Сам абвінавачаны назваў правакацыяй дзеянні «невядомых яму асоб, якія прапанавалі яму супрацу». На запісах ён прызнаў свой голас, але падкрэсліў, што не быў ініцыятарам такіх размоў і не збіраў забароненай інфармацыі.

Асуджаны — беспрацоўны, нарадзіўся і жыў у Ровенскай вобласці. У свой час ён ваяваў у Афганістане, быў там камандзірам падраздзялення дэсантна-штурмавых войскаў.

Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, беларусу паводле часткі 2 артыкула 114-2 пагражала да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Раней яго ўжо прыцягвалі да адказнасці за апраўданне і падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

На пасяджэнні суда абвінавачаны паведаміў, што ў канцы лютага 2023 года да яго дадому прыязджалі невядомыя асобы, якія назвалі сябе супрацоўнікамі консульства Рэспублікі Беларусь. Падчас размовы яны яго павіншавалі з Днём вываду войскаў з Афганістана, далі дзве тысячы грыўняў (крыху больш за 50 даляраў у эквіваленце) і тэлефон чорнага колеру. Яму таксама паведамілі, што будуць тэлефанаваць, калі нешта будзе патрэбна.

«Цягам красавіка-мая ён размаўляў па тэлефоне з асобай, якая прадставілася, і расказваў інфармацыю, якая яму была вядомая ад жыхароў сяла пра размяшчэнне сіл тэрытарыяльнай абароны і вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны», — адзначаецца ў судовым рашэнні.

У судзе ў якасці сведкі дапыталі брата абвінавачанага, які паведаміў, што той яму расказваў, як да яго дадому прыязджалі «супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны, якія прадставіліся яму супрацоўнікамі беларускага консульства» і паабяцалі яму дапамагаць, а праз некаторы час ягонага брата арыштавалі.

Яшчэ адзін сведка, оперупаўнаважаны ўпраўлення СБУ ў Ровенскай вобласці, паведаміў у судзе, што ў час сваёй службы атрымаў інфармацыю, што абвінавачаны грамадзянін Беларусі «трапіў у поле зроку беларускіх спецслужбаў, падтрымлівае сувязі з колішнімі і дзейнымі вайскоўцамі Беларусі і Расіі». Гэтыя звесткі ён выклаў у рапарце на імя свайго кіраўніцтва.

Суд прызнаў вінаватым грамадзяніна Беларусі, бо следства пацвердзіла гэта пісьмовымі доказамі і аўдыяфайламі тэлефонных размоў.

7 чэрвеня 2022 года гэтаму грамадзяніну Беларусі ўжо прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады за апраўданне расійскай агрэсіі.

Чытайце таксама:

У Літве перадалі ў суд справу юрыста Мантаса Данелюса

Праект «Пегас» — рэвалюцыя ў шпіянажы

КДБ арыштаваў шэсць чалавек па абвінавачанні ў працы на Украіну і спробах падрыву цягнікоў з вайсковай тэхнікай

Клас
5
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2