У выпуску дэбатаў «ДысКУТ» эканаміст Сяргей Чалы і прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч тлумачаць, якія рэформы спатрэбяцца Беларусі найперш з прыходам новай улады.

«Галоўная праблема неэфектыўнасці беларускай эканомікі — гэта неэфектыўнае размеркаванне рэсурсаў, прычына якога ў наяўнасці нерэфармаванага яшчэ з савецкіх часоў дзяржаўнага сектара. Рэформа павінна адначасова і скараціць яго, і павялічыць эфектыўнасць тых прадпрыемстваў, якія застануцца. Мы мусім пазбавіцца ад скрытага беспрацоўя — тых работнікаў, якія вырабляюць тое, што рынку непатрэбна», — кажа Сяргей Чалы. 

Ён акцэнтуе, што для пачатку гэтай рэформы неабходныя перадумовы. 

«Цяперашняя сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва, якая паспяхова спраўляецца з абаронай людзей непрацаздольных, амаль нічога не зможа прапанаваць людзям, якія будуць губляць працу ў выніку аптымізацыі колькасці занятых на прадпрыемствах. Тая дапамога па беспрацоўю, якая ёсць зараз, яна проста смешная. І хутчэй за ўсё менавіта гэта стрымлівае любыя спробы пачаць рэформу гэтых самых прадпрыемстваў. То-бок неабходна істотнае падвышэнне дапамогі па беспрацоўю, магчыма, нават захаванне на працягу паўгода заробку з паступовым змяншэннем. Іначай мы атрымаем велізарны ўсплёск беднасці», — тлумачыць Чалы.

Апроч таго, ён адзначае безумоўную важнасць аднаўлення роўнасці формаў уласнасці перад законам, калі суды не зважаюць на тое, прадстаўнік дзяржпрадпрыемства падае позву на прыватніка ці прыватнік на дзяржпрадпрыемства. 

Дарадца Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч бачыць яшчэ шэраг неабходных крокаў па рэфармаванні эканомікі.

«Адзін з тых бар’ераў, якія адзначае бізнэс, апроч вяршэнства закону і недаверу да дзяржавы ў цэлым, — гэта адсутнасць макраэканамічнай стабільнасці. Ёсць таксама праблема з фінансавымі рэсурсамі. На сёння ў Беларусі ў бізнэсаў, якія хацелі б развівацца, унутраных сродкаў мала, патрэбныя пазыкі, а яны даволі дарагія. Каб палегчыць умовы для бізнэсу ў Беларусі, трэба супрацоўнічаць з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, знаходзіць грантавае фінансаванне для развіцця прыватнага бізнэсу. І мы гэта можам усё рабіць — новая Беларусь зможа гэта зрабіць», — кажа Алесь Аляхновіч. 

Таксама ён лічыць, што неабходна павялічыць незалежнасць Нацбанка. 

«Каб тое, што робіць Нацбанк, не залежала ад адной асобы. Бо сёння кіраўнік дзяржавы можа ў любы момант звольніць кіраўніка Нацбанка — і ўсё тое добрае, што робіць Нацбанк, можа ўмомант знікнуць. Гэтая незалежнасць мусіць быць прапісаная ў Канстытуцыі, кіраўнік Нацбанка павінен абірацца парламентам. Дзякуючы гэтаму можна будзе забяспечыць макраэканамічную стабільнасць», — мяркуе Аляхновіч. 

Глядзіце больш на ютуб-канале дэбатаў «ДысКУТ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0