Фота: Virgin Galactic

Фота: Virgin Galactic

Самалёт-носьбіт Eve разам з ракетапланам узляцеў з касмапорта ў амерыканскім штаце Нью-Мексіка ў чацвер у 08:30 па мясцовым часе і прыкладна праз гадзіну палёту, які трансляваўся з кабіны карабля ў жывым эфіры, на вышыні 13 600 метраў ракетаплан аддзяліўся ад самалёта, уключыў уласныя рухавікі і выйшаў да межаў космасу, дасягнуўшы найбольшай вышыні ў 85 км, як піша Бі-бі-сі.

Увесь палёт доўжыўся паўтары гадзіны, на борце акрамя двух пілотаў і астранаўта-інструктара кампаніі Virgin Galactic знаходзіліся трое італьянскіх афіцэраў-лётчыкаў, якія правялі шэраг навуковых эксперыментаў ва ўмовах бязважкасці, а калі карабель дасягнуў найвышэйшага пункта палёту, разгарнулі нацыянальны сцяг з нагоды стагоддзя італьянскіх ВПС.

Фота: Virgin Galactic

Фота: Virgin Galactic

Хоць на борце касмалёта не было турыстаў як такіх, гэта ўсё ж быў камерцыйны рэйс, бо за сваіх афіцэраў заплаціла Міністэрства абароны Італіі.

Цяпер сэр Рычард Брэнсан плануе паступова адпраўляць у палёт тых, хто загадзя набыў квіткі коштам ад 250 да 450 тысяч даляраў, усяго іх каля 800 чалавек. Некаторыя больш за дзесяць гадоў чакаюць сваёй гадзіны, каб пабываць на краі космасу, аднак для большасці чаканне абяцае зацягнуцца.

Рэч у тым, што карабель Unity можа ўзяць на борт толькі некалькі пасажыраў, а палёты плануецца пакуль здзяйсняць раз у месяц, так што чарга можа і разысціся да таго часу, пакуль Virgin Galactic не запусціць новы клас ракетапланаў, якія павінны прыступіць да камерцыйных палётаў у 2026 годзе і здзяйсняць рэйсы ўжо раз на тыдзень.

Шлях кампаніі Virgin Galactic да камерцыйных палётаў быў цяжкім. Яна была заснаваная ў 2004 годзе на хвалі поспеху невялікага эксперыментальнага самалёта SpaceShipOne, які двойчы за два тыдні змог падняцца да мяжы космасу і атрымаў прыз у 10 млн даляраў за тэхналагічныя інавацыі.

Брэнсан спадзяваўся тады, што камерцыйныя рэйсы можна будзе запусціць ужо ў 2007 годзе, аднак кампанія сутыкнулася з неспадзяванымі тэхнічнымі цяжкасцямі, а ў 2014 годзе праект ледзь не згарнулі пасля таго, як прататып Enterprise разваліўся пры наборы вышыні, пры гэтым загінуў адзін з двух пілотаў.

Рычард Брэнсан. Фота: John Lamparski / Getty Images

Рычард Брэнсан. Фота: John Lamparski / Getty Images

Толькі ў канцы 2018 года новы карабель Unity, змог дасягнуць вышыні ў 80 км, што лічыцца мяжой космасу. У 2021 годзе сэр Рычард асабіста адправіўся на ім у палёт, назваўшы свае адчуванні ад яго неймавернымі.

Хоць Unity лічыцца субарбітальным караблём — гэта значыць ён не ў стане дасягнуць хуткасці і вышыні, неабходнай для выхаду на арбіту, — ён тым не менш дае пасажырам паспытаць некалькі хвілін бязважкасці ў верхнім пункце сваёй траекторыі (ім будзе дазволена адшпіліць рамяні).

Да таго ж з ілюмінатараў ракетаплана адкрываюцца цудоўныя віды на Зямлю.

Місія, якая адбылася ў чацвер, атрымала назву Galactic 01. Другі рэйс, Galactic 02, запланаваны на жнівень. У яго адправяцца некалькі пасажыраў, якія загадзя набылі квіткі.

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0