Аднаму з лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Ігару Комліку зрабілі больш «ільготны» рэжым адбыцця «дамашняй хіміі», паведамляе spring96.org.

«Днямі мне змянілі некаторыя правілы адбыцця пакарання, зрабілі іх, так бы мовіць, больш «ільготнымі», — кажа Ігар Комлік. — Калі раней трэба было адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага раёна раз на тыдзень, то цяпер — толькі раз на месяц. Магчыма, гэта з-за таго, што я ўжо адбыў пэўную частку пакарання і за гэты час да мяне не было ніякіх заўваг і прэтэнзій».

Ігар Комлік дадае, што «гэта даволі зручна, бо не трэба кожны тыдзень бегаць у інспекцыю і траціць на гэта частку свайго працоўнага часу».

Генадзь Фядыніч жа адзначае, што нават у сувязі з каранавірусам кантроль за адбыццём пакарання ў яго не зменшыўся.

«У мінулым месяцы прыходзілі на адным тыдні тры разы запар, — распавядае Генадзь Фядыніч. — Два разы — каля 12 гадзін ночы. Увогуле, прыходзяць калі хочуць, але, на шчасце, ноччу пакуль не з’яўляліся. Я іх папярэдзіў: «У мяне добры сон, таму будзеце стаяць і грукаць у дзверы вельмі доўга».

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 г. суд Савецкага раёна Мінска асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

Іх асудзілі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай. Ігар Комлік пачаў адбываць «дамашнюю хімію» з 19 снежня 2018 году, Генадзь Фядыніч — са студзеня 2019 году.

У лістападзе мінулага году стала вядома, што Фядыніч і Комлік патрапілі пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 79-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэрмін адбыцця пакарання ім скарацілі на год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0