У Франкла ёсць таксама маленькі зборнік твораў «Пра сэнс жыцця». Гэта падборка з трох лекцый псіхатэрапеўта, што былі прачытаныя ў Вене ў 1946 годзе. 

Псіхолаг пачынае з гутаркі пра сэнс і каштоўнасць жыцця. Пытанне пільнае — як у пасляваеннай Еўропе, так і цяпер, у ваенныя часы 21-га стагоддзя. Франкл разважае, што сучаснае светаадчуванне амаль не пакідае месца для веры ў сэнс, ужо не скажаш так упэўнена, як раней, пра чалавечую каштоўнасць і годнасць. 

Франкл, аднак, ставіцца да такога песімізму спакойна, хаця і мяркуе, што ён накладае пэўную адказнасць. На думку аўстрыйца, калі ты не верыш, што грамадства здольнае прагрэсаваць само сабой, што наперадзе аўтаматычна райскае жыццё, гэта толькі прычына ставіцца да жыцця актыўна:

«Няма такога прагрэсу, на які можна было б з поўным даверам паспадзявацца. І калі мы сёння не маем права сядзець склаўшы рукі, так менавіта таму, што ад кожнага з нас залежыць, што і як будзе «прагрэсаваць».

Вера ў асэнсаванасць жыцця, піша Франкл, мусіць быць непахіснай і безумоўнай, каб вынесці ўвесь зразумелы сёння скептыцызм і песімізм. Але ён верыць, што калі ні ў чым нельга быць упэўненым, нават у сваім жыцці, здароўі і дабрабыце, калі ўсё зводзіцца толькі да існавання і спальваецца ўсё няважнае, застаецца чалавек, на ім зыходзіцца ўсё. І ў такім стане ў чалавека застаецца магчымасць рабіць выбар, а дапамагчы ў гэтым можа наяўнасць Іншага — прыкладу чалавека, які ўласным прыкладам паказвае, як можна ажыццявіць ва ўласным быцці сэнс жыцця.

Чаго нам яшчэ чакаць ад жыцця пасля гаротаў апошняга часу? Гэта пытанне, якое Франкл прапануе перавярнуць на 180 градусаў: не мы мусім пытацца пра сэнс жыцця, гэта жыццё задае нам пытанне і нечага ад нас чакае.

Зразумець, чаго менавіта яно чакае — наша задача. Адказам можа быць пэўны асэнсаваны ўчынак, рашэнне ці зробленая праца. Рэч у свабодзе выбіраць стаўленне да таго, што з табой здараецца — і гэтая свабода, кажа Франкл, была нават у вязняў нацысцкіх канцлагераў. І яны маглі супрацьстаяць уплыву асяроддзя і ўмоваў, калі толькі не адмаўляліся ад гэтай свабоды дабраахвотна.

Надаць жыццю сэнс можна ў адданасці цудоўнаму, вялікаму і добраму, у любові, а таксама ў перажыванні пакутаў. Бо ад таго, як чалавек фарміруе сваё стаўленне да абмежаванняў, залежыць, наколькі ён можа ажыццяўляць свае каштоўнасці. У сумленні чалавека глыбока ўкарэненае разуменне, што пакуты — неад’емная частка нашага быцця, і мы ведаем, што менавіта ў такія сумныя моманты мы расцем.

Або мы змяняем лёс настолькі, наколькі гэта атрымліваецца, або дабраахвотна яго прымаем, наколькі гэта магчыма. У абодвух выпадках дзякуючы лёсу і няшчасцям магчымы ўнутраны рост, упэўнены Франкл. А яшчэ важна, што сэнс жыцця можа быць толькі канкрэтны для кожнага чалавека і кожнага этапу яго жыцця. 

Псіхолаг нагадвае: няма гарантый, што пэўныя нашы дасягненні перажывуць нас ці застануцца назаўсёды. Але калі мы здабылі ўнутраную напоўненасць жыцця сэнсам, яна ад нас нікуды не сыдзе. Можна лічыць, што ўсё бессэнсоўна, а можна выбраць веру ў выключную асэнсаванасць жыцця. Такая вера, лічыць Франкл, будзе ўвасабляцца ў жыццё адпаведнымі ўчынкамі, і так вера робіць праўдай тое, у што яна верыць. Выбар пэўнага спосабу думаць — гэта яшчэ і яго здзяйсненне.

Рэч яшчэ і ў тым, каб не страціць унутраны стрыжань, бо наступны крок пасля гэтага — заняпасці духам. Франкл піша, што гэтую апору можна знайсці або ў будучыні, або ў вечнасці. І перасцерагае ад абясцэньвання сваіх ці чужых пакутаў — маўляў, што там перажытае мной, калі ідзе вайна, а ў турмах сядзяць тысячы невінаватых:

«Чалавечыя пакуты не паддаюцца вымярэнню! Сапраўдныя пакуты запаўняюць чалавека цалкам і даастатку, цалкам яго спусташаюць».

І яшчэ:

«Па самой сваёй прыродзе пакуты, чалавечыя пакуты, пакуты канкрэтнага чалавека ўладкаваныя так, што іх «маштабы» вызначаюцца толькі самім чалавекам. Яны такія ж унікальныя і непаўторныя, як кожны ўнікальны чалавек».

Чытайце таксама:

«Хто ведае, навошта жыць, можа вытрымаць любое як». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як выжыць у турме

«Выбар»: як гісторыя яўрэйкі, што перажыла Халакост, можа нам дапамагчы

Як радавацца жыццю ў цяжкія часы (і нават за кратамі). Расказвае псіхолаг, які сам прайшоў лукашысцкія засценкі і пераасэнсаваў досвед Франкла

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?