Як з'явілася ідэя?

Ідэя падарожжа ў аўтадоме нарадзілася ў нас з мужам, калі мы жылі ў Германіі. Там вельмі шмат людзей так катаецца. Асабліва здзівіла, што так ездзяць пенсіянеры. А яшчэ мой муж глядзеў выдэаблогераў, якія калясяць па свеце ў аўтадамах. Дарэчы, іх называюць «ванлайферы».

Увогуле муж загарэўся ідэяй і заразіў ёй мяне. Таму, калі мы вярнуліся ў Беларусь, вырашылі ўзяць у арэнду такую машыну.

Дзе ўзяць дом на колах у Беларусі?

У нашай краіне арэндныя аўтадамы — рэдкасць. Той, які падыходзіў нам, давялося браніраваць за месяц да паездкі.

Між іншым, да нас на гэтай машыне сям'я ездзіла ў Турцыю праз Грузію. Цэлы месяц яны ў ім жылі.

Але вось прыйшла і наша чарга. Мы атрымалі запаветную машыну і прайшлі інструктаж па яе абслугоўванні. Складанага там практычна нічога няма, аднак трэба ведаць, як запраўляць ваду ў бак, мяняць касету ў санвузле і глядзець, каб не разладаваўся акумулятар.

Як у нас з інфраструктурай для такога роду падарожжаў?

Мы падарожнічалі па Мінскай і Брэсцкай абласцях. У нас спецыяльных месцаў для абслугоўвання дамоў на колах няма, таму спраўляліся сваімі сіламі.

На запраўцы залівалі ў рэзервуар ваду з крана. Муж проста чапляў шланг на звычайны вадаправодны кран у прыбіральні і заліваў ваду. Ёмістасць там не вельмі вялікая — усяго сто літраў. Гэтага хапае сям'і з трох чалавек на паўтара-два дні, калі карыстацца ў эканомным рэжыме.

Вада ў асноўным сыходзіла на гатаванне ежы і душ. Запасы трэба кантраляваць, каб не застацца зусім без вады.

Зліць касету з прыбіральні — таксама цікавая задача. У нас такіх прыстасаванняў нават і няма. Таму ўладальнік аўтадома на інструктажы нам патлумачыў, што рабіць гэта можна ў лесе, але толькі трэба потым закапаць адкіды.

А як перасоўвацца на такой машыне? Што напісана ў ПДР?

Для кіравання аўтадомам патрэбныя звычайныя правы катэгорыі «B», але машына вялікая і трэба адчуваць яе габарыты. Аднак мой муж справіўся з задачай «на ўра». Яму вельмі спадабалася руліць амаль грузавіком.

Між іншым, на хаду, па правілах дарожнага руху, нельга ляжаць на ложках. Усе павінны сядзець у спецыяльных крэслах і прышпільвацца рамянямі бяспекі.

Дарэчы, праходнасць у дома на колах — не надта. Напэўна, нават горшая, чым у легкавушкі. Таму нас папярэдзілі, каб мы не лезлі ў нетры, а то загрузнем і самі машыну не выпхнем.

А можа, лепш купіць свой?

Калі, як мы, выбірацца пару разоў на год, то лепш арандаваць. Для бытавых патрэб такое аўто асабліва не выкарыстоўваеш, але яго трэба абслугоўваць. Таму мы з мужам вырашылі, што арэнда — найлепшы для нас варыянт.

Дарэчы, плануем паўтарыць такія прыгоды яшчэ не раз, таму што гэтая паездка вельмі ўжо спадабалася. Арэнда, між тым, абыходзіцца каля ста даляраў у суткі.

За аўтадомам мы паехалі ў Мінск на сваёй машыне. Гаспадар патлумачыў, як карыстацца ўсімі прыборамі, і мы адправіліся ў падарожжа.

Першы начлег і ўраган

Спачатку мы хацелі паехаць на Вілейскае вадасховішча, але трапілі ў непагадзь. Дзьмуў моцны вецер, які ламаў дрэвы, таму мы вырашылі заначаваць проста ў полі, каля невялікай вёсачкі. У лесе спыняцца было небяспечна, на наш дамок на колах магло б паваліцца адно з дрэў.

Дарэчы, аўтадом падчас непагадзі паказаў сябе з найлепшага боку. Цёпла, суха і камфортна, а за вокнамі бушуе сапраўдны ўраган.

Дарэчы, некалькі разоў да нас падыходзілі мясцовыя з роспытамі пра тое, чаму мы сюды прыехалі, ці не будзем мы смеціць і гэтак далей. Ветлівай гэтую сустрэчу не назавеш, але ўсё абышлося добра.

Перачакаўшы непагадзь, раніцай мы рушылі далей.

Па маршруце. Баранавічы

У Баранавічы мы прыехалі, каб наведаць мясцовы заапарк. Гэта проста цудоўнае месца. Вельмі шмат вольнай прасторы, па якой разгульваюць жывёлы. Там мы прабылі каля пяці гадзін.

Мы з мужам бачылі розныя заапаркі, уключаючы Еўропу. Баранавіцкі заапарк — адзін з найлепшых. Звяры свабодна шпацыруюць амаль у прыродных умовах, падыходзяць да наведвальнікаў, а яшчэ іх можна карміць проста з рук. Вельмі добра арганізаванае месца, прыгожа і нават ёсць некалькі кавярынек.

Беларускія Мальдывы пад Кобрынам

З Баранавічаў мы адправіліся ў Каташы. Там выдатнае рукатворнае возера з белым пясчаным пляжам і чыстай празрыстай вадой.

У саміх Каташах жыве ад сілы чалавек дзвесце. Пляж чысты і абсталяваны. Там ёсць і парасоны, і распранальні, і лаўкі.

Дарэчы, самі мясцовыя прыходзяць і прыбіраюцца на пляжы. Такога чыстага і дагледжанага вадаёма ў Беларусі я яшчэ ні разу не сустракала. Мы з задавальненнем прыедзем туды і ў наступны раз. Проста запала ў сэрца гэтае месца!

Дарэчы, увечары вынеслі стол вонкі, каб папіць гарбаты, але з лесу было чуваць, што недзе непадалёк ходзяць дзікія звяры. Таму на ноч сталі зачыняцца.

А аднойчы да майго мужа выйшла з лесу вялікая ліса, толькі ён яе спудзіў, і мы не паспелі сфатаграфаваць.

Па дарозе яшчэ заехалі ў Камянец, паглядзець мясцовую славутасць — Камянецкую вежу. Яна ж старадаўняя, XIII стагоддзя пабудовы. Шкада, што на той момант вежа была зачыненая.

Белавежская пушча, ровары і рэзідэнцыя Дзеда Мароза

Наступным пунктам нашага маршруту была Белавежская пушча. Прыбылі мы туды пад вечар і вырашылі пераначаваць проста на паркоўцы. Зноў чулі, як у лесе блукаюць дзікія звяры. Нават неяк страшнавата чуць, як яны там рыкаюць і выюць.

Раніцай мы пакінулі аўтадом на паркоўцы і адправіліся на экскурсію. Больш за ўсё мяне ўразіла рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Ён сапраўды класны! Добры, увесь час жартуе і распавядае гісторыі.

Аказваецца, у рэзідэнцыі ёсць яшчэ і дом Бабы Ягі. Экскурсавод правяла нас па ўсёй тэрыторыі, паказала і распавяла шмат цікавага. Пазітыўных уражанняў ад экскурсіі засталося вельмі шмат. Быццам у казцы апынуліся.

Пасля экскурсіі мы адправіліся ў саму пушчу. Там мы ўзялі напракат ровары і паехалі па адным з веламаршрутаў. Тут было проста поўнае яднанне з прыродай. Пах лесу, спевы птушак, шум галін на ветры — усё гэта проста незабыўна.

Пасля велапрагулкі мы рушылі на яшчэ адну экскурсію. Гэтым разам пайшлі глядзець жывёл у вальерах. Калі параўноўваць з заапаркам у Баранавічах — у пушчы ўмовы ўтрымання звяроў горшыя.

Нашыя чаканні ад экскурсіі крыху не апраўдаліся. Клеткі і вальеры цеснаватыя, жывёлы выглядаюць стомленымі. Ды і карміць іх нельга. Але такое ўражанне склалася ў параўнанні з папярэднім заапаркам.

Калі Белых азёр у Беларусі некалькі — можна і памыліцца

Пасля наведвання пушчы мы пагрузіліся ў свой домік на колах і паехалі на Белае возера. Муж шмат глядзеў пра яго відэа ў інтэрнэце. Аднак аказалася, што азёр з такой назвай у краіне некалькі. І мы прыехалі не на тое, але таксама з назвай «Белае».

Дарэчы, такая памылка нас зусім не знервавала таму, што і гэтае Белае аказалася цалкам сабе добрым і прыгожым месцам. Удосталь назагараліся, выкупаліся і пагулялі ў бадмінтон. Увогуле, памылка аказалася не такой фатальнай. А можа нават і шчаслівай.

Назад у Мінск

На гэтым нашы прыгоды падышлі да завяршэння. Пасля апошняй начоўкі мы адправіліся назад у Мінск, здаваць аўтадом яго законнаму ўладальніку.

Хочацца дадаць, што мы плануем яшчэ раз паўтарыць такое падарожжа. Вельмі незвычайна, калі ты нібыта ў гасцінічным нумары, але ў той жа час як і на прыродзе. Тым больш што падарожжа і маршрут ты плануеш сабе сам і ні ад каго не залежыш.

Наступным разам хочам паездзіць па Гродзеншчыне і Віцебшчыне, а таксама заехаць на Браслаўскія азёры.

А яшчэ мужу вельмі спадабалася кіраваць аўтадомам. Я ж сесці за руль тым разам так і не адважылася.

А якія мы назіралі захады сонца!

Чытайце таксама:

«Пакіну медыцыну і займуся сельскай гаспадаркай». Уладальнік салона прыгажосці расказаў, як паралельна займаецца фермерствам у вёсцы

«Праца ў моры дала зразумець, што ўсё ў гэтым жыцці магчыма». Беларуска працуе на лайнерах і глядзіць свет, а дома ратуе жывёл

«У Беларусі дзеці часцей маніпулююць дарослымі». Беларуска паехала вучыць кітайскіх дзяцей і не шкадуе

Клас
12
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4