Аляксандр Ракіцкі расказваў пра сябе ў стрыме Еўрарадыё

Выехаў з Беларусі з-за пераследу

Раней публічнымі тварамі «Байпола» былі Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў. Далучэнне да аб'яднання новага супрацоўніка называецца ўмацаваннем каманды.

Аляксандру Ракіцкаму 50 гадоў. Ён нарадзіўся ў Маладзечне. Скончыў Акадэмію кіравання па спецыяльнасці «правазнаўства» і «знешняя палітыка і дыпламатыя». Мае класны чын «саветнік юстыцыі, дзяржаўны служачы 3-га класа».

«Нашай Ніве» ў «Байполе» удакладнілі, што Ракіцкі праслужыў у структурах пракуратуры 24 гады.

Службовую кар’еру ён пачаў з Мінскай транспартнай пракуратуры. Быў памочнікам пракурора і следчым. Затым перайшоў у Генеральную пракуратуру. Працаваў у міжнародна-прававым аддзеле, а таксама займаўся пытаннямі, звязанымі з наглядам за выкананнем пакаранняў.

Апошняе яго месца працы — Навукова-практычны цэнтр Генпракуратуры. Адтуль ён звольніўся ў 2021 годзе.

«Байпол» паведамляе, што ў маі 2021 года Ракіцкі быў выкліканы на допыт. У яго правялі вобшук. Нагодай сталі допісы, якія дыскрэдытуюць рэжым. Ён не стаў чакаць арышту і выехаў з Беларусі праз Маскву ў Кіеў.

Хацеў далучыцца да «Байпол» у 2022 годзе

Ва Украіне Ракіцкі быў валанцёрам грамадскага аб’яднання «Вільна Беларусь», а калі пачалася поўнамаштабная вайна, перабраўся ў Польшчу.

У 2022 годзе Ракіцкі выказаў жаданне далучыцца да «Байпола», але адказу не атрымаў. Толькі ў 2023 годзе Аляксандр Азараў прапанаваў яму ўступіць у арганізацыю.

Не дапушчаны да плана «Перамога»

Паводле Азарава, Ракіцкі прайшоў усе праверкі, акрамя паліграфа. Таму новы супрацоўнік не дапушчаны да сакрэтнай часткі плана «Перамога» і іншых сакрэтных мерапрыемстваў арганізацыі.

У арганізацыі чакаюць адмашкі партнёраў, каб праверыць Ракіцкага паліграфам.

Кажа, што пратэсты ў Беларусі цяпер немагчымыя

Аляксандр Ракіцкі называе тое, што адбываецца ў Беларусі, «утрыманнем улады неканстытуцыйным шляхам».

Узровень рэпрэсіяў дасягнуў такога маштабу, што робіць не магчымым пратэсныя акцыі. Таму людзі, якія не падтрымліваюць рэжым, павінны знаходзіцца ў бяспецы і рыхтаваць сябе да «часу Х», калі выспеюць неабходныя ўмовы, каб «зрынуць злачынны рэжым Лукашэнкі», казаў ён.

Прэсаванне палітвязняў характарызуе як злачынства супраць чалавечнасці

Ракіцкі расказаў, што ў Генпракуратуры цэлае ўпраўленне фармальна наглядае за тым, як выконваюцца пакаранні, але па сутнасці супрацоўнікі «выконваюць волю рэжыму».

Паводле яго словаў, зняволеных за палітыку пераследуюць маштабна, а таксама сістэмна ўжываюць катаванні і знарок ствараюць нялюдскія ўмовы ўтрымання.

Прэсаванне палітзняволеных ён ахарактарызаваў як злачынства супраць чалавечнасці.

Гаворыць пра рэпрэсіі супраць пракурорскіх

Ракіцкі даводзіў, што ў 2020 годзе супрацоўнікі пракуратуры ацэньвалі гвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў як злачынную дзейнасць. Яны адмаўляліся прадстаўляць дзяржаўнае абвінавачванне ў працэсах, не давалі санкцый на арышт і іншыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Ракіцкі запэўнівае, што пазіцыя шмат каго з пракурорскіх не змянілася.

Па яго словах, супрацоўнік пракуратуры, які мусіць прадстаўляць дзяржаўнае абвінавачванне на палітычным працэсе, павінен спачатку агучыць начальству сваё бачанне яго. Калі яно разыходзіцца з пазіцыяй «партыі і ўраду», то пракурор не дапускаецца да працэсу.

Нязгоднаму прапануецца скасаваць працоўныя адносіны.

Новы супрацоўнік «Байпол» казаў, што рэпрэсіі супраць пракурорскіх работнікаў пачаліся з 2020 года і працягваліся дастаткова працяглы час.

Склад генеральнай пракуратуры змяніўся мінімум на 70%. А ў навукова-практычным цэнтры з 35 супрацоўнікаў са складу 2021 года засталося толькі 5 чалавек.

Ракіцкі даводзіў, што генеральны пракурор Андрэй Швед на адной з леташніх нарадаў заяўляў аб наяўнасці ў пракуратуры вялікай колькасці здраднікаў. Імі ён лічыў тых супрацоўнікаў, якія аб’ектыўна ацэньваюць сітуацыю ў краіне з прававога гледзішча.

Знаёмы з «амбітным» Шведам

Ракіцкі сказаў, што знаёмы з Андрэем Шведам, які цяпер носіцца з выкрыццём злачынстваў, звязаных з «генацыдам беларускага народу». На ім засяроджаная ўвага, каб апраўдаць рэпрэсіі і адцягнуць увагу ад унутраных праблемаў.

«Нашай Ніве» Ракіцкі ахарактарызаваў Шведа, як амбітнага, уладалюбнага, кваліфікаванага службоўца.

«Ён хоча вярнуць кантроль над ваеннай пракуратурай, Следчым камітэтам ды ўсімі міністэрствамі. Каб Генпракуратура стала ключавым гульцом на палітычным полі ў Беларусі пад ягоным кіраўніцтвам», — адзначыў Аляксандр Ракіцкі.

***

«Байпол» быў створаны былымі сілавікамі ў 2020 годзе. У 2023 годзе ў арганізацыі адбыўся раскол. У выніку частка байполаўцаў стварыла сваю арганізацыю «Белпол».

Паводле словаў кіраўніка «Байпола» Аляксандра Азарава, большасць супрацоўнікаў аб’яднання не публічныя. Ён кажа, што за 2021-2022 год да абʼяднання далучыліся блізу 600 чалавек. Сярод іх ёсць і дзейныя сілавікі. Ядро арганізацыі знаходзіцца ў Варшаве. Супрацоўнікі раскіданыя па розных краінах.

Глядзіце таксама:

Вынеслі прысуд па справе «Байпола». Азараву далі 25 гадоў завочна

«Абавязацельствы выкананыя, мы спыняем маўчанне». Станіслаў Лупаносаў расказаў пра аўдыт «Байпола» і рэзка раскрытыкаваў былых паплечнікаў

Храналогія канфлікту ў «Байполе» — што за чым адбылося

Марзалюк згенераваў новую ідэю, як удасканаліць заканадаўства аб генацыдзе

Вярхоўны суд пачынае разгляд справы памерлага дзевяць гадоў таму Уладзіміра Катрука, якога абвінавачваюць у злачынствах у Хатыні

Клас
17
Панылы сорам
6
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?