Пажарны тушыць аўтобус у Нантэры. Фота: Lewis Joly / AP

Пажарны тушыць аўтобус у Нантэры. Фота: Lewis Joly / AP

Французскія ўлады задзейнічалі 45 тысяч паліцэйскіх і бранятэхніку для забеспячэння парадку ў чацвёртую ноч беспарадкаў праз забойства паліцыянтам падлетка, як піша Бі-бі-сі.

Удзельнікі беспарадкаў падпальваюць будынкі і аўтамабілі, урываюцца ў крамы па ўсёй краіне, у тым ліку ў Марселі, Ліёне, Тулузе, Страсбургу, Лілі і Парыжы, у адным з прыгарадаў якога — Нантэры — і загінуў 17-гадовы падлетак.

Паводле папярэдніх звестак, непаўналетні Наэль, алжырац па паходжанні, у аўторак раніцай быў спынены паліцэйскім патрулём за рулём аўтамабіля Mercedes за парушэнне правілаў і застрэлены.

Паліцыянты спачатку заявілі, што падлетак спрабаваў збіць іх, але на апублікаваным пазней відэа здарэнне выглядае інакш.

З тых часоў кожную ноч французскія гарады ахопліваюць беспарадкі.

Кіраўнік МУС Францыі Жэральд Дарманен сцвярджае, што абстаноўка гэтай ноччу нашмат спакайнейшая, чым напярэдадні.

Падчас начнога візіту ў Дэпартамент Івелін на захад ад Парыжа ён заявіў, што маштаб беспарадкаў стаў значна меншым, а ў некаторых раёнах сітуацыя «надзвычай спакойная».

Адначасова паступаюць паведамленні пра паўсюдны хаос у гарадах па ўсёй Францыі. МУС паведаміла, што колькасць затрыманых перавысіла 470. Напярэдадні былі арыштаваныя больш за 900 чалавек.

У Марселі за ноч былі затрыманыя не менш за 80 чалавек.

На відэароліках, апублікаваных у сацыяльных сетках, бачны выбух у Старым порце горада. Гарадскія ўлады заявілі, што расследуюць прычыну здарэння, але мяркуюць, што ахвяр у выніку выбуху няма.

Таксама распаўсюджваюцца кадры, на якіх фургон тараніць уваход у супермаркет Aldi, пасля чаго туды забягаюць людзі. На іншых запісах відаць, што супермаркет гарыць.

Са слоў паліцыі, раней удзельнікі беспарадкаў разрабавалі зброевую краму ў горадзе і скралі паляўнічыя стрэльбы, але не ўзялі боепрыпасы.

Мэр Марселя Бенуа Паян заклікаў урад неадкладна накіраваць дадатковыя сілы бяспекі ў горад.

Пазней кіраўнік МУС Дарманен напісаў у твітары, што «ў гэты момант [у Марсель] прыбывае падмацаванне».

Паліцэйскі, які застрэліў падлетка, арыштаваны, яму выстаўленыя абвінавачванні ў наўмысным забойстве. У чацвер ён публічна папрасіў прабачэння перад сям'ёй загінулага.

Яго адвакат Ларан-Франк Льенар сказаў, што паліцэйскі «спустошаны» і што яго падабаронны — не такі чалавек, які «ўстае па раніцах, каб забіваць людзей».

«Першымі словамі, якія ён вымавіў, былі прабачэнні. І апошнімі словамі, якія ён сказаў, былі прабачэнні перад сям'ёй», — заявіў адвакат абвінавачанага.

Клас
4
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
13
Сумна
2
Абуральна
2