Паліцэйскія, што былі задзейнічаныя ў вышуковай аперацыі. Фота: Каўнаская паліцыя

Паліцэйскія, што былі задзейнічаныя ў вышуковай аперацыі. Фота: Каўнаская паліцыя

У аўторак позна ўвечары пасля інтэнсіўных пошукаў была знойдзена зніклая ў Каўнасе ў нядзелю 9-гадовая Агота. Дзяўчынка была выкрадзена, а падазраванага затрымалі, піша Delfi.lt.

Паводле звестак паліцыі, падазраваны добра падрыхтаваўся да выкрадання, абсталяваў спецыяльны гараж, у ім і знайшлі дзяўчынку.

«Хочам парадавацца, гэта гісторыя поспеху. Дзяўчынка цяпер знаходзіцца ў Каўнаскай клініцы, пад наглядам дактароў. Падазраваны затрыманы», — сказаў на прэс-канферэнцыі ў сераду ўначы камісар Рэнатас Пажэла.

У затрыманні падазраванага ўдзельнічалі і супрацоўнікі антытэрарыстычнага атрада «Арас».

42-гадовы выкрадальнік трымаў дзяўчынку ў адным з гаражоў. Супрацоўнікі «Араса» ўварваліся ў гараж і надзелі на мужчыну кайданкі.

«Аперацыя была няпростай, у нас была інфармацыя, што мужчына можа быць узброены», — сказаў камісар. «Арас» быў падрыхтаваны да ўсяго. У гаражы быў заўважаны мужчына з дзяўчынкай. Былі дадзеныя адпаведныя каманды, на мужчыну надзелі кайданкі, ён быў затрыманы», — сказаў Пажэла.

Скрыншот відэа Delfi.lt

Скрыншот відэа Delfi.lt

На пытанне, ці аказваў мужчына супраціў, ён адказаў: «Мабыць, калі ўбачыў супрацоўнікаў «Араса» ўся смеласць прапала. Не было спробаў актыўна супраціўляцца, бегчы, нешта рабіць з дзяўчынкай. Можа, спрацаваў фактар нечаканасці. Ён падпарадкаваўся патрабаванням». Камісар сказаў, што гараж падазраванага быў не звычайным, а спецыяльна абсталяваным.

«Нам за кароткі час удалося раскрыць кваліфікаванае злачынства. У будучыні будзем нямала казаць пра яго. Нас чакае вялікая праца. Трэба высветліць, ці адзінае гэта злачынства, здзейсненае гэтым чалавекам. Затрыманне адбывалася ў гаражным масіве. Адносна недалёка ад месца выкрадання, 1,5 км, але знайсці гэтае месца было няпроста. Поспех абумоўлены спалучэннем тэхнічных сродкаў, нюху і досведу паліцэйскіх», — сказаў камісар.

Матывы падазраванага пакуль няясныя. Гаворка ідзе пра жыхара Каўнаса, які раней не быў судзімы, але неаднаразова быў пакараны ў адміністрацыйным парадку. Мужчына з дзяўчынкай ніяк не звязаны.

«Злачынства было здзейснена даволі кваліфікавана, мужчына не чакаў, што яго знойдуць. Некаторыя моманты нас здзівілі», — дадаў Пажала.

За выкраданне мужчыну пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 8 гадоў. Камісар яшчэ раз падзякаваў тысячам людзей, якія ўдзельнічалі ў пошуках дзяўчынкі.

«Гэта вестка патэнцыйным злачынцам — вамі зоймецца не толькі паліцыя», — сказаў камісар.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт ПСЖ хаваўся ў самалёце з-за абвінавачванняў у выкраданні чалавека

У Літве знайшлі выкрадзеных два тыдні таму дзяцей. Іх хацелі вывезці ў Беларусь

У Маскве выкралі жонку былога першага намесніка міністра абароны. У Расіі новы від тэлефоннага махлярства

Клас
83
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
13
Сумна
3
Абуральна
4