Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікае ААН і АБСЖ неадкладна пачаць расследаванні фактаў гвалту з боку сілавікоў падчас кампаніі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Як вынікае з адмысловага даклада, праваабаронцы сабралі сведчанні затрыманых пра збіццё і катаванні, некаторыя выпадкі выходзяць за межы разумення.

Пра згвалтаванне дубінкай заявіў 30-гадовы праграміст. Ён быў затрыманы ў цэнтры Мінска 11 жніўня, а гвалт, з ягоных слоў, учыніў старшы супрацоўнік АМАП у міліцэйскай машыне. Гэта малады чалавек пацвердзіў медыцынскімі дакументамі, дзе гаварылася аб зафіксаваных у яго гематомах машонкі, задняга праходу, а таксама чэрапна-мазгавой траўме і страсенні мозгу.

«Амапаўцы патрабавалі разблакаваць тэлефон. Я адмовіўся. Паклікалі старэйшага. Ён стаў пагражаць — дубінку ў азадак засуну. Потым разрэзаў мне шорты і трусы ззаду, крыж-накрыж, крыкнуў сваім, ці ёсць у каго прэзерватыў. Я ляжаў на падлозе тварам уніз, але бачыў, як ён прэзерватыў нацягвае на дубінку. І ён засунуў мне дубінку ў задні праход. Выцягнуў, зноў запатрабаваў пароль. Біў кулакамі і нагамі — па рэбрах, па твары, у зубы…»

У Міністэрстве ўнутраных спраў заяву аб згвалтаванні міліцыянтамі назвалі «фэйкам».

«Магу з усёй адказнасцю заявіць, што няма ніводнага выяўленага факта згвалтавання з боку супрацоўнікаў міліцыі», — сказаў 16 верасня падчас прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. — Інфармацыя аб тым, што мелі месца згвалтаванні, звычайны фэйк. Згвалціць у аўтазаку нельга», — перакананы міліцэйскі чыноўнік, піша «Радыё Свабода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0