Офіс Wargaming у Вільні. Ілюстрацыйнае фота: wargaming.com

Офіс Wargaming у Вільні. Ілюстрацыйнае фота: wargaming.com

Апошнія тыдні розныя літоўскія палітыкі пачалі выказвацца за абмежаванне беларусаў у правах нароўні з рускімі, а таксама намякаць, што на найбліжэйшых пасяджэннях Сейма такія прапановы будуць разгледжаныя і ў нейкай форме прынятыя. 

Так, напрыклад, прэм'ерка Літвы Інгрыда Шыманіце тлумачыць неабходнасць пастражэння стаўлення да беларусаў у Літве дзеяннямі Лукашэнкі (у тым ліку тым, што дазволіў размясціцца ў Беларусі вагнераўцам). 

Чытайце таксама: Прэм'ерка Літвы: Ёсць нямала падстаў для ўніфікацыі абмежаванняў для беларусаў і расіян

Некаторыя матэрыялы ў літоўскіх СМІ выглядаюць падрыхтоўкай грамадскай думкі па гэтым пытанні. Так, у Delfi нядаўна апублікавалі гісторыю пра тое, як у бары беларус быццам бы даказваў літоўцу, што Вільня — гэта беларуская зямля. 

Усё гэта суправаджалася каментарыем літоўскага гісторыка, а таксама згадвалася пазіцыя літоўскага прэзідэнта наконт неабходнасці пастрожыць умовы для беларусаў у Літве.

На фоне гэтага разышлося меркаванне Даруса Урбонаса, дарадцы Гітанаса Наўседы, які выказаўся ў духу, што 60 тысяч беларусаў у Літве — гэта забагата, і каб санкцыі супраць беларусаў увялі раней, то «гэтая статыстыка так бы не выглядала». 

Чытайце таксама: Сейму трэба вярнуцца да пытання ўніфікацыі санкцый супраць беларусаў і расіян — дарадца прэзідэнта Літвы

Чытайце таксама: 910 беларусаў прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы

Нагадаем, пры варыянце абмежаванняў, якія дзейнічаюць супраць расіян, беларусаў можа чакаць абмежаванне на ўезд у краіну (для тых, хто едзе з турыстычнымі, культурнымі, працоўнымі мэтамі), забарона на набыццё нерухомасці як фізічнымі асобамі, так і юрыдычнымі асобамі, якія належаць беларусам. 

У гэтых умовах у «Нашу Ніву» даходзіць інфармацыя аб вібрацыях у беларуска-літоўскім бізнэс-асяродку. 

Найбольшую колькасць людзей у Літву перавозілі беларускія ІТ-кампаніі, якія па сукупнасці прычын з 2020-га імкнуліся сысці з таксічнай беларускай юрысдыкцыі і адгукнуліся на запэўніванні Літвы ў тым, што іх чакаюць. 

У беларускіх кампаніях у Літве працуюць тысячы чалавек, асобныя кампаніі выбіваюцца ў лідары па сплаце падаткаў.

Але сітуацыя можа змяніцца. 

«Мы спачатку рэлакавалі офіс з Мінска ў Вільню на фоне рэпрэсій супраць сваіх супрацоўнікаў, а цяпер вывозім іх з Вільні. Для прыняцця гэтага рашэння нам стала дастаткова толькі таго, што літоўцы зноў завялі публічную дыскусію аб абмежаванні беларусаў у правах. Чакаць гэтага мы не будзем і праз два месяцы ніводнага супрацоўніка ў Літве не застанецца, мы пераязджаем у Польшчу», — сказаў «Нашай Ніве» кіраўнік знакамітай у Беларусі фінансавай ІТ-кампаніі. У гэтай кампаніі рашэнне прынялі «зверху». 

Так рашэнні прымаюцца не паўсюль, але трэнды супадаюць. 

«У нас няма такой дыктатуры ў кампаніі, што вось тут мы вас пагрузілі, а тут выгрузілі — працуйце.

Рэальнасць такая, што Літву выбіралі нашы супрацоўнікі самі на фоне выбару магчымасці пераехаць у Польшчу, Германію, Грузію і Кіпр. Большасць супрацоўнікаў выбрала Літву па тых прычынах, што яна блізка да дома, зразумелая культура, звыклы клімат, спачуванне да беларускай трагедыі і гэтак далей. 

Але цяпер мы назіраем, што людзі просяць пераводу з Літвы. У асноўнай масе ў Польшчу, таму што на фоне пагаршэння стаўлення да беларусаў (як мінімум, на ўзроўні рыторыкі) людзі не разумеюць, як планаваць будучыню ў краіне, адкуль цябе могуць выгнаць, калі, здавалася, ты ўжо наладзіў побыт.

Многіх проста няма куды дэпартаваць — дома яны пад пагрозай пераследу за актыўны фінансавы і фізічны ўдзел у пратэстах», — сказалі нам менеджары іншай знакамітай беларускай ІТ-кампаніі. 

«Маса людзей, сапраўды, рэлакуецца з Літвы», — дадаў менеджар сярэдняга звяна ў ІТ-сферы, які ўжо перабраўся з Вільні ва Уроцлаў. 

«Абуральная проста аргументацыя. Лукашэнка для нас пагроза, а таму мы будзем адказваць яму праз паражэнне ў правах беларусаў, якія аказаліся ў Літве роўна таму, што не падтрымліваюць абсалютна ўсё тое, што ён робіць. Гэта па-чалавечы крыўднае, недапушчальнае стаўленне.

У нас маленькі офіс у Літве, але людзі пытаюцца, якую будучыню ім абяцае кампанія, якая перавезла іх у Літву — да якой мяжы мы можам тут наладжваць жыццё? А крэдыты можам браць? А калі нам забароняць купляць нерухомасць, што тады будзе?» — выказаў сваё меркаванне бізнэсовец, які знаходзіцца ў працэсе перавозу асноўнай часткі свайго ІТ-бізнэсу ў ЕС. 

Супрацоўнік іншай ІТ-кампаніі выказаў спадзяванне, што заклікі асобных палітыкаў абмежаваць правы беларусаў не пойдуць далей за рыторыку.

«Мы спадзяёмся, што такога не адбудзецца. Пакуль што лічым рэзкую рыторыку некаторых палітыкаў, у першую чаргу, працай на свой палітычны капітал», — сказалі нам у вялікай ІТ-кампаніі, якая перабралася ў Літву ў 2020-м. 

«Забаўна будзе, калі прыйдзецца пераязджаць. Мы ўжо набралі столькі літоўцаў на працу, што прыйдзецца забіраць у Польшчу і іх», — сказаў нам менеджар кампаніі, у якой у Літве больш за тысячу супрацоўнікаў. 

Чытайце таксама:

Сталі вядомыя 5 найбольшых падаткаплатнікаў Літвы з беларускімі каранямі

EPAM абышла Wargaming па выплаце падаткаў у Літве

«Гэты працэс не спыняецца». Як рэлакейт беларускага бізнэсу ўплывае на Беларусь і суседнія краіны

Клас
66
Панылы сорам
20
Ха-ха
17
Ого
6
Сумна
50
Абуральна
31