Двухмоўная беларуска-літоўская кніга вершаў Андрэя Хадановіча «Фантомныя радасці» (Fantominiai džiaugsmai) чытачамі партала прызнаная найлепшай паэтычнай перакладной кнігай года. За яе было аддана 19% галасоў тых, хто ўзяў удзел у галасаванні.

Другое і трэцяе месца з 13% галасоў тут падзялілі зборнікі вядомых літаратараў мінулага: амерыканца Чарльза Букоўскага і паляка Збігнева Херберта.

У конкурсе на найлепшае нон-фікшн выданне літоўскіх аўтараў кніга «Смакі Старой Вільні» (Senojo Vilniaus skoniai), адным з чатырох сааўтараў якой разам з літоўцамі Рымвідасам Лаўжыкасам, Антанасам Астраўскасам і Томасам Рымідзісам з'яўляецца беларус, адзін са сталых аўтараў «Нашай Нівы» Алесь Белы, заняла 3-е месца (9% адданых галасоў). Увесну гэтага года аўтар сам коратка прадстаўляў кнігу на «Нашай Ніве». 

Перамагла тут кніга Біруце Давіданіце і Давідаса Панцэраваса «Спікер і прэзідэнт», прысвечаная закуліссям літоўскай палітыкі (35%), а на 2-м месцы размясцілася праца Андруса Кляйвы «Што робіць Японія» (15%).

Урэшце, кніга беларускі-філосафа Вольгі Шпарагі «У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі» (Revoliucijos veidas moteriškas: Baltarusijos atvejis), якая ўдзельнічала ў намінацыі перакладнога нон-фікшну, спынілася ў адным кроку ад «п'едэстала» — у яе чацвёртае месца (9%).

Першую тройку тут склалі кнігі амерыканскай журналісткі Эн Апельбаўм «Чырвоны голад: вайна Сталіна супраць Украіны» (18%), амерыканскага пісьменніка Стывена Кінга «Пра пісьменства. Мемуары пра рамяство» (13%) і брытанскай пісьменніцы Алівіі Лэнг «Самотны горад» (12%). 

На гэтым, аднак, пакуль не канец. Чытацкае галасаванне дазволіла сфармаваць шорт-ліст з пяці найлепшых кніг у кожнай намінацыі, і цяпер за кожную з іх будуць галасаваць сябры экспертнай камісіі. Пераможцы будуць абвешчаныя 19 снежня.

Чытайце таксама:

«Кнігі-медытацыі сталі феноменам года ў Беларусі». Падвялі вынікі чытацкіх упадабанняў года

Як выдаць кнігу і яе прадаць. Парады рэдактаркі беларускага выдавецтва 

«Не вядзіцеся на павеўную моду — падглядаць за класікамі ў замочную адтуліну»

Клас
11
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2