Месца, дзе павінна размясціцца пасольства. Фота: Rod McGuirk / AP

Месца, дзе павінна размясціцца пасольства. Фота: Rod McGuirk / AP

Прэм'ер-міністр Аўстраліі Энтані Албаніз заявіў, што ўрад мае намер заблакаваць будаўніцтва новага расійскага пасольства побач з парламентам краіны праз пагрозу нацыянальнай бяспецы, піша Бі-бі-сі.

Расія з 2008 года арандуе ўчастак проста каля будынка Аўстралійскага парламента ў Канберы: там планавалася размясціць новы будынак пасольства. У ходзе працяглай судовай спрэчкі ўлады Аўстраліі сцвярджалі, што ўчастак для будаўніцтва не выкарыстоўваецца.

Албаніз заявіў, што пасля атрымання рэкамендацый ад разведвальных службаў будуць прынятыя законы, якія блакуюць будаўніцтва па меркаваннях нацыянальнай бяспекі.

«Урад атрымаў вельмі выразныя рэкамендацыі па бяспецы ў дачыненні да рызыкі, якую ўяўляе новая расійская прысутнасць так блізка да будынка парламента», — сказаў ён журналістам.

Аўстралія не забараняе Расіі мець дыпламатычнае прадстаўніцтва на сваёй тэрыторыі, а толькі хоча, каб новае пасольства не знаходзілася побач з парламентам.

Албаніз сказаў, што чакае рэакцыі з боку расійскіх дыпламатаў у Аўстраліі, якія раней пагражалі змагацца з гэтай забаронай праз суд.

«Мы не чакаем, што Расія ў стане казаць пра міжнароднае права, улічваючы, што яна адхіляе яго так паслядоўна і так нахабна сваім уварваннем ва Украіну», — сказаў прэм'ер.

Амбасада Расіі раней заяўляла, што яна мае намер завяршыць будаўніцтва, нягледзячы на пярэчанні ўладаў Аўстраліі.

З пачатку вайны Аўстралія дала Украіне вайсковую дапамогу і ўвяла санкцыі супраць сотняў расійскіх фізічных і юрыдычных асоб.

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0