На сайце МЗС змешчана чарговая заява Уладзіміра Макея. Гэтым разам ён звяртаецца да міністраў замежных спраў ЕС.

Калегі, міністры замежных спраў краін ЕС, звяртаюся да вас у сувязі з вашымі шматлікімі заявамі ў дачыненні да маёй краіны. Вы выдатна ведаеце мяне, ведаеце Беларусь і беларусаў.

Зараз не 18 стагоддзе, не 2010 і нават не 2015 год. Рэспубліка Беларусь — ужо рэальнасць. Рэальнасць для Еўропы, рэальнасць для Еўрасаюза, рэальнасць для кожнай з вашых краін. Таму заклікаю жыць, кантактаваць і ўзаемадзейнічаць з гэтай рэальнасцю.

У нас далёка не заўсёды і не ва ўсім супадаюць падыходы. Але пры першых сур'ёзных выпрабаваннях для станаўлення нашай краіны вы зноў адразу заклікаеце да санкцый. Гэтым па сутнасці вы пацвярджаеце правату тых, хто не верыць у нашу суверэнную здольнасць выбудаваць раўнапраўныя і выгадныя ўсім бакам адносіны з вашымі дзяржавамі.

Гэта не першыя санкцыі ў нашай гісторыі. І наша гісторыя на гэтым не скончыцца. Мы іх пройдзем гэтак жа, як і папярэднія. Вынік іх дзеяння вам вядомы. Усе разам мы дакладна страцім час.

Страцім рытм, які патрэбны нашым краінам і грамадствам, тым больш у сучасным хуткім свеце. У нас цяпер складаная сітуацыя. Але ж які з вашых краінаў не праходзіла балючыя этапы нацыянальнага сталення?

Дайце і нам яго прайсці. Лепш з вашай дапамогай, але без спроб прымусу з выкарыстаннем палітычных, фінансавых і іншых відавочных рычагоў.

Прашу дараваць, але мы не зможам гэта разглядаць інакш, як нядобразычлівыя дзеянні, якія наносяць шкоду суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, і не зможам гэта пакідаць без процідзеяння.

Але я ўсё яшчэ веру ў магчымасці і перспектывы нармальных, добрасуседскіх, цывілізаваных міждзяржаўных адносін паміж нашымі краінамі.

Таму што гэта ў інтарэсах усіх: і Беларусі, і Еўропы, і ўсёй Еўразіі. Прашу задумацца пра гэта без эмоцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0