Пра чаканыя змены ў афіцыйных сімвалах вобласці 24 ліпеня паведаміў у Facebook кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Руслан Краўчанка:

«З 1999 года на гербе Кіеўскай вобласці намаляваны Юрый Змеяборац, які капіруе і нагадвае Георгія Пераможцу [Рэд.: Юрый Змеяборац і Георгій Пераможац — гэта адзін і той жа святы, вядомы пад рознымі імёнамі] на гербе Маскоўскай вобласці і Масквы, — напісаў ён. — Таму цалкам лагічна, што з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну паўстала пытанне пра змену сімволікі. Яна павінна адпавядаць нашай гісторыі, культурным каштоўнасцям, улічваць сацыяльна-эканамічныя асаблівасці і традыцыі рэгіёна».

Цяперашні герб Кіеўскай вобласці. Фота: Wikimedia Commons

Цяперашні герб Кіеўскай вобласці. Фота: Wikimedia Commons

Цяпер Кіеўская вобласць мае герб наступнага выгляду: у сінім полі французскага шчыта на зялёнай аснове Святы Юрый на кані б'е дзідай карычневага змея. Шчыт, увянчаны залатой княскай дыядэмай, ахопліваюць дубовыя галіны з зялёнымі лісткамі і калоссем пшаніцы. Сцяг жа складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос — сіняй, жоўтай і сіняй, а па цэнтры змешчана гербавая выява са Святым Юрыем. Герб і сцяг былі зацверджаныя афіцыйна 2 лютага 1999 года.

Іх аўтарам з'яўляецца ўкраінскі мастак Васіль Басенка, для якога яны сталі першым і апошнім у жыцці досведам у геральдыцы і вексілалогіі. Гэтыя сімвалы даўно крытыкуюцца ва Украіне. Так, выбар Святога Юрыя ў якасці сімвала Кіеўшчыны, хутчэй за ўсё, звязаны са згадкамі ў XVI стагоддзі пра падобны герб. Аднак тыя паведамленні былі памылковымі і супярэчылі іншым тагачасным гістарычным крыніцам. Пры гэтым на геральдыцы ўласна горада Кіева змешчаны менавіта Міхал Арханёл.

Сучасныя гербы Кіеўскай вобласці, Масквы і Маскоўскай вобласці з выявай Георгія Пераможца (або Юрыя Змеяборца), які забівае змея 

Сучасныя гербы Кіеўскай вобласці, Масквы і Маскоўскай вобласці з выявай Георгія Пераможца (або Юрыя Змеяборца), які забівае змея 

Тут прасочваецца пэўная традыцыя, якая захавалася ў некаторых мясцовых дзеячаў навукі і культуры яшчэ з часоў Расійскай ды савецкай імперый, калі за адзіную сумнеўную згадку чапляліся і выдавалі яе за асноўны варыянт, бо яна набліжала культуру «братэрскіх народаў» да рускай.

Так замест традыцыйнага для Кіеўшчыны Арханёла Міхала была выбрана выява Святога Юрыя, амаль ідэнтычная выяве Святога Георгія з маскоўскай геральдыкі.

Аналагічным чынам беларускаму першадрукару Францыску Скарыну на працягу больш як стагоддзя прыпісвалі надуманае «больш рускае» імя Георгій, якое застаецца фігураваць на дзяржаўным ордэне Францыска Скарыны. Таксама ў Беларусі многія адноўленыя гербы, створаныя па ўзоры тых, што гарадам разам з магдэбургскім правам надавалі вялікія князі літоўскія, неабгрунтавана набліжаюцца мастакамі да традыцый рускага іканапісу, а не да арыгінальных выяў.

Крытыкуюць цяперашні герб Кіеўшчыны і з чыста геральдычнага пункту гледжання. Паводле меркавання Украінскага геральдычнага таварыства, кампазіцыйна няўдалым з’яўляецца рашэнне з дыядэмай, якая мае шмат дробных дэталяў, што не чытаюцца. А таксама адзначаецца выкарыстанне на гербе негеральдычнага карычневага колеру для афарбоўкі змея. 

Праект герба Кіеўскай вобласці вяртаецца да гістарычнай выявы з Арханёлам Міхаілам на сінім полі. Фота: фэйсбук Руслана Краўчанкі

Праект герба Кіеўскай вобласці вяртаецца да гістарычнай выявы з Арханёлам Міхаілам на сінім полі. Фота: фэйсбук Руслана Краўчанкі

З ініцыятывы Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі была праведзена геральдычная экспертыза афіцыйных сімвалаў вобласці. Створана працоўная група з прадстаўнікоў абладміністрацыі, аблрады, навукоўцаў, гісторыкаў, геральдыстаў, працу якой каардынаваў заслужаны дзеяч мастацтваў і геральдыст Аляксей Рудэнка. Усе распрацоўкі новага герба і сцяга прайшлі экспертызу ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

Герб Кіеўскай зямлі (верхні справа) у Хроніцы Канстанцкага сабору Ульрыха фон Рыхенталя. Арыгінал створаны ў першай палове XV стагоддзя (не збярогся), дадзены экземпляр створаны ў 1483 годзе. Фота: Баварская дзяржаўная бібліятэка

Герб Кіеўскай зямлі (верхні справа) у Хроніцы Канстанцкага сабору Ульрыха фон Рыхенталя. Арыгінал створаны ў першай палове XV стагоддзя (не збярогся), дадзены экземпляр створаны ў 1483 годзе. Фота: Баварская дзяржаўная бібліятэка

Спецыялісты прапанавалі вярнуцца да гістарычнага герба з Арханёлам Міхалам, зафіксаванага ў гістарычных дакументах і адлюстраванага на вялікіх дзяржаўных пячатках Вялікага Княства Літоўскага. 

Ёсць і чатыры варыянты сцяга — герб з выявай анёла на рознакаляровым фоне, сярод якіх: сіні, белы і фіялетавы. 

Традыцыя шанавання Арханёла Міхала як змеяборца (адсюль і блытаніна са Святым Юрыем) у Кіеве даўняя і, паводле легендаў, сягае ў дахрысціянскія часы. Ужо на пачатку XII стагоддзя тут кіеўскім князем Святаполкам Ізяславічам (у хрышчэнні Міхайлам) насупраць Сафіі пабудаваны велічны Міхайлаўскі Залатаверхі сабор.

Герб Кіеўскай зямлі (другі злева) сярод зямельных гербаў Вялікага Княства Літоўскага ў партугальскім гербоўніку 1416 года «Livro de Arautos al. De ministerio armorum». Фота: Wikimedia Commons

Герб Кіеўскай зямлі (другі злева) сярод зямельных гербаў Вялікага Княства Літоўскага ў партугальскім гербоўніку 1416 года «Livro de Arautos al. De ministerio armorum». Фота: Wikimedia Commons

Выява белага анёла на сінім фоне як сімвала Кіеўскай зямлі фіксуецца ў ілюстраванай Хроніцы Канстанцкага сабору Ульрыха фон Рыхенталя першай паловы XV стагоддзя, а таксама ў партугальскім гербоўніку 1416 года «Livro de Arautos al. De ministerio armorum».

Дакладна той жа герб ужо праз стагоддзе, у 1507—1517 гадах, стане гербам новазаснаванага Наваградскага ваяводства.

Герб Кіеўскай зямлі (1416) і герб Наваградскага ваяводства (каля 1550) адлюстроўваюць Міхала Арханёла на сінім поле. Фота: Wikimedia Commons

Герб Кіеўскай зямлі (1416) і герб Наваградскага ваяводства (каля 1550) адлюстроўваюць Міхала Арханёла на сінім поле. Фота: Wikimedia Commons

Канчаткова герб Наваградчыны замацаваўся за ваяводствам на Віленскім сойме 1529 года. Першапачатковы выгляд герба змешчаны ў арсенальным гербоўніку Stemmata Polonica 1555 года: на блакітным полі Арханёл Міхал у сярэбраным хітоне з мячом у правай руцэ, з раскінутымі за спінай крыламі. Праўда, у гэтым выданні герб не меў подпісу і мог быць зблытаны з анёлам з герба Кіеўскага ваяводства, але ў той час апошняе ўжо карысталася выявай з чорным мядзведзем.

Падабенства гербаў, на думку спецыялістаў, невыпадковае, бо вялікі князь Жыгімонт Стары перавёў кіеўскага ваяводу, князя Івана Львовіча Глінскага ў Наваградак, дзе ён стаў першым наваградскім ваяводам.

«Пачарнеў» арханёл трохі пазней. Першым «чорнага анёла» ў якасці герба ваяводства згадвае польскі гісторык і геральдыст Барташ Папроцкі. У сваёй кнізе «Гняздо цноты…» у 1578 годзе ён адзначыў, што Наваградскае ваяводства выкарыстоўвае герб у выглядзе чорнага анёла на чырвоным полі.

У Беларусі белы кіеўскі анёл з часам «пачарнеў», а сіняе поле геральдычнага шчыта афарбавалася ў чырвоны — то-бок адбылася поўная інверсія колераў. Фота: Wikimedia Commons

У Беларусі белы кіеўскі анёл з часам «пачарнеў», а сіняе поле геральдычнага шчыта афарбавалася ў чырвоны — то-бок адбылася поўная інверсія колераў. Фота: Wikimedia Commons

На думку беларускага гісторыка Аляксея Шаланды, гэта адбылося ў выніку памылкі, а прычынай яе стала ўсё тое ж падабенства кіеўскага анёла да наваградскага. Разумеючы, што ў двух розных ваяводстваў не можа быць аднолькавага герба, Папроцкі зрабіў наваградскага арханёла чорным на чырвоным полі (можна сказаць, што інвертаваў колеры) і прыбраў з яго рук меч. Не выключаная таксама і памылка разьбяра гравюры, які зрабіў яе ў негатыве. 

Вобраз «Чорнага анёла», які мае кіеўскія карані, з гэтага часу назаўжды замацаваўся за Наваградкам і знайшоў месца на сучасным гербе горада.

Чытайце таксама:

У Наваградку паставілі калону са скульптурай святога заступніка горада

У Кіеве заменяць савецкі герб на герб Украіны на помніку «Радзіма-маці»

БРСМ запусціў флэшмоб з праслаўленнем чырвона-зялёнай сімволікі. Моладзь умяшалася — і флэшмоб пайшоў не туды

Клас
49
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?