Спявак AP$ENT (Арсень Кісляк). Фота: асабісты архіў

Спявак AP$ENT (Арсень Кісляк). Фота: асабісты архіў

Пра Арсеня вы маглі не ведаць, але хутчэй за ўсё чулі яго «Песенку весёлого белоруса» са словамі:

«Дядя Саша, без обид,
Но вам никто не рад,
Забирайте тетю Лиду,
Возвращайтесь в ад».

— Насамрэч мяне не вельмі хвалюе ўвага да маёй асобы, медыйнасць ніколі не была маёй мэтай — я не люблю свяціць тварам. Разумею, што можа гэта памылка з майго боку ў плане прасоўвання. Я імкнуся данесці сваю творчасць да людзей, а ці напіша пра гэта нехта, мяне не турбуе. Калі ў мяне нешта пытаюцца, я адказваю. Але сам шукаць кагосьці не стану — мне не падабаецца навязвацца.

— З чаго ўвогуле пачыналася ваша творчая дзейнасць? Ці быў момант, калі вы зразумелі, што прыйшла папулярнасць?

— Калі казаць шчыра, то я і па сёння не зразумеў, што прыйшла папулярнасць. Не было такога моманту, каб я прачнуўся зранку і адчуў сабе зоркай. Я ўсё гэтак жа стараюся працаваць над песнямі, удасканальваць якасць аўдыя і відэа, шукаю магчымасці зрабіць новыя праекты. Не хачу сапсавацца, адчуўшы сябе зоркай, таму стараюся акцэнтаваць увагу менавіта на працы.

А пачыналася ўсё, мабыць, калі мне было гадоў з шаснаццаць-сямнаццаць — тады я навучыўся троху граць на гітары, пачаў пісаць нейкія песні. Нават на беларускай мове адна была. Але пісаў, вядома, у стол. Бо ў той час музыка ўсім здавалася чымсьці несур’ёзным. Як хобі можна, але ж трэба «дарослая» праца. Я вучыўся на эканаміста — атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці таваразнаўца — эксперт харчовых тавараў, але ніколі не працаваў у гэтай сферы. Дзе я толькі не працаваў: у банкаўскай сферы, на будоўлі, у сферы продажу… Некалькі ўласных бізнэсаў у мяне было. Шмат часу не верыў у тое, што музыка можа прыносіць сапраўдныя грошы. Так, перыядычна граў на гітары, спяваў нейкія песенькі.

— А што дапамагло ў выніку паверыць у сябе?

— Стаў чытаць шмат матывацыйнай літаратуры — пачынаючы з Роберта Кіёсакі і Напалеона Хіла… Вельмі шмат было розных кніг, як кажуць, пра паспяховы поспех. І вось у нейкі момант я паверыў, што і ў мяне можа нешта атрымацца. Вырашыў, ці буду займацца любімай справай, ці мяне больш нічога не цікавіць і можна співацца.

— Блізкія падтрымалі гэту ідэю ці сказалі, што трэба нечым «нармальным» займацца?

— У прафесійную музыку я прыйшоў у даволі дарослым узросце — гадоў 28—29. Першы трэк пад псеўданімам AP$ENT я выклаў у сеціва за тыдзень да свайго трыццацігоддзя. Мае блізкія ведалі, што я чалавек, які разумее, што робіць. Таму яны вырашылі не перашкаджаць.

— Яшчэ вясной 2020 года вы падкрэслівалі, што пішаце песні не пра палітыку, а пра людзей і соцыум. Гэта з улікам таго, што адна з першых вашых знакамітых песень — «Мылю і молюсь» — заснаваная на ідэях Лукашэнкі аб тым, як трэба змагацца з каранавірусам. Пасля падзей жніўня 2020 года і такіх песень, як «Жыве», «2020», «Я не боюсь», «Песенка весёлого белоруса», вы таксама лічыце, што спяваеце не пра палітыку?

— Трэба разумець, што, калі я казаў гэта, то знаходзіўся ў Беларусі. Я разумеў, канешне, што і так рызыкую, спяваючы песні на злобу дня, але ж не хацеў прыцягваць да сябе дадатковую ўвагу. Можна сказаць, што я хітраваў у той момант, але я хацеў засцерагчы сябе.

Я і цяпер не магу сказаць, што лічу свае песні палітычнымі — бо я ж не палітык, не грамадскі дзеяч. Я проста шрубка з народа, якая адчувае ўсё тое ж самае, што і іншыя людзі. Рэалізую сябе як аўтара, калі пішу пра нешта, што хвалюе мяне як беларуса. Для мяне важна мець магчымасць выказвацца праз песні. І на першым месцы для мяне не тое, што я кажу ў інтэрв’ю, а тое, што я кажу ў песнях.

— Ці стала больш беларускай мовы ў вашым жыцці пасля 2020-га?

— Дакладна. На хвалі народнага яднання ў маім жыцці і з’явілася беларуская мова. Да гэтага я ніколі не размаўляў на беларускай. Памятаю, што ў 2020-м былі стрымы «Радыё Свабода» і іншых СМІ на беларускай — я нават не ўсё мог зразумець, што гавораць. Але потым захацелася аднавіць свае веды. 2022 год, калі пачалася вайна ва Украіне, таксама моцна паўплываў на маю самаідэнтыфікацыю. Хацелася неяк адмежавацца ад рускіх z-патрыётаў, бо беларусы ж у большасці сваёй не падтрымліваюць гэту вайну, а мова дапамагала дыстанцыявацца неяк.

— Я так разумею, да пачатку вайны ва Украіне ў вас было шмат фанатаў з Расіі. Ці змянілася неяк іх стаўленне да вас з-за вашай праўкраінскай пазіцыі — напрыклад, пасля песні «Награда»?

— Так, было шмат спрэчак, шмат хто ад мяне адпісаўся са словамі «ўсё, ніколі больш не буду слухаць вашы песні». Ну а што я магу зрабіць? Гэта мая пазіцыя. Я ж сам нарадзіўся ва Украіне, у мяне там бацька жыве — я ўсё ведаю пра гэту краіну не з прапагандысцкіх навін. Нават з пункту гледжання маралі вайна — гэта няправільна і яе нельга апраўдваць.

Але хапала і тых, хто мяне падтрымаў. Бо мая творчасць заўсёды была даволі вострасацыяльнай і людзі, якія мяне слухалі, збольшага разумелі мае погляды. Таму пасля песні «Награда» было шмат каментарыяў кшталту «Балюча. Дзяйкуй за праўду».

— Дарэчы, вы і раней сцябаліся з тых, хто «можа паўтарыць» — згадаем хаця б песню «Вата».

— Так, я скептычна-сатырычна стаўлюся да ватнікаў і саўкадрочараў. Я заўсёды быў за дэмакратычныя каштоўнасці. А павагі да тых, хто люта змагаецца за тое, каб быць у рабстве, у мяне няма.

— Як бы вы самі ахарактарызавалі стыль сваёй музыкі?

— Гэта не да мяне пытанне. Ёсць крытыкі, вось яны нешта ведаюць пра мастацтва і самі даюць нейкія назвы і азначэнні. Сам я не прытрымліваюся нейкага стылю. Раблю тое, што мне хочацца ў пэўны момант.

— Вы вымушаны былі эвакуіравацца з Беларусі і пакінуць там усё музычнае абсталяванне (у студзені 2022 года жонку Арсеня затрымалі за каментарый у тэлеграм-канале і прысудзілі год «хіміі» з накіраваннем, адразу пасля суда сям'я эвакуіравалася з Беларусі. — НН). Цяжка было ўзнаўляць творчую дзейнасць на новым месцы?

— Усё, што я паспеў узяць з сабой, калі з’язджаў з Беларусі, — гэты вінчэстар ды аўдыякарту. Трэба было набываць музычнае абсталяванне зноў — у гэтым крыху дапамог «Байсол», які абвясціў збор сродкаў для маёй сям’і.

Фактычна мы двойчы пачыналі жыццё на новым месцы — спачатку ў Грузіі, потым у Польшчы. Канешне, гэта заўсёды цяжка. У Грузіі я рабіў трэкі за макіяжным столікам — менавіта тады з'явілася песня «Можно я с тобой», якая цяпер найбольш часта праслухоўваецца.

Плюс, канешне, было складана маральна, трэба было супакоіцца і прывесці думкі ў парадак. Былі эмацыйныя пад’ёмы і спады.

Зараз я б хацеў больш часу прысвячаць творчасці, але ідзе актыўная падрыхтоўка да канцэрта ў Вільні 24 лістапада. А на выходных ездзілі здымаць кліп на песню «Каханне». Хутка ён выйдзе. Падаў заяўку на грант у Раду культуры — з'явілася ідэя зрабіць двухсерыйны мінісерыял з беларускамоўнымі песнямі. Рэч у тым, што беларускамоўны кантэнт патрабуе больш рэсурсаў для прасоўвання. Таму вырашыў прасіць дапамогі. Не дадуць фінансаў — нічога страшнага. Зараблю і сам пазней зраблю.

— Ці ёсць у вас любімая песня са сваіх?

— Я насамрэч занадта часта слухаю свае песні, таму што ўсё раблю сам — пачынаючы з запісу і заканчваючы звядзеннем. Таму паслухаць сваё магу хіба што выпадкова — калі нешта грала ў ютубе і раптам пераскочыла на мой кліп. Не магу сказаць, што ёсць нешта найбольш любімае. Але магу вылучыць песні, якія расказваюць нешта пра мяне, — гэта «Атлантида», «Наверное». Яны біяграфічныя і шмат для мяне значаць.

Чым вы любіце займацца, акрамя музыкі?

— 3Д-мадэляваннем, зараз вось з нейрасеткамі разбіраўся. Часам малюю, вывучаю мантаж, спецэфекты — вось такія творчыя штукі падабаюцца.

— Што плануеце праспяваць на канцэрце ў Вільні?

— Якраз думаю над трэк-лістом. Мабыць, найбольш паспяховыя трэкі на Spotify.

Чытайце таксама:

20 гадоў кліпу на песню «Госці». Што стала з яго героямі?

«Калі мужчына спявае, ён адчувае сябе моцным». Сяржук Доўгушаў стварае новы мужчынскі хор

«Чорны бумер», Паліграф ШарыкOFF, спявак пры Лукашэнку: як мянялася жыццё рэпера Сярогі 

Клас
61
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?