Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскім журналістам распавёў, чаму людзі каля Палаца Незалежнасці 23 жніўня разышліся да таго, як ён выйшаў з аўтаматам, звярнуў увагу TUT.by.

Ён распавёў, што ў той дзень у розных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што ён з сям'ёй уцёк з краіны.

— Вы на маім месцы, якія вашы дзеянні? — спытаў ён у журналістаў.

— Паказаў бы, што я на месцы, — адказаў адзін з іх.

— І я паказаў, што я на месцы. І я не баязлівец. І я не баюся.

Затым Лукашэнка больш падрабязна распавёў пра той дзень.

— У мяне ў Палацы Незалежнасці сітуацыйны цэнтр. Я бачу ўсё, што робіцца ў Мінску, з усіх камер. Вы памятаеце, яны тады ўпершыню рынуліся сюды, да Палаца Незалежнасці. Ясна, што мы гэты варыянт пралічвалі, і Палац Незалежнасці быў абаронены. Але калі яны рушылі сюды, побач у Драздах, літаральна за два кіламетры ў мяне верталёт ў рэзідэнцыі. Я думаю, я павінен паглядзець, што там робіцца.

Я саджуся ў верталёт, а амерыканцы з космасу, сволачы, бачаць жа ўсе, і яны адразу ў свой цэнтр пад Варшавай далі сігнал, што верталёт падняўся. І як толькі прэзідэнцкі верталёт падняўся, яны пабеглі. Яны пачалі разыходзіцца. Ну я абляцеў, паглядзеў, што адбываецца. Але нейкая купка баевікоў засталася.

Ён распавёў, што яго суправаджалі тры чалавекі са службы бяспекі і за ім «ўвязалася антытэрарыстычнае падраздзяленне», таксама «3-4 чалавекі», а таксама яго сын Мікалай.

— Я прадэманстраваў, што я тут, што мае дзеці тут, хоць мой прэс-сакратар [Наталля Эйсмант] бегла са мной, каб я не выходзіў — а раптам снайпер?

Ён сказаў, што не мог не выйсці і не падзякаваць сілавікам — «гэтым хлопцам, якія стаялі там у ланцугу і годна сябе паводзілі».

Нагадаем, 23 жніўня па ўсёй Беларусі зноў прайшлі акцыі пратэсту, традыцыйна самай масавай з іх стала шэсце ў Мінску. Каля Палаца Незалежнасці іх сустрэў заслон. Людзі, дайшоўшы да яго, праскандавалі лозунгі і разышліся.

Пасля гэтага выйшаў Аляксандр Лукашэнка з аўтаматам, побач з ім ішоў яго 15-гадовы сын Мікалай: у камуфляжнай форме, бронекамізэльцы і таксама з аўтаматам. Падышоўшы да амапаўцаў, Аляксандр Лукашэнка назваў іх «прыгажунамі», пасля чаго яму заапладзіравалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0