Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk

Сістэма адукацыі прыкметна рэфармуецца: нароўні са зменамі ўступнай кампаніі адбываюцца і іншыя ледзь прыкметныя метамарфозы.

Школам трэба зарабляць?

Пра тое, што са школы сыходзяць прыватнікі, бацька дваіх дзяцей Ігар (імя зменена на просьбу героя, яго кантакты ёсць у рэдакцыі. — Tochka.by) даведаўся ў маі 2022-га.

На працягу чатырох гадоў яго дачка хадзіла на каратэ, заняткі арганізавала прыватная ўстанова. Трэніроўкі для дзяўчынкі праходзілі нядрэнна: ездзіла на спаборніцтвы, абараніла жоўты пояс.

Але ў новым навучальным годзе працягнуць заняткі не атрымалася – іх выключылі са школьнага раскладу, кажа мужчына.

«Не магу дакладна сказаць, ці была гэта ініцыятыва школы, ці не. Але ў верасні мы знайшлі ў спісе толькі тыя гурткі, якія арганізуе дзяржустанова.

Плаванне вядзе фізрук, футбол таксама. Яно ў цэлым нядрэнна, але ўсе заняткі стандартныя, сышло нешта незвычайнае. Тое ж каратэ фізрук без пояса весці не зможа», — адзначае Ігар.

Альтэрнатывы заняткам каратэ ў прыватнай арганізацыі бацька дзяўчынкі не змог знайсці ні ў межах «храма ведаў», ні паблізу з ім. Плюс да ўсяго сама ідэя трэніровак на базе школы бацьку вельмі падабалася: ён лічыць, што ў дзяржустанове дзіця ў бяспецы.

Зараз дачка Ігара кожны тыдзень ходзіць у басейн на плаванне.

«Відавочна, што школам трэба зарабляць. Можа, таму так выйшла з кружкамі», — мяркуе ён.

Пры гэтым ён удакладняе, што за плаванне дачкі плаціць не трэба, а вось гурток сына па футболе цягне на Br90 за восем заняткаў на месяц.

«Нам не прапанавалі ніводнага бясплатнага факультатыва»

Сваёй гісторыяй падзялілася і Алена (імя зменена на просьбу гераіні, яе кантакты ёсць у рэдакцыі. — Tochka.by), маці двух дзяўчат з іншай мінскай школы.

Яна расказала, што летась яе дачка наведвала бясплатныя заняткі па ангельскай мове. Праўда, дзяўчынцы не вельмі падабалася, і Алена хадзіць не прымушала.

«Нам сказалі, што з-за вялікай нагрузкі ва ўсёй паралелі нам могуць прапанаваць толькі адзін гурток на бясплатнай аснове, але, калі хочам хадзіць кудысьці на платнай, абмяжоўваць не могуць», — адзначае наша гераіня.

У гэтым жа годзе гурток па ангельскай мове з бясплатнага ператварыўся ў платны, расказвае Алена. Праўда, выкладчыка, які вядзе заняткі, замянілі.

«Бянтэжыць тое, што на факультатыў ідуць дзеці з усіх груп па вывучэнні англійскай. Як з нізкім узроўнем ведаў, так і з высокім. Бо на гурткі ў нас дзеляць проста па алфавіце, не арыентуючыся на здольнасці вучняў. Так, напрыклад, у нас ёсць дзеці, якія чытаць не ўмеюць па-ангельску ў сярэдняй школе, а ёсць тыя, хто можа вучыцца на падвышаным узроўні. І на каго арыентуецца настаўнік?» — задае пытанне Алена.

Атрымліваецца, сёлета для класа дачкі суразмоўніцы не прапанавалі ніводнага бясплатнага факультатыва ці гуртка.

«Толькі для вучняў пачатковай школы бясплатныя танцы і вакал. Яшчэ настаўнік фізкультуры праводзіць заняткі па баскетболе, за іх таксама плаціць не трэба», — дапаўняе Алена.

Паводле яе слоў, раней у малодшай школе было вельмі зручна: пасля ўрокаў дзеці займаліся ў бясплатных гуртках. Зараз заняткаў, за якія не трэба плаціць, стала нашмат менш, заўважае жанчына.

«Калі дзіцяці сапраўды падабаецца дзесьці займацца, я гатовая плаціць. Але, напрыклад, у нас са школы прыбралі гурток па тэатральным майстэрстве. Яго вяла прыватная арганізацыя, дачцэ падабалася. Але цяпер у школе яны не працуюць», — распавядае жанчына.

Замест гэтага старэйшая дачка пайшла ў басейн. Заняткі — школьныя. Усё добра, але ёсць нюанс з абанементамі.

«Нават калі дзіця хварэе, усё роўна даводзіцца падаўжаць абанемент. Бо калі гэтага не зрабіць, яго аддадуць у продаж. І там ужо як пашанцуе: альбо яго выкупяць іншыя, альбо ён зноў дачакаецца дзіця. Прапушчаныя ж заняткі прапануюць адпрацаваць на працягу трох наступных месяцаў па жаданні, але гэта не са сваёй групай атрымліваецца», — апісвае сітуацыю Алена.

Праўда, кошт заняткаў тут дэмакратычны — менш за Br8 за 45 хвілін. У параўнанні з прыватнымі гэта ў два разы танней, гаворыць наша гераіня.

Прыватнікі не адпавядаюць патрабаванням

Пракаментаваць сітуацыю журналісты папрасілі Мінадукацыі. Адказ з ведамства атрымалі да моманту апублікавання ўказа № 380. Гэтым дакументам зацвярджаецца план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2024 год.

Так, у наступным годзе для Кодэкса аб адукацыі плануюць падрыхтаваць некалькі правак.

Адна з іх — улады збіраюцца выключыць індывідуальных прадпрымальнікаў з раздзелаў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі.

«Практыка прымянення заканадаўства аб ліцэнзаванні паказала, што ніводны індывідуальны прадпрымальнік у Беларусі не змог забяспечыць выканання даліцэнзійных і ліцэнзійных патрабаванняў да адукацыйных праграм», — сказана ў абгрунтаванні. 

Што гавораць у міністэрстве

У Мінадукацыі растлумачылі, што на дадзены момант атрымаць дадатковую адукацыю дзеці могуць як у дзяржаўных, так і ў тых прыватных установах, якія дзейнічаюць: 

«Прыватныя і іншыя ўстановы маюць права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць пры ўмове выканання Кодэкса аб адукацыі і іншых нарматыўных актаў, якія рэгламентуюць грамадскія адносіны ў сферы адукацыі».

Педагагічны ж склад такіх арганізацый павінен адпавядаць патрабаванням Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых. 

«Разам з тым неабходна звяртаць увагу, як правільна весці дзейнасць, і аргументаваць цэны, па якіх плацяць бацькі за наведванне такіх «урокаў», — адзначаюць у ведамстве.

Так, спецыялісты Мінадукацыі прывялі прыклад: калі прыватнымі ўстановамі заключана дамова арэнды на плошчу дзяржаўнай установы, то цана адной гадзіны заняткаў не павінна перавышаць узроўню 150 працэнтаў цаны адной гадзіны арэнды. 

Паводле звестак ведамства, зараз у краіне афіцыйна зарэгістравана 256 устаноў дадатковай адукацыі. За кошт сродкаў дзяржавы на іх базе працуе больш за 30 тыс. гурткоў і секцый, дзе займаецца звыш 360 тыс. хлопчыкаў і дзяўчатак.

Чытайце таксама:

Школьнік, якога нядаўна падставілі з «салігорскай гульнёй», сам затрыманы. Ён за капейкі займаўся падманнымі мініраваннямі аб'ектаў

Белаботы, расійскія лядовыя шоу і каты. Чым будуць забаўляць беларускіх дзяцей пад Новы год

Сілавікі пацвердзілі, што мінскі школьнік, які «пагражаў» разнёй у Салігорску, стаў ахвярай сватынгу

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
16