознагалоссяў не выставіў сваю кандыдатуру на праймерыз у штаце.

Гэтым разам удзельнікі кампаніі збіраюцца паслаць сігнал Байдэну: няма спынення агню — няма і галасоў.

Напярэдадні Байдэн выказаў надзею, што да панядзелка ў Газе наступіць паўза ў баявых дзеяннях: з'явіліся паведамленні аб некаторым прагрэсе ў непрамых перамовах з удзелам афіцыйных асоб Ізраіля і ХАМАС.

Ключавыя праймерыз пройдуць праз тыдзень у «Супераўторак», калі галасаванне пройдзе адразу ў 15 штатах.

Чытайце таксама:

Трамп перамог Нікі Хэйлі на праймерыз у яе родным штаце

99% — за Трампа. Пасля пераканаўчай перамогі ў Невадзе экс-прэзідэнт ЗША ўшчыльную наблізіўся да паўторнага вылучэння

Трамп нанёс вырашальны ўдар у Нью-Гэмпшыры. Але Нікі Хэйлі абяцае не здавацца

У Трампа засталася толькі адна суперніца перад выбарамі-2024. Хто такая Нікі Хэйлі?

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0