Мы, беларускія экскурсаводы, гіды, перакладчыкі, арганізатары вандровак, працаўнікі сферы турызму рэзка асуджаем гвалт, які адбываецца зараз на вуліцах беларускіх гарадоў. 

Наша работа — адкрываць Беларусь. І мы робім гэта з вялізным задавальненнем. Беларусь — прыгожая, годная, спакойная краіна, а яе народ не прымае гвалт для вырашэння канфліктаў. Вось што мы спрабуем давесці пра Беларусь і замежнікам, і нашым турыстам.

Усе мы шмат гадоў працавалі над тым, каб выбудоўваць імідж Беларусі як прыгожай, утульнай і самай бяспечнай краіны Еўропы. І наша дзейнасць была паспяховай — турыстычная галіна з’яўляецца адной з самых дынамічных у беларускай эканоміцы.

Але пасля 9 жніўня наша работа аказалася пад пагрозай. І выклікана гэта ў першую чаргу неапраўданай жорсткасцю службаў МУС у адносінах не толькі да мірных дэманстрантаў, але і да звычайных жыхароў і замежных турыстаў. Неадэкватнае выкарыстанне спецсродкаў, паляванне на людзей у дварах дамоў, збіццё затрыманых. Такое не павінна адбывацца ў Беларусі!

Мы салідарызуемся з тымі ўстановамі, якія абвясцілі забастоўкі, каб як мага хутчэй спыніць гэты гвалт і пераслед мірных жыхароў. На жаль, мы самі не можам абвесціць забастоўку, бо нашага месца працы — спакойнай і міралюбнай Беларусі — цяпер няма!

Турыстычны паток з Польшчы і Расіі ўжо цяпер моцна знізіўся з-за дзеянняў сілавых ведамстваў (беспадстаўнага затрымання грамадзян гэтых краін). А гэтыя, базавыя для нас кірункі ўязнога турызму, які толькі пачынаў аднаўляцца пасля каранавіруса.

Мы заклікаем МУС РБ спыніць ціск на грамадзян Беларусі, якія проста хочуць адстаяць сваё права на справядлівыя выбары. Патрабуем не ўжываць гвалт і катаванні да затрыманых мірных беларусаў, а таксама прыцягнуць да адказнасці тых, хто дапусціў такія дзеянні.

Мы звяртаемся да ўсіх дзяржаўных структур, адказных за культурны імідж Беларусі, турыстычную сферу, а таксама да прадстаўнікоў сілавых ведамстваў: Ці разумееце вы, што калі мы зноў пачнём вадзіць экскурсіі па ўсёй Беларусі, то ў Хатыні, Малым Трасцянцы і Курапатах у нас і ў нашых турыстаў цяпер будуць узнікаць зусім іншыя асацыяцыі? Дзеля чаго вы вяртаць зло на нашу зямлю?!

Спыніцеся! Давайце як мага хутчэй вернем у нашу краіну мір і законнасць, каб мы, прадстаўнікі беларускага турбізнэсу, зноў змаглі прывозіць турыстаў у прыгожую і спакойную Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0