Па сацыяльных сетках распаўсюджваецца здымак фэйкавага дакумента, які нібыта атрымаў з Цэнтрвыбаркама блогер-фермер Юрый Ганцэвіч.
Ганцэвіч быў адзін з 15 зарэгістраваных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, але нават не стаў збіраць подпісы ў сваю падтрымку.
Тым не менш адправіў у Цэнтрвыбаркам заяву: прашу зарэгістраваць мяне кандыдатам.
Якая аргументацыя ў Ганцэвіча? Паводле артыкула 38 Канстытуцыі, грамадзяне маюць права свабодна абіраць і быць абранымі ў дзяржаўныя органы. А тое, што ў артыкуле 81 Канстытуцыі згадваюцца нейкія 100 тысяч подпісаў, то гэта супярэчыць магчымасці абрацца прэзідэнтам. А значыцца, маўляў, не перашкаджайце мне стаць кандыдатам.
Блогер даслоўна зачытвае сваю заяву, трымае дакумент у кадры. А пасля пачынае зачытваць адказ старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Вось толькі гэты адказ ён паказвае літаральна на секунду, а пасля прыбірае яго з камеры.
Ганцэвіч зачытвае словы Ярмошынай: «Вашы патрабаванні не супярэчаць патрабаванням Канстытуцыі. Цэнтрвыбаркам абавязаны ў сваёй дзейнасці кіравацца нормамі заканадаўства і мае права задаволіць ваша патрабаванне…» — «Дзякуй вам, Лідзія Міхайлаўна Ярмошына, што вы мне далі магчымасць паўдзельнічаць у выбарах-2020!» — падсумоўвае Ганцэвіч. Ён назваў свой ролік «Мяне зарэгістравалі без 100 тысяч подпісаў».
Аднак у рэальнасці ў тэксце (тым самым, паказаным на секунду) пазначана, што Цэнтрвыбаркам не мае права зарэгістраваць Ганцэвіча кандыдатам, бо яго патрабаванне супярэчыць Канстытуцыі.
Навошта блогеру-фермеру было падманваць гледачоў, незразумела.