«Сядзіш на здымнай (сваёй) кватэры, нечым займаешся, робіш вылазкі ў гіпермаркет, на рэпетыцыю. Разумееш, што ў любы момант цябе могуць узяць «за былыя заслугі» (іх болей чым дастаткова), але, нібыта, усё ціха», — піша ў сваім фэйсбуку Лявон Вольскі.

Так мінаюць гады — на радзіме ты асабліва не адсвечваеш, а як выбіраешся за мяжу — тут ужо пачынаецца паўнавартаснае жыццё — феерычныя канцэрты, інтэрв'ю, шопінг, паход па злачных месцах з сябрамі… Вяртаешся дадому — і зноў — залягаеш на дно ў вёсцы на тыдзень, прыязджаеш у горад, едзеш у краму па прадукты, цягнеш іх на свой пяты паверх.

Трыважнавата, але ты прызвычаіўся да гэтае лёгкае трывогі, бо так жывеш не адзін год. Усё падказвае, што трэба з'язджаць, але ты ж любіш гэта ўсё — свой (а ён жа ж твой, праўда?) горад, гэтыя вуліцы, плошчы і скверы, гэтую вёску (яна ж таксама твая?), хату і вярбу за акном, якая вырасла з маленькае касцельнае галінкі, якую ты пасадзіў тут пятнаццаць гадоў таму. Ну, як усё гэта кінуць?

І што там, за мяжою, рабіць? Тут хоць нейкія карпаратывы ёсць, а там што? Невядомасць? Неяк не вельмі яно ўяўляецца — усё кінуць і ехаць у гэтую халодную невядомасць. Таму — хай усё застаецца пакуль як ёсць, а там паглядзім.

І калі прыходзіць гэтае там, ты чамусьці зусім да яго не гатовы, і глядзець ужо няма куды — адно ў жывельнавата-гопніцкія вочы губазікаўца ды аб’ектыў смартфона, замацаванага на прафесійным штатыве, адціснутым у адной незалежнай тэлестудыі…

Людзі застаюцца ў Беларусі. З розных нагодаў. Часцяком сам сабе не можаш патлумачыць чаму. Калі глядзець на ўсё гэта з-за мяжы — адразу відаць: рэальная смяротная небяспека! А калі ты ў РБ, дык неяк гэтае пачуццё, гэты інстынкт самазахавання прытупляецца.

І я выдатна разумею хлопцаў з Nizkiz, бо жыў такім жыццём не адзін год.

Трываласці вам, хлопцы! Веры і вытрымкі! Мы з вамі!

Чытайце таксама:

Затрымалі ўдзельнікаў гурта Nizkiz

Што за гурт Nizkiz, які амаль у поўным складзе затрымалі ў Магілёве

«Небяспечна, небяспечна, небяспечна…» Беларускі твітар шакаваны затрыманнем музыкаў з Nizkiz

Клас
48
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
19
Абуральна
6