Кароль Швецыі Карл XVI Густаў прызнаў, што стратэгія барацьбы з каранавірусам, якой прытрымлівалася краіна, была няўдалай, пра гэта піша The Local.

Pontus Lundahl/TT

Pontus Lundahl/TT

«Я думаю, што мы пацярпелі няўдачу. У нас шмат загінулых, і гэта жудасна», — сказаў Карл Густаў у штогадовым звароце да шведаў.

Па яго словах, адмова ад жорсткіх мер прывяла ў Швецыі да большай, чым у суседзяў, колькасці памерлых ад інфекцыі.

Прадстаўнік Каралеўскага двара Маргарэта Торгрэн заявіла, што словы Карла XVI Густава нельга ўспрымаць як заяву аб стратэгіі барацьбы з каранавірусам. Паводле яе слоў, кароль меў на ўвазе ўсю Швецыю і ўсё шведскае грамадства.

Швецыя не ўводзіла жорсткі каранцін на піку эпідэміі COVID-19. У прыватнасці, у краіне не зачынялі школы, рэстараны і спартыўныя залы.

Паводле даных Універсітэта Джонса Хопкінса на 17 снежня, у Швецыі зарэгістравалі 357,5 тысячы выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй. Памерлі за час эпідэміі 7893 чалавекі.

Для параўнання, у Даніі зафіксавалі 124 тысячы выпадкаў захворвання, памерлі, паводле афіцыйных звестак, 992 чалавекі. У Нарвегіі зарэгістравана 42,3 тысячы выпадкаў, з іх смяротных — 402. У Фінляндыі зарэгістравана 32,2 тыс. выпадкаў, 484 чалавекі памерлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0