Nürnberg band гурт Nürnnerg группа Nürnberg

Беларускамоўны гурт Nürnberg мае шматмільённую аўдыторыю па-за межамі краіны. Фота: nurnbergband / Instagram

У новым выпуску ютуб-канала «Міністэрства сепультуры» музычны аглядальнік Аляксандр Чарнуха расказвае, што на першым месцы ва ўсіх магчымых рэйтынгах па колькасці фанатаў знаходзіцца беларускі пост-панк. Гэтую сцежку пракладалі хлопцы з гурта Super Besse, удзельнікі якога пачалі граць разам у 2014 годзе. А мінскі пост-панк гурт «Молчат дома́» стаў самым папулярным рускамоўным гуртам ва ўсім свеце.

Калі ж гаварыць пра беларускамоўныя гурты, то самым папулярным цяпер за мяжою з'яўляецца гурт Nürnberg.

Гісторыя гурта пачынаецца ў 2014 годзе, калі два школьнікі — Юрый Лугаўцоў і Алег Сауцін — вырашылі, што будуць разам граць музыку. Яны пачыналі з кавераў на песні вядомых гуртоў. У 2018 годзе выйшаў іх міні-альбом «У нікуды». У тым жа годзе хлопцы выступалі на «Басовішчы», засвяціліся на Белсаце. А «Тузін гітоў» назваў іх адкрыццём года.

Гуртам таксама зацікавіліся за мяжой, і іх міні-альбом выйшаў у Германіі. А дэбютны альбом Skryvaj трапіў яшчэ і ў ЗША, дзе быў выдадзены на касетах на Death Shadow Records. Пачаліся замежныя гастролі і фестывалі, дзе Nürnberg паказаў музыку па-беларуску.

«Нас цікавіць дэпрэсіўны стан і ўнутраная барацьба. Нас натхняе шэрае наваколле і ўсеагульная стома. Нягледзячы на тое, што наша жыццё — шлях у нікуды, шмат якія думкі, пачуцці, падзеі і рэчы дапамагаюць разнастаіць існаванне і не захраснуць у штодзённым брудзе з галавой», —

апісвалі хлопцы сваю творчасць «Тузіну гітоў».

Шлях на вяршыню

Наступны альбом групы — Paharda — выйшаў у 2020 годзе. Над запісам і мастэрынгам яго працаваў Раман Камагорцаў з гурта «Молчат дома́». Альбом атрымаўся лепшым за першы, больш атмасферным. У яго насычанае гучанне, глыбейшыя тэксты.

Пасля яго выхаду ў Nürnberg'a здарыўся сапраўдны прарыў. Пайшлі канцэрты і фестывалі, пашырылася аўдыторыя. У 2020 годзе на Spotify гурт меў 2,4 мільёна праслухоўванняў у 92 краінах.

У 2021 годзе Nürnberg паехаў на фестываль Atlas Weekend у Кіеве. Пазней былі гастролі ў Расіі і Еўропе. І за адзін год статыстыка праслухоўванняў на Sportify узрасла да 5 мільёнаў у 137 краінах. А ў 2022 годзе хлопцы дабраліся да Мексікі і адкаталі там паўнавартаснае турнэ.

На той час гітарыст Алег Сауцін скончыў медуніверсітэт і стаў працаваць медыкам. Юрый Лугаўцоў пэўны час быў дзяржаўным служачым і паралельна граў музыку.

Алег Сауцін і Юрый Лугаўцоў Юрий Луговцов и Олег СаутинYury Luhautsou and Aleh Sautin

Юры Лугаўцоў (злева) і Алег Сауцін. Фота: nurnbergband / Instagram

У гэтым годзе ў Nürnberg выйшаў новы міні-альбом AHIDA, які складаецца з чатырох новых песень, што стылістычна вельмі моцна адрозніваюцца ад папярэдняга альбома. Гэта больш танцавальная інтэнсіўная музыка.

Адкуль назва

Як тлумачаць самі хлопцы, назва была выбрана таму, што Нюрнберг мае сувязь з гісторыяй Беларусі, а менавіта з Вялікім Княствам Літоўскім. Прапанову каранаваць Вітаўта выказаў фармальны кіраўнік Святой Рымскай імперыі Жыгімонт Люксембургскі. З гэтай прапановай пагадзіўся кароль Польшчы Ягайла. А вось польская знаць выступіла супраць.

Калі стары князь у 1340 годзе павінен быў стаць каралём, карона для будучай каранацыі была выраблена майстрамі ў Нюрнбергу. На жаль, карона знікла падчас перавозкі. Ёсць версія, што яе скралі недзе ў Польшчы.

Цяпер гурт знаходзіцца ў гастрольным туры па Еўропе. Ён пачаўся канцэртамі ў Сараеве. А скончыцца ў Познані. Усяго гурт выступіць у 10 краінах і дасць за месяц 17 канцэртаў.

У чым поспех

Як разважаюць самі ўдзельнікі гурта, «на англійскай мове песні прыеліся, гэта нешта такое штодзённае». «Каля 80% музыкі ў свеце выходзіць на англійскай мове, а на нейкіх нацыянальных мовах па-ранейшаму лічыцца нечым новым, экзатычным».

Але, як лічыць музычны аглядальнік Аляксандр Чарнуха, рэч не толькі ў гэтым.

«Беларускія гурты ствараюць унікальны настрой і атмасферу, перадаюць адчуванне пэўнай гістарычнай эпохі і выклікаюць нешта накшталт фантомнай настальгіі — сум па часе, у якім ты ніколі не жыў».

Чытайце яшчэ:

Як амерыканцы рэагуюць на беларускі рок

Пяць беларускіх артыстаў, якіх вы можаце не ведаць, але іх слухаюць сотні тысяч

Беларускі гурт, які бліжэй за ўсіх быў да «Грэмі»

Клас
70
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?