Пастанова, якая ўкараняе новы падыход да працы ў дзяржаўных установах, апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале — пра гэта распавядае выданне Tochka.by. Указ закране сістэмы міністэрстваў аховы здароўя, юстыцыі, культуры, адукацыі, спорту і турызму, працы і сацыяльнай абароны.

Новыя функцыі атрымліваюць кіраўнікі. Яны маюць права «вызначаць аптымальную нагрузку работнікаў арганізацыі з ліку рабочых і служачых на працягу ўстаноўленай ім працягласці працоўнага дня».

У дакуменце падкрэсліваецца, што любое змяненне не павінна ўплываць на тэрміны або якасць працы.

Начальнік можа змяняць штатны расклад, гэта значыць, фактычна скарачаць штатныя адзінкі, калі палічыць патрэбным. Але хто будзе выконваць дадатковую працу?

Тут уводзіцца тэрмін «аптымізаваныя штатныя адзінкі». Так назвалі супрацоўнікаў, на якіх начальнік ускладзе дадатковую нагрузку.

«Аптымізаваныя» атрымаюць даплату, але дадатковыя грошы за аптымізацыю атрымаюць і кіраўнікі. Даплата з'явіцца ў тым ліку праз эканомію сродкаў на дадатковых работніках.

Таксама яны будуць асобна значыцца ў штатным раскладзе — раздзел «аптымізаваныя прафесіі рабочых».

Стаць супрацоўнікам новага віду можна толькі добраахвотна. Для гэтага патрэбная пісьмовая згода службоўца, на падставе якой начальства аформіць загад.

Адносіны будуць рэгулявацца кантрактам, які абодва бакі могуць скасаваць датэрмінова. Там прапісаны тэрмін дзеяння, абавязкі работніка і памер дадатковай выплаты. Яна будзе лічыцца адсоткам ад асноўнага акладу службоўца.

Эксперымент праводзіцца ў 26 бюджэтных арганізацыях, сярод якіх дзіцячыя сады, школы, цэнтры творчасці, паліклінікі, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, бібліятэкі і архівы па ўсёй Беларусі, да 15 лістапада 2024 года.

Чытайце таксама:

Былы кіраўнік паліклінікі разважае пра змены ў законе для медыкаў. Ён бачыць і плюсы

Піневіч назваў пяцігадовую адпрацоўку пасля ардынатуры справядлівай

Колькасць работнікаў скарачаецца. Як масавая эміграцыя будзе ўплываць на эканоміку ў Беларусі — змены адчуюць усе

Клас
0
Панылы сорам
17
Ха-ха
16
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
10