Alizée — Moi… Lolita
У 2000 годзе Alizée ўварвалася ў сусветныя чарты са сваім дэбютным сінглам, прадзюсаркай якога была іншая французская зорка — Мілен Фармэр.
Для новага праекту Фармэр быў патрэбны малады голас. Таму 15-гадовая Алізэ Жакатэ, якая акурат перамагла ў тэлешоу пачынаючых талентаў, стала найлепшай кандыдатурай.
Desireless — Voyage voyage
Лідарства франкамоўных песень у міжнародных чартах — з'ява досыць рэдкая, але спявачка Desireless здолела скарыць хіт-парады дзясяткаў краін і стаць папулярнай у тым ліку і ў СССР.
Чалавеку без ведання французскай было проста спяваць прыпеў гэтай песні, бо трэба было запомніць толькі адно слова.
Joe Dassin — Et si tu n'existais pas
Калі аўтары пісалі чарговы хіт французскаму сэкс-сімвалу 1970-х Джо Дасэну, меркавалі, што галоўным радком стане: «Калі б не было кахання». Але паўстала дылема: калі няма кахання, то няма нічога. Як тады быць?
У выніку песня ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Калі б не было цябе» і скарыла мільёны жаночых сэрцаў.
Zaz — Je veux
Спявачку Ізабэль Жэфруа часта параўноўваюць з Эдыт Піаф. Сапраўды, у пачатку сваёй кар'еры Zaz (псеўданім Жэфруа) выконвала на канцэртах песні вялікай французскай спявачкі, але стала папулярнай дзякуючы сваім хітам. «Je veux» быў першым.
K-Maro — Femme Like U
Гэты хіт канадскага рэпера K-Maro ўваходзіць у дваццатку самых папулярных песень у Францыі, выпушчаных у XXI стагоддзі. Але песня стала папулярнай і ў нашай краіне: яе вельмі актыўна круцілі па радыё.
Dalida, Alain Delon — Paroles paroles
Мала хто ведае, што гэты французскі хіт, выкананы зоркамі шансону і кінематографу, з'яўляецца каверам на італьянскую песню. Арыгінальная кампазіцыя італьянцаў Міны і Альберта Лула аказалася менш папулярнай.
Indila — Dernière danse
Індзіла — адна з зорак сучаснай французскай музыкі. Яе першая песня «Dernière danse» («Апошні танец») на працягу 77 тыдняў трымалася ў хіт-парадах, а кліп сабраў 725 мільёнаў праглядаў на ютубе.
Charles Aznavour — La bohème
Гэту песню павінен быў выконваць Жорж Гетары ў аперэце «Месье Карнавал», але яе запісаў і выканаў Шарль Азнавур, што справакавала скандал паміж артыстамі і лэйбламі гуказапісу. У выніку музыкі памірыліся, а песня засталася адным з галоўных хітоў караля шансону.
Ilona — Un monde parfait
Песню пра чароўную краіну з добрымі жывёламі Ілона Мітрэсі запісала, калі ёй было ўсяго 11 гадоў. «Un monde parfait» імгненна стала хітом, а юнай спявачцы прарочылі вялікую славу. Аднак у 14 год Ілона вырашыла спыніць канцэртную дзейнасць і сканцэнтравацца на вучобе.
Garou, Patrick Fiori, Daniel Lavoie — Belle
Цэнтральная песня мюзікла «Notre-Dame de Paris», у якой гарбун Квазімода, святар Фрало і капітан лучнікаў Феб прызнаюцца ў каханні да Эсмеральды. Хіт выходзіў як асобны сінгл, а таксама быў перакладзены на дзясятак моваў.
In-Grid — Tu Es Foutu
За бадзёрай мелодыяй хаваецца тэкст пра расстанне. Хлопец так надакучыў дзяўчыне сваімі пустымі абяцанкамі, што тая яму кажа: «Ты нягоднік» (Tu Es Foutu).
Patricia Kaas — Mademoiselle chante le blues
Кар'ера Патрысіі Каас, спявачкі з прыгожым нізкім голасам, не адразу пайшла ўгару. Яе першы сінгл быў правальным, а песню пра мадэмуазэль, што спявае блюз, Каас сама насіла на радыёстанцыі і маліла, каб яе ўзялі.
Mylène Farmer — California
Пра Мілен Фармэр мы згадвалі як пра паспяховую прадзюсарку, але не забываем, што яна застаецца культавай спявачкай, чые песні слухаюць мільёны людзей. Тэкст кампазіцыі «California» захоплівае тэму шляху і поўны франка-англамоўных каламбураў.
Édith Piaf — Non, Je ne regrette rien
Песня-візітоўка Эдыт Піяф прысвечана салдатам замежнага французскага легіёну. Пасля няўдалага путча яны, назаўсёды пакідаючы свае казармы ў Алжыры, спявалі: «Я ні пра што не шкадую».
Amel Bent — Ma philosophie
У сваёй першай песні «Мая філасофія» спявачка Амэль Бент сфармулявала сваё жыццёвае крэда: заставацца сабой і высока трымаць галаву ў выпрабаваннях. Дзяўчына з сям'і імігрантаў выдатна разумела, што гэта такое, таму, відаць, песня і стала такой папулярнай.
Mireille Mathieu — Pardonne-moi ce caprice d'enfant
Кампазіцыя Мірэй Мацьё з'яўляецца, па сутнасці, мальбой жанчыны да каханага мужчыны, якога яна кінула дзеля новых адчуванняў, дараваць ёй гэты капрыз. З кожным новым раманам гераіня песні ўсё больш пераконваецца ў тым, што кахае толькі таго мужчыну, якога кінула.
Stromae — Alors on danse
Звычайна неангламоўныя песні маюць лакальны поспех, але хіт бельгійскага рэпера здабыў папулярнасць ва ўсім свеце, месяцамі лідзіруючы ў хіт-парадах. А відэа на ютубе набрала больш за 260 мільёнаў праглядаў.
Vanessa Paradis — Joe le taxi
Былой жонцы Джоні Дэпа было ўсяго 14 гадоў, калі яна запісала песню пра таксіста Джо, які лепш за астатніх ведае Парыж і ягоныя месцы. Ён любіць піць ром, лацінскія танцы і свой жоўты саксафон.
Charles Aznavour — Une vie d'amour
Арыгінальная песня пра вечнае каханне была запісаная Шарлем Азнавурам для альбома «Autobiographie». На ім жа была і рускамоўная версія, выкананая ў дуэце з Мірэй Мацьё, якая таксама спявала яе і асобна.
Lara Fabian — Je t'aime
У песні «Je t'aime» з'явілася спачатку музыка — яе напісаў прадзюсар Рык Алiсан, знаходзячыся пад уражаннем ад іншага французскага суперхіта Je suis malade, які Лара выканала разам з Сержам Лама на ягоным канцэрце. Фабіян жа з'яўляецца аўтаркай тэксту песні.
А1 Xplore Music ад Deezer — гэта музычны прадукт А1. Алгарытмы дадатку Deezer дазваляюць карыстальнікам А1 Xplore Music ад Deezer атрымліваць персанальныя рэкамендацыі па падборы трэкаў, карыстацца ўбудаванай у платформу функцыяй распазнавання песень і слухаць любімую музыку, аўдыякнігі і падкасты з высокай якасцю гуку без перапынкаў на рэкламу.