Павел Церашковіч Павел Терешкович Pavel Tereshkovich

Павел Церашковіч лічыць падзеі 2020-га года беларускай рэвалюцыяй. Скрын відэа

Ці існуе беларуская нацыя

Павел Церашковіч адзначае, што ў часы Савецкага Саюза існавала толькі марксісцка-ленінскае азначэнне нацыі. Але ў сучаснай тэорыі адзінага яе акрэслення няма. Больш за тое, азначэнне, што такое нацыя, вельмі цяжка знайсці.

Церашковіч раіць карыстацца падыходам чэшскага вучонага Міраслава Гроха (Miroslav Hroch), які гаворыць не пра нацыю, а пра нацыянальны рух.

«Таму сёння я адказаў бы так: у нас ёсць нацыянальны рух, які накіраваны на пабудову нацыі. І як у кожнага нацыянальнага руху, у беларускага ёсць некалькі мэт, якія дастаткова тыповыя для нацыянальных рухаў. Гэта зняцце ўсіх перашкод для развіцця нацыянальнай культуры, мовы, адукацыі на ёй. Другая мэта — патрабаванне грамадзянскіх свабод і самакіравання. Трэцяя мэта — пабудова завершанай сацыяльнай структуры нацыі», — кажа Церашковіч.

На погляд прафесара, дзве першыя мэты не дасягнутыя. Таму можна казаць, што ў нас ідзе працэс пабудовы нацыі. Каб ён завяршыўся, патрэбная пабудова нацыянальнай дзяржавы, а ў нас дзяржава сёння не нацыянальная. Яна, хутчэй, антынацыянальная.

І больш за тое, нават калі нацыянальная дзяржава будзе створаная, калі там будуць грамадзянскія свабоды і іншыя прыкметы такой дзяржавы, гэта не будзе азначаць, што ў той жа момант узнікне нацыя. Нават пасля стварэння нацыянальнай дзяржавы спатрэбіцца некалькі дзесяцігоддзяў ці нават стагоддзе, каб гэты працэс завяршыўся.

Які тып нацыяналізму будзе вызнаваць будучая беларуская нацыя?

Калі гаварыць пра тыпы нацыяналізму, то, на погляд Церашковіча, штучна супрацьпастаўляць этнічны нацыяналізм грамадзянскаму.

«Бо кожны грамадзянскі нацыяналізм змяшчае ў сабе этнічны кампанент. І наадварот, пераважная большасць этнічнага нацыяналізму, калі ён узнікаў, заўсёды ставіў сабе тыповыя мэты нацыянальнага руху: дасягненне грамадзянскіх свабод і пабудову незалежнай дзяржавы. Я думаю, што не трэба займацца гэтымі гульнямі, яны шмат злога нарабілі для развіцця, у тым ліку і беларускага нацыянальнага руху», — адзначае Церашковіч.

Ён заўважае, што сёння нацыяналізм вельмі часта звязваюць з радыкальнымі рухамі, з крайне правымі. Але насамрэч нацыяналізм — гэта не ідэалогія, а сукупнасць сантыментаў, пачуццяў, эмоцый, звязаных з прыналежнасцю да пэўнай нацыянальнай групы.

І вось гэтыя пачуцці могуць лакалізавацца на розных баках палітычнага спектра. Гэта можа быць як крайне правы бок, гэтак і крайне левы. І калі згадаць гісторыю нацыянальных рухаў ва Усходняй Еўропе ў пачатку ХХ стагоддзя, то відаць, што ўсе гэтыя рухі былі левыя.

Церашковіч адзначае, што дыскусія пра тыпы нацый і тыпы нацыяналізму абсалютна бессэнсоўная, і «не трэба трапляць у гэтую пастку: маўляў, які там рух — этнічны ці нацыянальны? Усе нацыянальныя рухі адначасова і тыя, і тыя, проста па-рознаму фармулююць свае прыярытэты».

Падзеі 2020-га года — беларуская рэвалюцыя

На погляд Церашковіча, цяпер, з адлегласці трох гадоў, можна вызначыць тое, што адбылося, як беларускую рэвалюцыю 2020-га года. Гэтая рэвалюцыя адпавядае ўсім параметрам.

«Галоўным патрабаваннем былі новыя выбары, што азначае змену дзяржаўнага ладу, бо было відавочна, што калі новыя выбары адбудуцца, то гэта будзе ўжо іншая краіна», — аргументуе сваю думку прафесар.

Ён заўважае, што шмат якія гісторыкі кажуць: маўляў, калі б мы дамагліся перамогі, тады б гэта была рэвалюцыя.

«Гэта не зусім так. Ёсць шмат рэвалюцый, якія не мелі поспеху. Напрыклад, рэвалюцыя 1848-га года ў Германіі, якая таксама не перамагла, але тым не менш гэта рэвалюцыя, — прыводзіць прыклад Церашковіч і звяртае ўвагу на яшчэ адзін момант, чаму варта гаварыць менавіта пра беларускую рэвалюцыю:

— Калі мы паглядзім на гісторыю масавых выступленняў, масавых рухаў на тэрыторыі Беларусі пачынаючы ад паўстання Касцюшкі і далей, калі былі паўстанні ХІХ стагоддзя, рэвалюцыя 1905-га года, рэвалюцыя 1917-га года, то ўбачым, што ўсё, што адбывалася тады на тэрыторыі Беларусі, было рэхам падзей, якія адбываліся ў межах больш вялікіх палітычных утварэнняў, існых ці былых.

А вось тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020-м годзе, — гэта быў выключна беларускі палітычны пратэст. Гэта ніякае не рэха, гэта самастойная праява. Менавіта таму я лічу, што трэба называць гэтыя падзеі нашай беларускай рэвалюцыяй».

Што прывяло да рэвалюцыі 2020-га года

Прафесар звяртае ўвагу на тое, што за апошнія тры дзесяцігоддзі адбыліся істотныя змены ў сферы занятасці беларусаў.

«Калі ў пачатку 1990-х гадоў Беларусь была тыповым індустрыяльным грамадствам, у якім большасць была занятая менавіта ў індустрыяльным сектары, то да 2020-га краіна прыйшла збольшага да постындустрыяльнага грамадства, у якім больш за 60% [насельніцтва] было занята ў сферы паслуг. Мы бачым, што ў 2010-я гады дастаткова хутка развівалася ІТ-індустрыя. А гэта тыповы прыклад развіцця сучаснай сферы паслуг», — кажа гісторык.

Другая істотная змена, на якую звяртае ўвагу Церашковіч, адбылася ў сектарах занятасці. Калі ў сярэдзіне 1990-х большасць беларусаў працавалі ў дзяржаўным сектары (звыш 60%), то ў канцы другога дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя такі паказчык занятасці быў уласцівы недзяржаўнаму сектару.

Акрамя таго, за апошнія тры дзесяцігоддзі значна вырас узровень урбанізацыі краіны — з 65% да 78%. І па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца сярод лідараў еўрапейскіх краін.

Прафесар адзначае яшчэ адну вельмі істотную змену. Яна адбылася ва ўзроўні адукаванасці грамадства. Калі ў канцы 1980-х гадоў толькі крыху больш за 10% беларусаў мелі вышэйшую адукацыю, то ў сярэдзіне 2010-х гэты паказчык перавысіў 25%.

Але былі і палітычныя трыгеры.

«Узніклі новыя вялікія сацыяльныя групы, якія былі абсалютна незадаволеныя той абсалютна архаічнай палітычнай структурай, якая недарэчная для пачатку ХХІ стагоддзя. Ва ўсім грамадстве адчувалася моцная стомленасць ад дыктатуры, якая была няздольная забяспечыць у першую чаргу сацыяльныя і іншыя ўяўленні беларусаў аб дабрабыце.

Безумоўна, моцным трыгерам стала эпідэмія Covid-19, у першую чаргу, рэакцыя на яе ўлады. Фактычна ўлада кінула беларусаў з гэтай смяротнай пагрозай сам-насам. І не проста кінула, а мэтанакіравана з іх здзекавалася. І гэта прывяло да з'яўлення такіх лютых пачуццяў да дыктатуры і, з другога боку, выбуху самаарганізацыі і самадапамогі», — сцвярджае прафесар.

Якая будучыня ў беларусаў

Церашковіч заўважае, што цяжка нешта прагназаваць. Тым больш што гэта не праца гісторыка. Але ён прапануе паглядзець на тое, што адбываецца ў апошняе дзесяцігоддзе ў Расіі: «Відавочна, што такога моцнага націску русіфікацыі раней у гісторыі Расіі не было, нават калі параўноўваць з тым, што там было пры Аляксандру ІІІ».

Прафесар звяртае ўвагу, што сёння ціск на нярускія народы вельмі значна павялічыўся. І цяпер ёсць статыстыка, што толькі тры мовы ў Расіі, акрамя рускай, маюць больш-менш стабільную колькасць носьбітаў — чачэнская, тацкая і тувінская. А ўсе астатнія страчваюць колькасць сваіх носьбітаў. Асабліва гэта тычыцца фіна-ўгорскіх народаў Расіі, якія знікаюць на вачах: колькасць іх носьбітаў за апошнія 20—30 гадоў скарацілася на 40—60%.

«Калі Беларусь не захавае сваёй незалежнасці, то ёсць вельмі моцная пагроза асіміляцыі. Але, з другога боку, гэтыя працэсы не зʼяўляюцца незваротнымі. І на самай справе знішчыць народ, калі яго не знішчаюць фізічна, дастаткова складана», —

сцвярджае навуковец і згадвае прыклад, які вельмі любілі прыводзіць у савецкі час, каб паказаць дыскрымінацыйную палітыку. У Аўстраліі было заяўлена, што памерла апошняя прадстаўніца народа тасмані. Але калі палітыка ў краіне змянілася, то высветлілася, што тасманійцы выжылі. Проста яны нейкім чынам хавалі сваю ідэнтычнасць.

Прафесар таксама звяртае ўвагу, што сёння ў Еўрапейскім саюзе адбываецца адраджэнне моў, на якіх у свой час паставілі крыж. Яскравы прыклад — валійская мова, колькасць носьбітаў якой расце. І нават брытанскія ўлады прызналі гэтую мову афіцыйнай мовай на адным узроўні з англійскай.

Яшчэ адзін прыклад — ніжненямецкая мова. Яна вельмі моцна адрозніваецца ад афіцыйнай, і таксама лічылі, што яна памірае. Але ў канцы ХХ стагоддзя яна атрымала афіцыйны статус мовы меншасці. Дзякуючы гэтаму ідзе яе адраджэнне. А за ёй пацягнуліся і носьбіты іншых нямецкіх дыялектаў.

«Такім чынам, усе гэтыя працэсы могуць выглядаць вельмі пагрозліва, але трэба ведаць, што іх можна павярнуць назад. Ну, і да гэтага трэба дадаць тое, што вызначаў Міраслаў Грох, калі казаў, што такое нацыя. Ён казаў, што перш за ўсё патрэбна ўяўленне аб агульным лёсе, аб агульнай гісторыі. Вось такое ўяўленне прысутнічае.

Праўда, у розных інтэрпрэтацыях, але яно агульнае. І гэта ёсць той перадумовай, што пры ўсіх пагрозах, якія вельмі моцныя як з боку «рускага свету», так і адміністрацыі Лукашэнкі, якая фактычна праводзіць палітыку «рускага свету», тым не менш шанцы выжыць у нас ёсць».

Чытайце яшчэ:

Павел Церашковіч: 2020-ы стаў годам, калі беларусы сталі здольныя на дзеянні без лідара і закліку

Павел Церашковіч пра мову і нацыю: Беларусь — не Ірландыя. Наша мадэль — фінская

Прафесарка ЕГУ прапанавала сваю трактоўку «беларускага грамадзянскага нацыяналізму». Тлумачэнне гучыць як маніфест 

Клас
44
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?