24-гадовага Ягора Старавойтава судзяць за парушэнне артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Кнігу Змітра Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя» хлопец купіў у «Акадэмкнізе» ў канцы снежня 2020-га. Па сутнасці, гэта зборнік інтэрвію, якія гучалі ў эфіры «Еўрарадыё».

11 лютага да Ягора прыйшла міліцыя, канфіскавала кнігу, а толькі 4 сакавіка спецыяльная камісія знайшла ў ёй «прыкметы праявы экстрэмізму». Ягор аб гэтым факце даведаўся 31 сакавіка, калі ў РАУС Мінскага раёна яму ўручылі позву ў суд. Хлопец працуе інжынерам-праграмістам, раней да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся.

Варта адзначыць, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» па стане на 1 красавіка (дзень пасяджэння) няма.

Справу ў судзе Мінскага раёна разглядаў суддзя Віктар Шаўцоў. Ён агучыў пратакол, дзе сказана, што «ў не высветлены дакладна час, але не пазней за 21 гадзіну 21 хвіліну 11.02.2021» Ягор Старавойтаў ажыццявіў захоўванне кнігі».

— Чыталі кнігу? — спытаў суддзя.

— Не да канца. Там раздзелы складаюцца з інтэрв'ю, Я прачытаў чатыры ці пяць, — растлумачыў хлопец.

— Ёсць там ідэі, аб якіх я зачытаў? Нейкія моманты па расавай або нацыянальнай выключнасці, якія заклікаюць да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў?

— Я, вядома, не эксперт, але я не заўважыў.

Ягор дадаў, што ведае пра існаванне пераліку экстрэмісцкіх матэрыялаў, а ў ім гэтай кнігі няма. Хлопцу стала вядома пра прэтэнзіі да кнігі спецыяльнай камісіі ўчора, 31 сакавіка.

— Дома вы жывяце адзін?

— Адзін.

— А госці прыходзяць?

— Я інтраверт, рэдка.

Адвакат Іван Чыжык двойчы хадайнічаў, каб суд накіраваў запыт у «Акадэмкнігу» — з нагоды таго, ці прадавалася кніга там у снежні 2020 года.

— Калі гэтая прадукцыя была ў агульнадаступным месцы, то на якой падставе мой падабаронны мог меркаваць, што яна можа ў сабе ўтрымліваць прыкметы экстрэмізму? — растлумачыў адвакат.

Суд адхіліў хадайніцтвы, бо адміністрацыйны працэс вядзецца ў дачыненні да фізічнай асобы, а не юрыдычнай.

Адвакат таксама палічыў, што пратакол парушае ПВКаАП.

— Апісанне аб'ектыўнага боку не дазваляе падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню майго падабароннага, паколькі ў дачыненні да названага артыкула неабходна ўсталяванне, пацвярджэнне і апісанне, у прыватнасці, захоўванне з мэтай распаўсюду. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні аб мэты распаўсюджвання не сказана ні аднаго слова. Сказана, што ажыццяўлялася захоўванне. Гэта абсалютна не адпавядае артыкулу 19.1 КаАП.

Абаронца таксама звярнуў увагу, што Старавойтаў не меў аб'ектыўнай магчымасці разумець, што камісія знойдзе ў кнізе прыкметы экстрэмізму ў сакавіку.

Пасля перапынку суддзя Віктар Шаўцоў адправіў справу на дапрацоўку.

Нагадаем, што ў Беларусі матэрыялы прызнаюцца экстрэмісцкімі па рашэнні суда. Як правіла, рашэнне можна абскардзіць на працягу 15 дзён, пасля чаго той ці іншы від інфармацыйнай прадукцыі дадаецца ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0