Максім Зюзюнчык Максим Зюзюнчик Maxim Zyuzyunchik

Былы расійскі наёмнік, а цяпер ваеннапалонны Максім Зязюльчык размаўляе са сваёй мамай. Скрын відэа

«Збіраўся ў нядзелю чым раней легчы, але натрапіў на гэты відос — і заліп. Амаль дзве гадзіны гутаркі з сілавіком-лукашыстам, які трапіў у палон да ўкраінцаў. Было цікава зазірнуць у галаву такога чалавека», — піша пра відэа на сваёй старонцы ў фэйсбуку адзін з карыстальнікаў.

Герой відэа — Зязюльчык Максім Мікалаевіч (у субцітрах яго прозвішча памылкова расшыфроўваюць як «Зюзюнчык»). У свой час ён служыў у вайсковай часці ў Марʼінай Горцы пад Мінскам, якая ўваходзіць у склад Сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь.

У канцы 2021 года ён завербаваўся ў прыватную вайсковую кампанію «Рэдут». У палоне хлопец знаходзіцца, па яго словах, 11 месяцаў.

З вайскоўцам Volodymir Zolkin размаўляў двойчы. Першы раз — неўзабаве пасля таго, як Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінцаў.

Як заўважае адзін з гледачоў, на другім відэа, знятым пасля дзевяці месяцаў палону, «вельмі кідаецца ў вочы, як чалавек набраўся ўпэўненасці, знаходзячыся ва ўладзе так званага ворага. Расправіў крылы, і для яго ўжо не ўсё так адназначна… У палоне ён пачуваецца больш вольным, чым дома. У чым гэта праяўляецца? У страху. Украінцаў, якія трымаюць у палоне, ён не баіцца, а сказаць слова вайна — баіцца, як і неяк зачапіць «Александра Григорьевича».

Мы таксама паглядзелі гэтае відэа і прапануем некалькі вытрымак.

Вайна ці «спецаперацыя»?

Падчас размовы Зязюльчык кажа, што не думаў, што патрапіць у зону баявых дзеянняў, а калі ўжо туды трапіў, то дапускаў, што з ім можа здарыцца ўсё што заўгодна. «Гэта вайна, тут адбываецца ўсё. Спецаперацыя, выбачаюся», — кажа ён.

Такая агаворка прымусіла вядоўцу ўдакладніць, усё ж такі «вайна» ці «спецаперацыя». Зязюльчык адказаў: «Для кожнага сваё. Для некага гэта вайна. Што для мяне? Скажу так. Для мяне гэта баявая задача».

На думку палоннага, на Лукашэнку ціснулі, магчыма, нават ваенным чынам, бо «геаграфічна гэта вельмі зручна. Прамы шлях на Кіеў. Як паказвае практыка, узяцце сталіцы шмат пра што кажа».

Ці быў у Лукашэнкі выбар? На гэтае пытанне Зязюльчык адказвае, што выбар ёсць заўсёды, гэта залежыць ад таго, больш ці менш крыві пральецца. І Лукашэнка выбраў схему адсутнасці беларускай крыві.

Аб прысутнасці ПВК «Вагнер» у Беларусі

Зязюльчык адзначае пазітыўны бок прысутнасці вагнераўцаў у Беларусі: «Як вайсковец [ацэньваю] добра. Гэта якаснае падраздзяленне з багатым баявым досведам. У іх строгая дысцыпліна. У іх свае правілы жыцця, свае асновы, каштоўнасці. І гэтыя людзі — Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, якіх называюць «бульбянымі войскамі», — на самай справе падрыхтаваныя падраздзяленні. І досвед вагнераўцаў, які яны перадаюць, гэта вельмі добра. Шмат у якіх краінах гэта выкарыстоўваецца, калі найміты навучаюць асабовы склад той краіны. Так і ў вас адбываецца».

Калі гаварыць пра адмоўнае, то Зязюльчык адзначае, што «гэта салдаты ўдачы. І што ў іх у галаве?»

Бунт Прыгожына палонны лічыць «наводай», за якой хаваецца нешта іншае. Магчыма, узмацненне беларускага кантынгенту ва ўмовах пагрозы перавароту ў краіне, а «любая ўлада не хоча перавароту, таму што пераварот прыводзіць да вялікай колькасці забітых».

Ці добры мір у Беларусі з Расіяй?

Ваеннапалонны адзначае, што, магчыма, некалькі месяцаў назад ён бы сказаў, што лепшае — кепскі мір ці добрая вайна, але цяпер яму цяжка адказаць на гэтае пытанне.

Ён бачыць якасць палонных. З таго кантынгенту, што атачае яго ў палоне, большая палова — былыя зняволеныя. Астатнія — людзі нізкай сацыяльнай адказнасці. Пісьменных, падрыхтаваных байцоў каля 1—1,5 працэнта.

На пытанне аб тым, ці магчыма перамагчы такімі войскамі, Зязюльчык адказвае: «На вайне магчыма ўсялякае».

Саюз паміж Расіяй і Беларуссю ваеннапалонны лічыць не віртуальным, а рэальным. А стварэнне агентурнай сеткі ўнутры расійскіх войскаў, удзельнікам якой і сам (па ягоных словах) быў, «магчыма, выгадна тым, каму не падабаецца, як ён [Лукашэнка] кіруе. Якія б хацелі замест яго бачыць некага іншага. Падарваць аўтарытэт у вачах Расіі. Безумоўна, гэта падрывае аўтарытэт такога важкага чалавека, як Аляксандр Рыгоравіч».

«Праўда. Ці яе няма, ці яна свая для кожнага»

Падчас размовы адзін з аўтараў канала Дзмітрый Карпенка патэлефанаваў маме Максіма. Пасля размовы сына з маці Дзмітрый задаў ёй пытанне «Хто на каго напаў?». Маці паспрабавала сысці ад адказу, сказаўшы: «Я не палітык, каб нешта судзіць. Я проста чалавек, які супраць вайны. Хто на каго напаў, той няхай і нясе адказнасць».

Сын паспрабаваў заступіцца за маці: «Яна не будзе адказваць на гэта пытанне, таму што вы добра ўсё разумееце, што гэта можа выклікаць.

(Што?) Нейкі пераслед. (Ад каго?) З абодвух бакоў. З Беларусі і Расіі. (За што? За праўдзівы адказ?) Для каго праўдзівы, а для каго і не. Вы ж добра разумееце».

Сама маці сказала, што магла б нешта і сказаць, але яе за гэта пасадзяць.

Зязюльчык папрасіў больш не працягваць гэтай размовы, бо лічыць, што Дзмітрый Карпенка правакуе яго маці.

«У гэтым выпадку не да месца задаваць цывільнаму чалавеку. Я таксама магу выйсці на некаторыя правакацыі. Вам з беларусаў ніхто нічога не скажа».

Пазней паміж маці і сынам адбыўся такі дыялог.

— Ты ж разумееш, што за праўдзівы адказ мяне пасадзяць, — сказала маці.

— Ну, магчыма, праўдзівы, магчыма,непраўдзівы. Для каго як. Праўда. Ці яе няма, ці яна свая для кожнага. Усе, хто тут знаходзіцца, добра гэта разумеюць. Але гэта кантэнт, — заўважыў Зязюльчык.

Тут умяшаўся Карпенка: «Не, гэта хронікі вайны, якія застануцца на ўсё жыццё».

— У іх гэта называецца «хронікі вайны», — заўважыў Зязюльчык.

— Добра, — пагадзіўся Карпенка. — Гэта кантэнт. Як файл. Вынікам нашай размовы будзе файл, які пабачыць мільён чалавек. Колькі яго ні будзе «блакаваць» ютуб, я буду парушаць правілы, якія ніхто не можа патлумачыць, але ён будзе перазалівацца заўсёды.

— Ну, а калі я пачну гаварыць нейкія нязручныя моманты, то вы гэта выражаце? — спытаў Зязюльчык.

— Так. Таму што некаторыя моманты нельга гаварыць.

— Нельга ў вас гаварыць. А ў нас наадварот. Можна. Таксама, як і ў адваротным выпадку.

— Якія моманты?

— Ну вы ўсё роўна выражаце. Мы потым з вамі сам-насам пагаворым.

Хто на каго напаў?

На гэтае пытанне Зязюльчык адказаў наступным чынам: «Скажам так, Расія перайшла мяжу першай. Расія пачала першай дбаць пра свае інтарэсы».

— Дык хто ж напаў на тэрыторыю Украіны?

— Расійская Федэрацыя.

— Нарэшце з трэцяга разу мы гэта выдушылі.

— Ну, проста па-іншаму вам незразумела. Вам так зручней. Вы называеце гэта нападам. А там гэта называюць «дбаць пра свае мэты».

У далейшай размове ваеннапалонны сказаў, што Расія, заходзячы на тэрыторыю Украіны, дбала пра такую мэту, як дэнацыфікацыя — «прыбраць рэжым нацыяналізму».

На пытанне, хто ў гэтай вайне Беларусь: суўдзельнік вайны, сябар Расіі, партнёр, Зязюльчык адмовіўся адказваць. «Няхай будзе таварыш, калі вам так зручна», — толькі сказаў ён.

«Дурныя прэзідэнтамі не становяцца»

Адказваючы на пытанне, чаму беларусы не далі адпору Расіі да вайны, каб не даць выкарыстаць сваю тэрыторыю, ваеннапалонны адзначыў:

«Каб даць адпор, неабходна, каб быў нейкі кіраўнік, нейкая галава. Гэта павінен быць чалавек, які павядзе за сабою людзей. У кожнага кіраўніка свая палітыка. Значыць, у інтарэсах Аляксандра Рыгоравіча не было даваць адпор. Ён таксама мужык не дурны. Значыць, нешта там яшчэ ёсць. Дурныя прэзідэнтамі не становяцца. Я іншага за сваё жыццё не бачыў. Ён 27 гадоў ва ўладзе (насамрэч 29 — «НН»). Мне 23».

— Дык ён у вас як адзін раз прыйшоў да ўлады, дык і да труны, — заўважыў Карпенка.

— Магчыма, у нечым гэта і правільна. Чалавек — такое стварэнне не вельмі добрае. Ва ўсіх нас ёсць памылкі. У кожнага за плячыма ёсць шмат нядобрых спраў, — адказаў ваеннапалонны.

— Дык чаму ў вас улада не мяняецца?

— Значыць, не знайшлася яшчэ належная ўлада, якая гатовая замяніць (няважна, сілавым шляхам, дыпламатычным), якая лепшая.

— А дзе ўся ваша апазіцыя?

— Збегла ў Польшчу, падціснуўшы хвасты.

— А да гэтага дзе яны былі? Чаму яны збягалі, а астатнія ў турмах былі?

— Сядзелі пад рэпрэсіямі, як яны сказалі.

— Мяне закранула, што твая мама сказала, што яе пасадзяць. Тое, што яна баіцца сказаць, што думае, гэта нармальна? Калі чалавек баіцца агучыць свае думкі?

— Напрыклад, вы цяпер апынуліся ў Германіі. Вы можаце выйсці на вуліцу і сказаць: «Не меншасцям!» І вас адразу пачнуць дзяўбці. Гэта ж так?

— Нічога не будзе. Я буду стаяць з плакатам, і нічога не будзе.

— Вас потым пачнуць прыгнятаць таксама. Я ведаю. Шмат такіх выпадкаў.

— Я ведаю, што ў вас з белым лістком нельга выйсці. Паказаць табе ролікі?

— Гэта з фабрыкі троляў. Асноўная маса — гэта ўсё пастаноўка.

— У вас можна перад офісам прэзідэнта прыйсці і паставіць палатку і бунтаваць: «У мяне забіраюць дом»?

— Не. Нельга.

— А ў нас можна.

«Вы ж разумееце, што я вам скажу не ўсё так, як ёсць»

Далей у размове Зязюльчык заўважыў, што свабода выказванняў прывяла да Майдану. «І пасля гэтага пачалося. АТА. 24 лютага».

— А што адбылося на ўсходзе? Хто туды зайшоў? — спытаў Карпенка.

— У першую чаргу там таксама былі незадаволеныя людзі. Мясцовае насельніцтва. Без падтрымкі мясцовага насельніцтва ніякага зародку перавароту, па сутнасці, і быць не магло.

— Хто адціснуў Крым?

— Крымчане самі праявілі волю. Вы ж разумееце, што я вам скажу не ўсё так, як ёсць.

У часе далейшай размовы Дзмітрый Карпенка паказаў відэа, на якім Азаронак пагражае ядзернай зброяй Польшчы і Літве. На гэтым моманце Зязюльчык папрасіў уставіць у запіс інтэрвʼю тое, што ён скажа:

— Азаронак — ёлупень. Ёлупень поўны.

Зварот да беларусаў

«Выбар застаецца за кожным. Гэта ваша права выбіраць, дзе і як жыць. У кожнага свая галава на плячах. І кожнаму адказваць за свае ўчынкі. Прыйдзе час, я адкажу за свае ўчынкі сам. Я не хачу, каб за мае, так скажам, прыгоды, адказваў нехта іншы. Я гатовы быць пакараным за ўсё, што я зрабіў. Паўтаруся, у кожнага свая галава на плячах. Хто як ведае, той так і робіць», — сказаў Зязюльчык.

Ад Рэдакцыі. У час гутаркі Зязюльчык выступіў таксама з некаторымі сцвярджэннямі, якія не знаходзяць пацвярджэння фактамі (аб удзеле расійскіх амапаўцаў у разгоне пратэстаў у Мінску ў 2020-м і г. д.) Мы іх не прыводзім. Нас цікавіла палітычная філасофія гэтага спецназаўца.

Чытаць яшчэ:

Расійскія ваеннапалонныя расказалі, як адбываецца контрнаступ — вачыма расіян

Расійскіх палонных ва Украіне ўтрымліваюць у лепшых умовах, чым беларусаў у лукашэнкаўскіх турмах ФОТА, ВІДЭА

Украінцы апублікавалі відэа допыту палоннага расіяніна. Ва Украіну ён патрапіў з Беларусі

Чаму Лукашэнка дазволіў наступаць на Украіну з тэрыторыі Беларусі?
Клас
17
Панылы сорам
34
Ха-ха
7
Ого
7
Сумна
14
Абуральна
60

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?