З самага пачатку існавання «Мадэры» Юра раcставіў усе кропкі над «і» — яго рэзюмэ яскрава адлюстроўвала творчыя памкненні:

«Не ідучы за мясцовымі шкоднікамі-шоубізнэсменамі, «Мадэра Хард Блюз» увяла ў сваю праграму яшчэ больш нефарматныя творы. Нікога не баючыся, ні перад кім не сцелючыся, гурт рок-н-роліць шчыра, назло і на зайздрасць дакучлівым, няздатным прыстасаванцам, якія абрыдлі да млоснасці, да нудоты…»

Такая была ў яго радыкальная пазіцыя — ён не прымаў і адразу вылічваў штучнасць у творчасці. Не любіў афіцыйную эстраду, трываць не мог папсу. Заўсёды цікавіўся джазавай музыкай, быў у захапленні ад ранняга джаза і ад яго фенаменальнай папулярнасці ў простых людзей. Меў неверагодны музычны густ, добра ведаў і арыентаваўся на творчасць вельмі цікавых блюзавых і рокавых выканаўцаў.

Юра нарадзіўся 9 студзеня 1957 года ў Мінску. У 1979-м скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Акадэмія мастацтваў), вучыўся на аддзяленні керамікі.

Музыкай захапляўся з падлеткавага ўзросту, яшчэ ў школе стварыў гурт, які граў інструментальную музыку. З пачаткам вучобы ў інстытуце стаў граць у гурце «Антыквар», з якім супрацоўнічаў да 1984 года.

Што тычыцца джазавага кірунку, то гэтай музыцы Юра прысвяціў значны перыяд свайго жыцця. Граў у шмат якіх калектывах — напрыклад, у гурце «Стандарт», з якім удзельнічаў ва Усесаюзным джазавым фестывалі «Рытмы Хібін», што праходзіў у арктычнай зоне на Кольскім паўвостраве ў горадзе Апатыты Мурманскай вобласці ў 1982-м годзе. А ў 1983-м «Стандарт» з Юрыем Міхайлавым прымалі ўдзел ва ўсесаюзным джазавым фестывалі «Віцебская восень».

За савецкім часам «шчырую і правільную музыку» можна было граць бадай што толькі ў рэстарацыях. З 1983 па 1986 год Юра Міхайлаў граў у гурце Віталя Навіцкага ў культавай мінскай кавярні «Сузор’е» (адкуль, дарэчы, раней выйшаў знакаміты гурт «Сузор’е»). Падчас перабудовы, у часы гарбачоўскай адлігі, адкрыліся крыху іншыя магчымасці для музыкантаў — і Юра ў родным Мінску працаваў аж ад Ашхабадскай філармоніі. Але не толькі ў Мінску — у іншых гарадах СССР таксама, напрыклад, у Маскве і ў Сочы.

 «Рэстарацыйны перыяд»

 «Рэстарацыйны перыяд»

Напрыканцы 1980-х выступаў у знакамітым калектыве Авеніра Вайнштэйна «Беларускі дыксіленд». Гітарыст Міхайлаў быў крыху ў незвычайным для сябе амплуа — граў на банджа рэпертуар ад Луі Армстранга да Джэймса Браўна і Рэя Чарлза. Дарэчы, фірмовую «Песеньку пра дыксіленд» аўтарства Вайнштэйна выконвала Алёна Свірыдава — пазней суперзорка на ўсёй постсавецкай прасторы, — якая супрацоўнічала з калектывам у той жа час, калі там граў і Юрый Міхайлаў.

Быў пэўны час, калі Юра музыкай актыўна не займаўся, а ў 1996-1997-м годзе пачаў граць у гурце Bros. In Blues з братамі Казлоўскімі (Андрэй — сола-гітара, спеў і Аляксей — бас-гітара, спеў) ды з іхным неразлучным калегам на барабанах Андрэем Філатавым (усе экс-«Сузор’е»).

Менавіта тады, у 1996-м годзе, пашчасціла пазнаёміцца з гэтым сціплым і вельмі таленавітым чалавекам. Якраз падчас паездкі ў Віцебск, дзе ў адной з шыкоўных залаў быў арганізаваны блюзавы міні-фэстываль як працяг вялікага сталічнага: з Мінска прыехалі Blue Street Friends, «Камерата» і Bros. In Blues, а мясцовую музыкальную супольнасць прадстаўляў віцебскі гурт «Вакзал». Генадзь Старыкаў, прэзідэнт блюзавага Star-Club і галоўны арганізатар фестывалю «Блюз жыве ў Мінску», прызначыў мяне сваім «прэс-аташэ», і першым, з кім мне давялося пагаварыць, выконваючы новыя абавязкі, быў якраз Юра Міхайлаў.

Артыкул у музычнай газеце «Немига» (1996). Юрый Міхайлаў на верхнім здымку злева

Артыкул у музычнай газеце «Немига» (1996). Юрый Міхайлаў на верхнім здымку злева

У хуткім часе адбылася вельмі важная для Юры сустрэча — падчас паездкі ў 1997-м годзе на кіеўскі фестываль Make Blues Not War (які трагічны кантэкст набывае зараз гэта назва!). Рэч у тым, што хэдлайнерам у Кіеве быў Мік Тэйлар, былы гітарыст «Ролінг Стоўнз», і Юру пашчасціла тры разы граць з ім на адной сцэне. Міхайлаў вельмі цаніў гэты досвед і мала каму распавядаў, што другі гітарыст з гурта Тэйлара падышоў да Юры пасля аднаго з канцэртаў і выказаў сваё захапленне яго майстэрствам ігры слайдавай тэхнікай, якую наш гітарыст выкарыстоўваў падчас выступаў з Bros. In Blues.

Потым Юра рэгулярна з’яўляўся на выступленнях у «Стар-клубе» і граў з рознымі музыкамі, па сутнасці безназоўнымі складамі кшталту «Юрый Міхайлаў і бэнд», спрабуючы наладзіць кантакты, маючы на ўвазе стварэнне больш-менш пастаяннага гурта.

Такая магчымасць з’явілася нечакана. У 2000-м годзе з лёгкай рукі Алега Клімава, шэф-рэдактара выдання «Музыкальная газета», для Юры Міхайлава перадалі запрашэнне паўдзельнічаць у фестывалі Kaliningrad In Rock. Паколькі сталага складу не мелася, Юра ў чарговы раз пачаў збіраць музыкантаў і звярнуўся да свайго сябра, гітарыста і вакаліста Сяргея Агарка. Той прапанаваў далучыць рытм-секцыю ў асобах бас-гітарыста Славы Фёдарава і барабаншчыка Віталя Самахвалава.

Часу заставалася няшмат, меней за месяц, таму новыя сябры актыўна ўзяліся за справу і хуценька падрыхтавалі праграму цалкам з Юравых песень. Трэба было прыдумаць назву новаму калектыву, і пазней Юра з усмешкай успамінаў: «Да пошукаў назвы паставіліся крыху іранічна. Хард-блюз — гэта цяжкі блюз. Гэта значыць, блюзавая імправізацыйная аснова, якая прыйшла з Амерыкі. Зразумела, што ў нас яна такая і ёсць — больш цяжкая. А логіка з’яўлення ў назве гурта партугальскага віна з вострава Мадэйра тлумачылася тым, што першапачаткова хацелі назваць «Тэкіла Хард Блюз» (як адсылка да амерыканскага кантыненту), але ўчасна ўзгадалі, што ёсць піцерская каманда «Тэкіла-джаз».

Музыкантаў «Мадэры» напачатку 2000-х можна было часта паслухаць у кавярні «Блюз» на адкрытай пляцоўцы

Музыкантаў «Мадэры» напачатку 2000-х можна было часта паслухаць у кавярні «Блюз» на адкрытай пляцоўцы

Удзел у Калінінградскім фестывалі стаў моцным дэбютам — музыканты самі не чакалі, што іхная паездка на бераг Балтыйскага мора стане хай сабе маленькай, але сенсацыяй у прэсе. Гурт заўважылі, пачалі запрашаць на інтэрв’ю, на тэле– і радыёперадачы. І музыканты пацвердзілі, што застаюцца разам з Юрам далей, што гурт перастае быць аднаразовым праектам.

З часам з’явілася істотная дапамога — неабыякавыя людзі далі «Мадэры» ў карыстанне памяшканне для ўласнай рэпетыцыйнай базы разам з камплектам выдатнага абсталявання, распрацавалі і пашылі нятанную сцэнічную вопратку і ўрэшце дапамаглі запісаць дэбютны альбом на адной з самых прэстыжных студый гуказапісу. У гурта з’явіўся ўласны менеджмент.

Адной са значных падзей у біяграфіі гурта быў удзел «Мадэры Хард Блюз» у польскім фестывалі Noc bluesowa ў горадзе Рава-Мазавецка ў 2005-м годзе. Там музыкантам пашчасціла граць на адной сцэне з легендарнай камандай з Вялікабрытаніі Ten Years After.

Падчас адной з сустрэч у Мінску ў 2001 годзе

Падчас адной з сустрэч у Мінску ў 2001 годзе

На працягу 2000-х мы часта гралі на адной сцэне, таму што мой уласны гурт, таксама блюзавага кірунку, быў створаны амаль што адначасова з «Мадэрай». Пачынаючы з самых першых фестываляў гэта былі цікавыя стасункі, а часам і супраца на мностве фестываляў: «Вялікія манеўры» ў Мінску, «Рок-Кола» ў Наваполацку, «Рок-верасень» у Бялынічах і Магілёве — гэта яшчэ 2001 год. А пазней «Блюз жыве ў Мінску» (2005 і 2007), «Varg-show-2006», «Грыфаманія-2008», сумесныя канцэрты ў Тэатры рускага рамансу і ў «Графіці» прыкладна ў 2006—2008 гадах.

Выступ на 40-годдзі І Мінскага біт-фестывалю, арганізаваным «Стар-клубам» 12 красавіка 2008 года

Выступ на 40-годдзі І Мінскага біт-фестывалю, арганізаваным «Стар-клубам» 12 красавіка 2008 года

Тады ў нас была адна рытм-секцыя на два гурты. Таня Грунтовіч, басістка White Night Blues, на тым выступленні зайграла таксама і з Юрам Міхайлавым па яго просьбе, а барабаншчык «Мадэры» Віталік Самахвалаў па маёй просьбе зайграў з White Night Blues.

У «Мадэры» адбываліся пэўныя змены ў складзе, напрыклад, пасля 2002-га года бас-гітарыста Славу Фёдарава замяніў Андрэй Дастанка. А бліжэй да канца 2000-х сышоў вакаліст і гітарыст Сяргей Агарак. Былі спробы знайсці новага фронтмэна (напрыклад, адзін час з гуртом супрацоўнічаў Георгій Высоцкі, вядомы раней па ўдзеле ў «Лявонах» і «Буржуазіі»). Аднак сваё 10-годдзе гурт сустрэў у фармаце трыа.

Наша апошняя сустрэча ў 2018-м годзе на 50-годдзі І Мінскага біт-фестывалю

Наша апошняя сустрэча ў 2018-м годзе на 50-годдзі І Мінскага біт-фестывалю

У 2010-х гадах выступы «Мадэры» адбываліся ўжо не так часта. Адбівалася Юрава згубная прыхільнасць. Калегі-музыканты, як маглі, ратавалі сітуацыю. Часам удавалася выправіць стан, але ненадоўга. Юра ўсё часцей і надоўга «прападаў», не адказваў на тэлефанаванні, не выходзіў на сувязь. Урэшце ўсё гэта прывяло да сумнага фіналу.

Неабходна сказаць пра Юру як мастака высокага міжнароднага ўзроўню. Карыкатурыста Юрыя Міхайлава без перабольшання ведалі ва ўсім свеце. Ён узнагароджаны мноствам інтэрнацыянальных дыпломаў, яго малюнкі змяшчаліся ў шматлікіх замежных выданнях. У 1990-х Юра актыўна друкаваўся і ў айчыннай прэсе. Ёсць меркаванне, што асабліва яго гумарыстычныя працы былі ацэненыя ў Японіі.

На пачатку 2000-х я прыехаў да Юры дамоў браць інтэрв’ю для гітарнага часопіса «Грыфаман». І калі папрасіў паказаць якія-небудзь узнагароды, звязаныя з яго творчасцю як мастака, то Юра вываліў на стол гару артэфактаў — мноства дыпломаў, буклетаў, мастацкіх альбомаў, постараў з дзясяткаў краін свету

На пачатку 2000-х я прыехаў да Юры дамоў браць інтэрв’ю для гітарнага часопіса «Грыфаман». І калі папрасіў паказаць якія-небудзь узнагароды, звязаныя з яго творчасцю як мастака, то Юра вываліў на стол гару артэфактаў — мноства дыпломаў, буклетаў, мастацкіх альбомаў, постараў з дзясяткаў краін свету

Аднойчы падчас інтэрв’ю аднаму з музычных выданняў Юра Міхайлаў распавядаў пра музыку, якая на яго паўплывала, пра куміраў дзяцінства і творчых аўтарытэтаў, пра сустрэчы з Мікам Тэйларам, з Ten Years After, дарэчы, тады ж у адзін шэраг з гэтымі суперзоркамі паставіў беларускага бас-гітарыста Мікалая Неронскага. А журналістка спыталася: «З кім з вялікіх музыкантаў хацелася б выступіць?» І Юра раптам адказаў: «З Джымі Хендрыксам. Не з-за таго, што яго называюць гітарыстам нумар адзін планеты. Ён — музычная глыба, ён для мяне сапраўдная легенда. Насамрэч я люблю шмат каго з гітарыстаў, але ніхто з іх не зойме месца Джымі Хендрыкса».

Я чамусьці ўпэўнены, што там, у іншых нябёсных прасторах, Юра абавязкова зайграе выдатны блюзавы джэм разам з Джымі…

Чытайце таксама:

Памерла праўнучка Францішка Багушэвіча

Памёр Валерый Марозаў

Памёр беларускі мастак і філолаг Адась Калюта

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
35
Абуральна
3