Скрыншот з інстаграм-акаўнтаў gire.tire.by, bomba.mens.sh0p і cvetok.boutique.by

Скрыншот з інстаграм-акаўнтаў gire.tire.by, bomba.mens.sh0p і cvetok.boutique.by

Што аб'ядноўвае махлярскія акаўнты ў Instagram?

Асноўнае — вельмі прывабныя цэны на тавары або паслугі. 

Так было ў выпадку з кветкамі, пра якія мы пісалі раней, дзе дзялкі «прадавалі» букеты са 101 ружы за 250 рублёў і 51 ружу за 140. У рэальнасці падобныя букеты каштуюць у два разы даражэй.

Так адбываецца і з аўтамабільнымі шынамі, пра якія піша AutoGrodno.

У адрозненне ад «прадаўцоў» кветак, якія бяруць 100% перадаплаты за тавар, махляры, што «прадаюць» шыны па надзвычай прывабных цэнах, бяруць толькі 50% перадаплаты. Рэшту пакупнік нібыта мусіць перадаць кур'еру пры атрыманні тавару.

Цэны на шыны ў іх прыблізна на палову меншыя за рынкавыя. Зыходзячы з апісання, усе шыны ў продажы прывезеныя з Германіі. У асноўным у профілі прадаюць б/у пакрышкі, якія знаходзяцца ў стане амаль новых, але часам прапануюць і насамрэч новыя. 

Напрыклад, нібыта новыя шыны Pirelli ў махляроў прадаюцца па цане 480 рублёў за чатыры штукі, хоць на самай справе каштуюць па 200 рублёў за штуку. Такі камплект пры куплі ў сапраўдных прадаўцоў абыдзецца на суму каля 800 рублёў. 

Скрыншот з інстаграм-акаўнта geartire.by

Скрыншот з інстаграм-акаўнта geartire.by

Тое самае і з іншымі варыянтамі. Калі ў махляроў зімовыя шыны Continental 225/55 R19 прадаюцца па цане 980 рублёў за чатыры штукі, то іншыя прадаўцы аналагічныя шыны прапануюць па цэнах ад 550 рублёў за штуку. То-бок рэальны кошт такога камплекта пераваліць за дзве тысячы рублёў.

Акаўнт, праз які прадаюць шыны па незвычайных цэнах, быў створаны ў сакавіку гэтага года. Першыя допісы пачалі з'яўляцца ў маі. 

У хайлайтс інфармацыя з нібыта водгукамі ад шчаслівых кліентаў, умовы пакупкі, дастаўкі і нават лакацыя, дзе знаходзіцца гэтая кантора. Пазначаны адрас — Гродна, вуліца Мясніцкая, 3.

Праўда, ні чытач AutoGrodno, ні іншыя ахвяры махляроў ніякай крамы ці склада з шынамі па тым адрасе не адшукалі. А супрацоўнікі шынамантажу, якія знаходзіцца непадалёк ад пазначанай лакацыі, паведамілі, што людзей у пошуках танных шын па згаданым адрасе прыезджае шмат. Прычым з розных куткоў Беларусі.

Выглядае, што справы ў махляроў ідуць вельмі добра.

Пазітыўныя каментары і вялікая колькасць падпісчыкаў

Сярод іншых прыкмет таго, што вы трапілі на махляроў — немагчымасць пакідаць каментары пад допісамі. Бо ў адваротным выпадку там будуць з'яўляцца негатыўныя паведамленні ад тых, хто ўжо заплаціў грошы, а тавар так і не атрымаў.

Махляры вельмі любяць казыраць водгукамі ад задаволеных пакупнікоў. Таму яны робяць скрыны перапісак з нібыта кліентамі, якія выказваюць падзяку за атрыманыя тавары.

Скрыншот з інстаграм-акаўнта geartire.by

Скрыншот з інстаграм-акаўнта geartire.by

Але профілі на картах «Гугл» і «Яндэкс», дзе немагчыма забараніць пакідаць каментары адносна такога «бізнэсу», адсутнічаюць, бо там могуць з'явіцца гісторыі ахвяр, а сам профіль пасля скаргаў могуць хутка заблакаваць.

Cур'ёзным званочкам мусіць стаць сам факт таго, што адзіны сродак сувязі з падобнымі прадаўцамі — гэта дырэкт у інстаграме. У іх няма сайтаў і нумароў тэлефонаў, па якіх можна звязацца.

Разлік шляхам пераводу грошай на картку фізічнай асобы — яшчэ адзін з момантаў, на якія варта звяртаць увагу, бо падобныя дзялкі звычайна прымаюць грошы менавіта такім чынам. 

Разынка на торце, або пры чым тут блогеры

Разбіраючы махлярскія акаўнты ў інстаграме, складана не заўважыць, што ўсе яны маюць тысячы і нават дзясяткі тысяч падпісчыкаў. Набраць аўдыторыю ім дапамагаюць гівы (розыгрышы), якія праводзяць блогеры з вялікай аўдыторыяй. Галоўная ўмова ўдзелу ў розыгрышах — падпіска на ўсіх спонсараў. Праводзяць гівы ў тым ліку і беларускія медыйныя асобы, якія здабылі папулярнасць яшчэ ў даінстаграмаўскія часы.

Наўрад ці блогеры свядома падстаўляюць сваю аўдыторыю, прапануючы падпісацца на ўсіх, хто гатовы стаць спонсарам. Хутчэй яны проста не асабліва правяраюць, хто стаіць за пэўным акаўнтам, на які яны пазней будуць патрабаваць падпісацца ўсім, хто хоча паўдзельнічаць у розыгрышы.

Так з часам частка тых, хто ўдзельнічаў у гіве, становіцца і падпісчыкамі махляроў.

Схема з гівамі выглядае дзейснай. Так, напрыклад, тыя ж махляры, якія займаліся продажам кветак па незвычайных цэнах, у першыя дні кастрычніка пачалі развіваць рэзервовы акаўнт, які быў створаны 3 сакавіка 2023 года. Але раскручваць яго пачалі толькі ў кастрычніку.

Скрыншот з інстаграм-акаўнтаў cvetok.boutique.by і cvetok.rezerv.by

Скрыншот з інстаграм-акаўнтаў cvetok.boutique.by і cvetok.rezerv.by

Трэцяга кастрычніка ў яго было 59 падпісчыкаў, а праз 23 дні — ужо 6451 падпісчык. 

Аб працы махляроў, якія прадаць неіснуючыя тавары ў інстаграме, у гэтым месяцы таксама папярэджваў аддзел крымінальнага вышуку Слуцкага РАУС.

Сярод трох акаўнтаў, згаданых у публікацыі, былі тыя самыя прадаўцы шын, а таксама прадаўцы мужчынскага адзення і смартфонаў.

Акаўнт апошніх адшукаць не атрымалася, а вось «прадаўцы» адзення, як відаць, працягваюць сваю дзейнасць.

Выпадак з акаўнтам bomba.mens.sh0p даказвае, што ён быў раскручаны дзякуючы ўдзелу ў гівах.

Скрыншот з інстаграм-акаўнта bomba.mens.sh0p

Скрыншот з інстаграм-акаўнта bomba.mens.sh0p

Меркаваны спіс іншых спонсараў розыгрышу можна знайсці пры пераходзе ў раздзел «Аб гэтым акаўнце». Ён мае 86 акаўнтаў з агульнымі падпісчыкамі. Перасячэнне аўдыторыі складае ад 50 да 60% ад агульнай колькасці падпісчыкаў.

Чытайце таксама:

Разлік на картку і 100% перадаплата. Як махляры прадаюць кветкі праз інстаграм

Як махляры падманваюць беларусаў. Сабралі найбольш папулярныя метады


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?