У нядзелю ўвечары некалькі дзясяткаў тысяч людзей узяліся за рукі і ўтварылі жывы ланцуг ад Кафедральнай плошчы ў Вільні да мяжы Беларусі. Акцыя «Шлях свабоды» была арганізаваная ў знак салідарнасці з народам Беларусі, піша Delfi.

Фота: DELFI / Orestas Gurevičius 

Фота: DELFI / Orestas Gurevičius 

У акцыі ўзялі ўдзел амаль 50 000 чалавек. Людзі ўсталі 32-кіламетровым жывым ланцугом.

Акцыя прайшла 23 жніўня, у той жа дзень, калі ў 1989 годзе адбыўся Балтыйскі шлях - жывы ланцуг ад Вільні да Таліна, у якім, узяўшыся за рукі, стаялі больш за мільён людзей. Тады свету паслалі вестку аб тым, што Літва, Латвія і Эстонія маюць намер пазбавіцца ад савецкай акупацыі і аднавіць незалежнасць.

Большая частка ўдзельнікаў акцыі была ў белай вопратцы, з беларускімі сцягамі і гладыёлусамі ў руках. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, экс-прэзідэнты Даля Грыбаўскайце і Валдас Адамкус, спікер парламента Віктарас Пранцкеціс, міністры, дэпутаты, мэры.

Святлана Ціханоўская, якая зараз знаходзіцца ў Літве, у нядзелю ўвечары звярнулася да ўдзельнікаў жывога ланцуга. Яна па-літоўску падзякавала іх за дапамогу і падтрымку. «Як ніхто іншы, вы разумееце беларусаў, бо самі гэта перажылі. Я вельмі спадзяюся, што неўзабаве мы зноў створым жывы ланцуг, але ўжо не салідарнасці, а сяброўства са свабоднай Беларуссю», - сказала яна. 

Над «Шляхам свабоды» праляцелі дзесяць невялікіх самалётаў, па дарозе ехалі матацыклісты і веласіпедысты. На Кафедральнай плошчы ўзняўся ў неба паветраны шар з 15-метровым беларускім сцягам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0