Трох з чацвярых удзельнікаў беларускага рок-гурта Nizkiz затрымалі ў Магілёве, паведаміў міліцэйскі тэлеграм-канал.

Музыкі заставаліся ў Беларусі, нягледзячы на рэпрэсіі. Яны перыядычна выязджалі за мяжу граць канцэрты, але вярталіся. 

Затрыманыя вакаліст і аўтар песень Nizkiz Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Дзмітрый Халяўкін.

Песня Nizkiz «Правілы» стала хітом у 2020 годзе. Кліп на яе хутка сабраў больш за мільён праглядаў. Яго знялі на маршах пратэсту ў Мінску.

Увосень музыкі рагачоўскага гурта Tor Band былі асуджаныя на тэрміны ад 8 да 10 гадоў за свае песні.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы са звестак з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў.

Чытайце таксама:

«Мы тая кампанія, што нават з турмы зробіць цырк». Лідар гурта «Дети хрущёвок» расказаў пра пераслед за сваю творчасць

Топ беларускіх артыстаў, каго слухаюць у Spotify

«Усе, хто раней быў па-за палітыкай, апынуліся ў гэтай палітыцы па вушы». Што адбываецца з беларускімі музычнымі гуртамі

Клас
2
Панылы сорам
35
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
13
Абуральна
53