Дзяржаўная інспекцыя архітэктуры і горадабудаўніцтва Украіны 13 ліпеня выдала дазвол на рамонт шчыта манумента «Радзіма-маці» ў Кіеве.

«Праектнымі рашэннямі прадугледжваецца ўстаноўка трызубца на шчыце манумента, які адпавядае малюнку на малым дзяржаўным гербе Украіны. Трызубец заменіць стары савецкі герб», — растлумачылі ў Міністэрстве.

Заказчык будаўніцтва — Нацыянальны музей гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне. Чакаецца, што работы стартуюць у найбліжэйшай будучыні, як піша «Украінская праўда».

Манумент «Радзіма-маці» збудаваны ў 1981 годзе, гэта помнік навукі і тэхнікі мясцовага значэння. Манумент лічыцца самай высокай манументальнай скульптурай у Еўропе.

«У 2022 годзе 85% з 800 тысяч украінцаў прагаласавалі за тое, каб замяніць савецкі герб трызубцам», — нагадалі ў Міністэрстве.

Міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка дадаў, што герб СССР заменяць на герб Украіны да 24 жніўня гэтага года.

«Гэта сімвалічны гістарычны момант, своеасаблівы тызер праекта, які павінен быць рэалізаваны ўжо ў найбліжэйшы час, да 24 жніўня — замена савецкага герба на «Радзіма-маці» на трызубец», — сказаў Ткачэнка на брыфінгу ў Кіеве ў чацвер.

Кошт праекта складзе 28 млн грыўняў (900 тысяч даляраў), і на яго рэалізацыю не будуць выкарыстоўваць бюджэтных сродкаў. Амаль усе сродкі на праект ужо сабраныя.

Клас
17
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2