Як піша The Times, ізраільскія вучоныя правялі эксперымент, у часе якога высветлілі, як слёзы жанчын уздзейнічаюць на агрэсію мужчын. Папярэднія даследаванні паказалі, што жаночыя слёзы ўтрымліваюць хемасігнал (ферамон), які зніжае ўзровень тэстастэрону ў мужчын.

Вучоныя адзначылі, што яны не імкнуліся да збору выключна жаночых слёз. Проста так атрымалася, што на заклік аб донарстве слёз адгукнуліся адны жанчыны. Падчас першапачатковага тэста добраахвотнікам прапанавалі паглядзець сумны фільм на свой густ.

Затым былі адабраныя самыя плаксівыя, ад якіх былі сабраныя слёзы. Збор адбываўся пад час таго, як слёзы цяклі па шчоках. Для таго, каб выключыць уздзеянне хімічных рэчываў, якія маглі ўтрымлівацца ў скуры жанчын, фізіялагічнаму раствору таксама давалі магчымасць сцячы па шчоках перад зборам.

Затым групу мужчын папрасілі прыняць удзел у эксперыменце, накіраваным на вымярэнне агрэсіі ў адказ на правакацыю. Удзельнікам прапаноўвалі сыграць у камп'ютарную гульню, у якой прысутнічалі падзеі-правакацыі, калі ва ўдзельніка «несправядліва» адбіраліся грошы, і падзеі-помсты, калі ўдзельніку прадстаўлялася магчымасць адняць грошы ў суперніка без якой-небудзь асабістай выгады.

Перад пачаткам эксперыменту кожнаму прапаноўвалі 13 разоў з перапынкам у 35 секунд панюхаць пахі-стымулятары. Першыя тры разы — фізіялагічны раствор, наступныя 10 — раздражняльнік (слёзы ці сабраны фізіялагічны раствор). Пасля гэтага да верхняй губы ўдзельніка прымацоўвалася падушачка, насычаная слязьмі ці фізрастворам. Яна заставалася там на працягу ўсёй гульні.

Як адзначылі вучоныя, у 43,7% мужчын, якія нюхалі жаночыя слёзы, назіралася заўважнае зніжэнне агрэсіўных паводзін.

Для таго, каб высветліць, ці можа сістэма нюху чалавека неяк апрацоўваць хемасігналы слёз, у часе наступнай гульні мужчынам было праведзена МРТ-сканаванне мозга. Эксперымент паказаў, што дзве вобласці мозга, звязаныя з агрэсіяй, станавіліся больш актыўнымі, калі адбывалася правакацыя. Аднак яны не праяўлялі ніякай актыўнасці ў тых жа сітуацыях, калі мужчыны нюхалі слёзы.

Аўтары даследавання, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе PLOS Biology, дапускаюць, што падобны эфект могуць мець і слёзы моцнай паловы чалавецтва.

Вядома, што і хлопчыкі, і дзяўчынкі плачуць аднолькава. А ў выпадку немаўлят, якія не маюць вербальных сігналаў для стрымлівання агрэсіі, слёзы застаюцца адзіным эфектыўным спосабам. Папярэднія даследаванні на грызунах паказалі, што хемасігналы слёз зніжаюць агрэсію.

«Мы мяркуем, што слёзы — механізм млекакормячых, які забяспечвае хімічную абарону ад агрэсіі», — заяўляюць аўтары.

Чытайце яшчэ:

Звычку рана ўставаць людзям перадалі неандэртальцы — вучоныя

У трывожных бацькаў дзеці здольнейшыя — вучоныя

Мікрахімерызм сведчыць, што кожны з нас носіць часцінку іншага

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?