Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Наша планета ў сённяшнім працэсе хуткага глабальнага награвання губляе пры гэтым многія прыкметы зімы: меншаюць снегавыя шапкі гор; ледавікі знікаюць; тэмпература ва ўсіх краінах свету б’е рэкорды; марскі лёд на полюсах растае з ашаламляльнай хуткасцю, што прыводзіць да гібелі велізарнай колькасці жывых істот. Але навукоўцы прагназуюць, што нават калі змяненне клімату зробіць свет гарачэйшым, снег пры гэтым можа стаць ярчэйшым і бялейшым. Гэтае пабяленне снегу можа дапамагчы кампенсаваць некаторыя шкодныя наступствы кліматычнага крызісу і запаволіць хуткасць раставання снегавога покрыва.

Даследаванне, апублікаванае ў кастрычніку ў часопісе Nature Communications, паказала, што снег, мусіць, стане чысцейшым і ярчэйшым да канца гэтага стагоддзя з-за зніжэння ўзроўню забруджвання чорным вугляродам. Больш высокая тэмпература будзе садзейнічаць большай хуткасці раставання снегу, але чысцейшы і ярчэйшы снег павінен адбіваць сонечнае святло, адпраўляючы цяпло назад у космас, а не паглынаючы яго.

Для даследавання навукоўцы з Ціхаакіянскай паўночна-заходняй нацыянальнай лабараторыі Міністэрства энергетыкі ЗША вывучылі мноства фактараў, якія ўплываюць на снегавое покрыва, у тым ліку павышэнне глабальнай тэмпературы, забруджванне навакольнага асяроддзя і нават форму снегавога зерня. Яны вывучалі тэндэнцыі снегавога покрыва ў высокіх горных хрыбтах паўночнага паўшар'я з 1995 да 2014 года.

Выкарыстоўваючы ўсе гэтыя даныя, даследчыкі змадэлявалі тэндэнцыі для снегавога покрыва для двух розных сцэнароў: у гарах на захадзе ЗША і на Тыбецкім плато з 2015 да 2100 года. Пры песімістычным сцэнары, калі мы не скароцім спажыванне выкапнёвага паліва, свет стане гарачэйшым і страта снегавога покрыва вырасце на 58% у параўнанні з сённяшнім днём. У аптымістычным жа сцэнары, калі мы ўтрымаем нашы выкіды пад кантролем, страты снегавога покрыва складуць прыкладна 15% ад цяперашняга ўзроўню.

Чакаецца, аднак, што ў абодвух сцэнарах забруджванне часціцамі так званага чорнага вугляроду паменшае. Паводле даных Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША, гэтая форма забруджвання часта адбываецца ад крыніц энергіі, якія працуюць на выкапнёвым паліве: у тым ліку ад рухавікоў, якія працуюць на газе; і электрастанцый, якія працуюць на вуглі. З меншай колькасцю цёмных часціц сажы да канца гэтага стагоддзя снег стане чысцейшым і ярчэйшым, чым ён ёсць сёння, тлумачыць Gizmodo.

Часціцы забруджвання асядаюць на снегавое покрыва, робячы яго больш цёмным. Цямнейшы снег паглынае сонечнае святло, дзякуючы чаму ён растае хутчэй. Чысцейшы снег відавочна лепей адбівае сонечнае святло назад у космас, дапамагаючы рэгуляваць тэмпературу і даўжэй падтрымліваць снегавое покрыва зімой. Чыстае тапленне снегу таксама важна для многіх людзей, якія спадзяюцца на яго для папаўнення водных шляхоў і, як вынік, запасаў пітной вады. Па ўсім свеце людзі спадзяюцца на вялікую колькасць снегавога покрыва, каб гарантаваць, што вадаёмы атрымаюць і ўтрымаюць дастатковую колькасць вады для задавальнення патрэб дамоў, прамысловасці і дзікай прыроды.

Аўтары даследавання адзначаюць таксама, што, хоць паветра і будзе імкнуцца стаць у цэлым чысцейшым пры змяншэнні выкарыстання выкапнёвага паліва, забруджванне дымам ад лясных пажараў з кожным годам расце. Кліматычны крызіс стварыў умовы, якія пагаршаюць працяканне прыродных лясных пажараў, што азначае павелічэнне колькасці часціц у паветры ад пажараў у нашай атмасферы. Атрымліваецца нешта кшталту замкнёнага кола. 

Напрыклад, лясныя пажары ў Канадзе сёлета прывялі да рэкорднага забруджвання паветра, якое распаўсюдзілася па ўсім амерыканскім кантыненце. На шчасце, вялікія лясныя пажары пакуль не так часта здараюцца зімой у паўночным паўшар'і. 

Таму даследчыкі чакаюць, што нявызначанасці мадэлявання лясных пажараў акажуць нязначны ўплыў на іх вынікі, паколькі пры мадэляванні яны былі засяроджаныя на сезоне са снежня па травень, калі лясныя пажары адбываюцца радзей.

Але нават з гэтай агаворкай трэба разумець, што мадэляванне раставання снегу — вельмі складаная праца. Напрыклад, патрэбна таксама ўлічваць форму асобных сняжынак у снегавым покрыве, таму што форма снегавых зерняў уплывае на агульную хуткасць раставання. І нават прысутнасць багавіння на снезе таксама можа паўплываць на працэс. Таму неабходна больш мадэляванняў і назіранняў, каб лепш зразумець, што можа паўплываць і змяніць хуткасць знікнення снегавога покрыва на планеце.

Чытайце таксама:

Рэкордна нізкі ўзровень лёду ў Антарктыдзе забіў тысячы птушанят пінгвінаў

Цяпер афіцыйна: гэта было самае спякотнае лета за ўсю гісторыю назіранняў

Энергакрызіс прымушае еўрапейскія гарады эканоміць электрычнасць. Даследчыкі знайшлі некалькі плюсоў у гэтым

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0