25 ліпеня ў абласным цэнтры на алеі каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў тысячы гараджан сабраліся на пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, паведамляе Брэсцкая газета.

На самім мітынгу кандыдата ў прэзідэнты не было: Ціханоўская, а таксама Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала былі ўчора ў Оршы, Магілёве і Бабруйску.

Выступалі на сцэне давераныя асобы кандыдата Ціханоўскай —Уладзімір Мароз і Зінаіда Міхнюк. З самага пачатку арганізатары абвясцілі, што ў гэты дзень будзе свабодны мікрафон: выказацца дадуць усім ахвотным. Часцей за ўсё выступоўцы ўздымалі тэмы сумленных выбараў і патрабавалі выпусціць палітычных зняволеных.

Падчас пікету людзі скандавалі лозунгі ў падтрымку палітвязняў - «Выпускай!», а таксама «Верым, можам, пераможам!». Некаторыя з іх прыйшлі не толькі з бел-чырвона-белымі сцягамі, але і з плакатамі ў падтрымку арыштаваных берасцейскіх блогераў «Народнага рэпарцёра» Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.

Мерапрыемства доўжылася 3 гадзіны і сабрала каля 2,5 тысячы чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0