Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Агеньчык» Алег Башараў. Лістапад 2023 года

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Агеньчык» Алег Башараў. Лістапад 2023 года

Фермерская гаспадарка «Агеньчык», якой кіруе Алег Мухамадзіевіч, знаходзіцца ў вёсцы Ахімкавічы Круглянскага раёна. Годам раней журналістка прыязджала сюды, каб купіць бараніны для плову. Тады ў яе склалася ўражанне, што гэта ферма мары: выдатныя зялёныя пашы, як у рэкламе малака, абсыпаныя саспелай вішняй дрэвы, у сабак — поўныя міскі костак з мясам. Пеўнікі спяваюць, курачкі квохчуць, гаспадары ўсміхаюцца.

Здавалася, што разводзіць авечак у Беларусі — даволі экзатычны занятак, але пры гэтым яшчэ і выгадны. Але ці так гэта насамрэч, калі капнуць глыбей?

«Тады былі амбіцыі, думалася, што ўсё атрымаецца»

Пачатак працоўнага шляху ў Алега прыпаў на 90-я. Скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, потым пару месяцаў адпрацаваў на ПМК, звольніўся, паспрабаваў сябе ў міліцыі, убачыў усе «люботы» гэтай прафесіі і вырашыў, што для яго лепш будзе пашукаць нешта іншае. У выніку, узяў невялікі кавалак зямлі ў 20 гектараў.

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

«Тады былі амбіцыі, — успамінае Алег. — Думалася, што ўсё атрымаецца, што можна будзе расці, развівацца.

Пачыналася ўсё з агародніцтва. Бульбай займаўся, садзілі капусту. Але аказалася — не вельмі гэта выгадна. Працоўныя выдаткі вялікія, а кошт канчатковага прадукту — капейкі. У гаспадарцы раней былі і каровы, і гусі, і качкі, і куры. У выніку натуральнага адбору спыніўся на авечках: за імі патрэбны мінімальны догляд і мінімальныя выдаткі. Яны ж на мяса ідуць. Сена нарыхтаваў, два разы на год пастрыг, апрацаваў ад паразітаў — і ўсё. Тады я думаў, што ва ўсім разбіраюся».

Працуюць на ферме сям'ёй: ён, жонка і сын-студэнт дапамагае. Цяпер у іхнай гаспадарцы 94 гектары зямлі і 500 галоў авечак парод «Пракос» і «Раманаўская». У думках уявілася, колькі гэта: ого! Аднак Алег Мухамадзіевіч патлумачыў: для таго, каб бізнэс сапраўды прыносіў прыбытак, 500 галоў — «гэта ні пра што».

Ферма «Агеньчык». Фота героя матэрыялу. Лістапад 2023 года

Ферма «Агеньчык». Фота героя матэрыялу. Лістапад 2023 года

«Каб было больш-менш эфектыўна, трэба трымаць мінімум 3,5 тысячы галоў, — кажа фермер. — На такую колькасць, адпаведна, патрэбна кармавая база. Па нормах Мінсельгасхарча трэба 50 сотак на адну аўцаматку. З 3,5 тысяч галоў гэта будзе 1,5 тысячы аўцаматак. Кожнай — па 50 сотак, гэта 700-800 гектараў. Карацей, да тысячы гектараў трэба мець зямлі.

Каб апрацоўваць усё — патрэбна тэхніка. А ў нас апошняя каштуе казачных грошай. Той жа камбайн збожжавы — 250-300 тысяч рублёў новы! У мяне ў гаспадарцы ёсць трактары, але яны ўсе ўжо старыя. Апошні — 2008 года, яму 15 гадоў.

А новы трактар каштуе 100 тысяч рублёў. Адзін баран 300 рублёў каштуе. Гэта цэлы статак трэба загнаць, каб купіць гэты трактар. А да трактара патрэбна яшчэ прычапное, навясное…»

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

«Я жыву на полі!»

Алег хацеў бы трымаць больш авечак і ўзяць больш зямлі, але яму не даюць, з ягоных слоў, праз тое, што побач ёсць калгас. У фермера свае аргументы на карысць таго, што ён змог бы прынесці вялікую карысць:

«Мы ж працуем на свой інтарэс! Наша задача — быць больш эфектыўнымі, атрымаць прывес, мы не станем красці ў сябе ж, мы ўкладзем у два разы больш працы, мы ўсё прадумаем.

Нядаўна ўзяў для пробы мех калгаснай кукурузы. Даў цялятам, яны пачалі «свістаць» (панос), таму што там азот зашкальвае. Так, без падкормкі і ў нас нічога не расце, але мы, калі і падкормліваем, то мінімальна. А навошта нам гэты ўраджай, па вялікім рахунку неядомы?»

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

«Я ж працую, я жыву на полі! — працягвае Башараў. — Прашу: дайце, дапамажыце.

Гады тры-чатыры таму прапанова была: едзь у Бялыніцкі раён на пяшчанікі, там 19 тысяч гектараў вольныя, займайся. А там жа кінутыя землі, усё залесілася. Каб туды паехаць, патрэбныя шалёныя грошы».

У Ахімкавічах у фермера — жылы дом, майстэрні, навесы, хлеў. Калі ў тым жа Бялыніцкім раёне будавацца і апрацоўваць зямлю з нуля, падлічыў Алег, трэба аж 2 мільёны даляраў.

«Калі б у мяне такія грошы былі, то навошта мне наогул усё гэта трэба?» — усміхаецца ён.

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

Ферма «Агеньчык». Лістапад 2023 года

«У розніцу мы не прадаем»

Неяк журналіст, гуляючы (з прафесійнай цікавасцю) па мясных радах рынку ў Магілёве, звярнуў увагу, што бараніны тут даўнютка не было. Свініна, кураціна ёсць, а вось мяса, якое лепш за ўсё падыходзіць для сапраўднага плову — «днём з агнём не адшукаеш». Як так: ферма недалёка ад Магілёва па вырошчванні бараноў ёсць, а бараніны на рынку няма? Задалі гэтае пытанне Алегу Башараву.

«У розніцу мы не прадаем, а ў Магілёве наша прадукцыя не запатрабаваная — я аналізаваў шмат разоў, — быў адказ. — Нашы людзі ядуць у асноўным кураціну — гэта самае таннае, потым свініна ідзе па цэнавым дыяпазоне.

А бараніна — гэта вельмі дарагое задавальненне. Задняя нага каштуе 35 рублёў за кілаграм. Рэбры — рублёў па 20. Гэта ў розніцу. Мы прадаем у асноўным тушкамі. Адна тушка — рублёў з 300 выходзіць.

«Наш чалавек як прывык: сала нарэзаўся, кубкам вады запіў, — усміхаецца фермер. — А бараніна патрабуе, па-першае, падрыхтоўкі. Абавязкова потым папіць гарачага чаю, таму што тэмпература плаўлення барановага тлушчу вельмі высокая.

У нас у Беларусі, у асноўным, бараноў купляе адмысловая катэгорыя людзей — мусульмане, напрыклад. Калі есці бараніну няправільна, гэта можа прывесці да праблем са страўнікам. Не хапае тэмпературы чалавечага цела — тлушч барановы растапіць. Халоднай вады калі вып'еш пасля — яно застыгне потым у страўніку».

«Было адзін раз: сельсавет папрасіў, мы падрэзалі цяля, баранчыка, выехалі на сельгаскірмаш, — вяртаецца фермер да рыначнай тэмы. —

Яно якасна, прыгожа, але і цэннік добры. Бараніна даражэйшая за курыцу ў два разы. Дзе танна — людзі ў чаргу выстройваюцца. А ў нас купілі толькі два-тры чалавекі. Больш туды не ездзім, сэнсу няма.

У Расіі, у Маскве людзі гатовыя купляць авечак. Але 20-тонную машыну загрузіць (а інакш сэнсу няма туды вазіць) — гэта 1000 галоў трэба. А ў мяне — усяго 500.

Мы працавалі раней з Камароўкай у Мінску, але цяпер туды таксама не возім. Ім кожныя дзесяць дзён трэба бараніну пастаўляць. Трэба статак велізарны. 40 раз у год па 10 галоў — гэта атрымліваецца 400 галоў. Няма чаго везці.

Апошнім часам наша прадукцыя прадстаўленая ў адзіным месцы — гандлёвы дом «Валяр'янава» пад Мінскам. Калі вязеш туды 10-15 галоў, сэнс ёсць. Усталі, за паўдня адлавілі, адвезлі на бойню (для юрыдычных асоб гэта абавязкова), найбліжэйшае месца — Крупкі або Бялынічы. У адзін бок — 35 кіламетраў.

Я доўгі час працаваў па арганізацыі ўласнай бойні. Шукаў фінансаванне — не атрымалася. Якраз пачалася пандэмія. Былі еўрапейцы, якія гатовыя былі ўкласці грошы. Збіраліся пабудаваць цэх: безвыпасное ўтрыманне, на 10 тысяч галоў. Цяпер Еўропа закрытая.

Праўда, я ўсё роўна не губляю надзеі. Была размова з Банкам рэканструкцыі і развіцця. Спрабую шукаць выйсце».

Ферма «Агеньчык» Круглянскага раёна. Лістапад 2023 года

Ферма «Агеньчык» Круглянскага раёна. Лістапад 2023 года

«Калі я ляжаў у шпіталі, усім займалася жонка»

У сакавіку гэтага года з Алегам здарылася бяда — шырокі інфаркт, пасля якога ён ледзь выжыў. Цяпер па ім не скажаш. Мужчына па-ранейшаму працуе ў полі. Аднак, мабыць, гэтая падзея прымусіла яго паглядзець на сваю справу, якой ён аддаў 30 гадоў жыцця, па-іншаму, і падумаць добра: а ці вартая аўчынка вычынкі?

«Калі я ляжаў у бальніцы, усім займалася жонка, — расказаў Башараў. —

Я зразумеў, што ўсё бессэнсоўна. Мы жывем удваіх з жонкай, і ёсць 17 арганізацый, якія могуць нас праверыць. Нядаўна энергетыкі прыехалі, сказалі, што трэба напісаць нумары на слупах, знакі абнавіць — ёсць нейкія рэчы, якія не мяняюцца…»

«Не хапіла майго жыцця, каб нешта самавітае зрабіць, — памаўчаўшы, дадае фермер. — Пералічваеш і разумееш — даходу няма, чыстага прыбытку няма. Мы працуем у бок павелічэння. Але атрымліваецца, што ў нас гэта як лецішча, хобі, але ніяк не бізнэс».

І падсумоўвае нявесела:

«Лепш ісці на наёмную працу, чым мець сваю справу».

Чытайце таксама:

«Атрымліваецца выгадна, плюс абсалютна экалагічны прадукт». Як сям'я з Бабруйска робіць бізнэс на баранах

«Пакіну медыцыну і займуся сельскай гаспадаркай». Уладальнік салона прыгажосці расказаў, як паралельна займаецца фермерствам у вёсцы

Сужэнцы сышлі з менеджарскіх пасад, з’ехалі на Шчучыншчыну, сталі там чабанамі і гаспадарамі аграсядзібы

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
6
Сумна
40
Абуральна
12