Джэк Тэйшэйра Jack Teixeira

Джэку Тэйшэйру пагражае да 25 гадоў зняволення. Фота: сацыяльныя сеткі

Пра змест 18-старонкавага акта абвінавачвання распавядае The Times. 

У дакуменце сцвярджаецца, што Тэйшэйру неабходна ўзяць пад варту на нявызначаны тэрмін, бо ёсць «сур'ёзная небяспека ўцёкаў» і ён ўсё яшчэ можа валодаць інфармацыяй, якая можа мець «вялікую каштоўнасць для варожых дзяржаў».

У якасці аргумента за змяшчэнне пад варту пракуроры прыводзяць панічныя спробы Тэйшэйры сцерці сляды сваіх дзеянняў у той момант, калі агенты ФБР ачапілі яго дом. Вайсковец папрасіў аднаго з удзельнікаў чату выдаліць усе паведамленні і нічога не расказваць на допытах.

Тэйшэйра раструшчыў свой планшэт, ноўтбук і гульнявую прыстаўку Xbox. Следчыя іх знайшлі ў смеццевым баку каля дома. А адзін са сведак расказаў, што Тэйшэйра выкінуў свой тэлефон з акна аўтамабіля падчас руху.

У той жа час адвакат Тэйшэйры аргументаваў просьбу, каб яго не бралі пад варту, тым, што непасрэдна ў момант яго затрымання ён сядзеў на тэрасе і чытаў Біблію.

Пракуроры ж заявілі, што абʼём канфідэнцыйнай інфармацыі, якою можа валодаць Тэйшэйра, «нашмат перавышае тое, што трапіла ў публічны доступ».

Мінулае ў Тэйшэйры было спрэчнае.

У акце абвінавачвання гаворыцца, што ў 2018 годзе Джэка Тэйшэйру выключалі са школы за каменты экстрэмісцкага зместу пра выкарыстанне кактэйляў Молатава і зброі. Тэйшэйра, як выявілі следчыя, таксама шукаў у інтэрнэце інфармацыю аб масавых забойствах і «рэгулярна дыскутаваў на тэмы гвалту і забойстваў» на той жа платформе Discord, якую ён выкарыстоўваў для размяшчэння сакрэтнай інфармацыі.

Следчыя таксама адзначылі, што лётчык Тэйшэйра быў схільны да «расавых пагроз». Гэта не засталося без увагі паліцыі, калі ён звярнуўся па дазвол на валоданне агнястрэльнай зброяй.

Следчыя знайшлі невялікі арсенал: пісталеты, вінтоўкі, драбавікі, буйнакаліберны аўтамат — у спальні маладога чалавека ў доме яго маці і айчыма. Таксама быў знойдзены малюнак ад рукі «фургона для забойстваў».

Пракуратура таксама пацвердзіла ранейшую інфармацыю пра тое, што першая ўцечка сакрэтных дакументаў адбылася ў першыя два дні пасля ўварвання Расіі ва Украіну. На думку следчых, Тэйшэйра атрымаў дакументы дзякуючы правам адміністратара, якія ён меў як спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях. У сваіх паведамленнях у сацыяльных сетках лётчык адзначаў, што ягоная праца дае яму доступ да матэрыялаў, якія не могуць бачыць іншыя.

Аўтары артыкула спасылаюцца на заяву прадстаўніка Ваенна-паветраных сіл ЗША агенцтву Reuters пра тое, што два камандзіры падраздзялення, у якім служыў Тэйшэйра, былі адхіленыя ад пасадаў і адпраўленыя ў адпачынак да завяршэння расследавання. 

Чытайце яшчэ:

Тэйшэйра не адзіны, хто распаўсюджваў сакрэтныя дакументы ЗША. Гэтым таксама займаўся «Лука»

Клас
3
Панылы сорам
35
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
13