Юрыя Яраша судзяць за «несанкцыянаваны пікет» — а па сутнасці за дэкаратыўнага гноміка з БЧБ-сцяжком у руках, які стаяў у акне кватэры.
s13.ru
Фота фігуры ў акне зрабіла Вольга Бондарава. Жанчына вядомая гарадзенцам тым, што ўдзельнічае ў праўладных аўтапрабегах і зафарбоўвае БЧБ-сімволіку на вуліцах горада. У першы дзень пасяджэнняў, 8 лютага, яна распавядала, што з'яўляецца арганізатарам акцыі «Антывандал», мэты якой — прыбіраць і зафарбоўваць БЧБ-сімволіку на вуліцах горада.
— Акцыя ўзгодненая з ідэалагічным аддзелам адміністрацыі горада. Кожны раз перад выездам мы папярэджваем міліцыю. У гэты дзень было гэтак жа — патлумачыла на судзе Бондарава. — Мы з калегам ездзілі па горадзе, шукалі незарэгістраваную сімволіку, каб яе прыбраць.
Падрабязней чытайце:
У Гродне судзяць за гноміка з бел-чырвона-белым сцяжком у акне. Абвінавачваюць у адзіночным пікеце
s13.ru
Яна таксама распавяла, што вучылася з жонкай Юрыя Яраша ў адным класе.
У аўторак, 9 лютага, павінны былі слухаць сведку — суседку абвінавачанага, аднак яна і сам Юрый аказаліся ў заторы. Пра гэта папярэдзілі сакратара суда.
Падтрымаць гаспадара гноміка прыйшло каля 10 чалавек, аднак іх не пусцілі ў залу пасяджэння. Людзям сказалі падымацца на чацвёрты паверх. Там усе стаялі ў чаканні, міма прайшоў суддзя.
У выніку ў залу пасяджэння нікога не пусцілі, так як «суд ужо пачаўся». У гэты час унутры знаходзілася толькі адна жанчына, у прысутнасці якой Валерый Шпак і абвясціў, што справа адпраўляецца на дапрацоўку ў РАУС.