Блогера Сяргея Ціханоўскага зноў кінулі ў карцар СІЗА №1. На гэты раз за тое, што не пагаліўся, расказала Tut.by Святлана Ціханоўская.
Фота Надзеі Бужан
У карцар блогера кінулі ў пятніцу, 10 ліпеня. На наступны дзень пасля суда, дзе разглядалася яго скарга за змяшчэнне ў карцар папярэднія два разы.
— Я хадзіла да яго ў пятніцу, у мяне прынялі перадачу. Мабыць, у карцар змясцілі пазней. Пакуль кажуць, што ён там прабудзе да аўторка, 14 ліпеня. Выйдзе ён у сераду ці не, мы не ведаем. У яго на гэты момант пяць спагнанняў: папярэджанне, вымова і тры разы змяшчэнне ў карцар. За што яму выносілі папярэджанне і вымову, я не ведаю. У судзе супрацоўнікі СІЗА казалі, што ні павуцінне, ні негаленне — гэта не самі парушэнні, за якія чалавека саджаюць у карцар, а тое, што яны паўторныя. То-бок, не пагаліўся — табе папярэджанне, два папярэджанні — нагода для змяшчэння чалавека ў карцар, — кажа Святлана Ціханоўская.
Жонка блогера таксама перадала, што Сяргей Ціханоўскі трымаецца мужна, духам не падае і вельмі дзякуе людзям за падтрымку ў выглядзе лістоў.