Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Тэдрас Адханом Гебрэйесус распавёў, што сусветныя запасы сродкаў індывідуальнай абароны моцна зменшыліся. Сітуацыя будзе захоўвацца на працягу бліжэйшых 4-6 месяцаў. Пра гэта сказана ў яго заяве на сайце СААЗ.
Фота Надзеі Бужан
Ён адзначыў, што попыт на маскі і рэспіратары вырас у 100 разоў, гэта справакавала павелічэнне іх кошту ў 20 разоў. «Гэтая сітуацыя пагаршаецца шырока распаўсюджаным, неналежным выкарыстаннем сродкаў абароны па-за доглядам за пацыентамі», — сказаў ён.
Кіраўнік СААЗ адзначыў, што ва ўмовах дэфіцыту гэтых сродкаў у першую чаргу імі павінны быць забяспечаны работнікі аховы здароўя, а ў другую чаргу — хворыя і тыя, хто іх даглядае. Ён заклікаў не назапашваць сродкі індывідуальнай абароны там, дзе нізкі ўзровень інфекцыі.
Паводле даных на 7 лютага, колькасць інфікаваных каранавірусам перавысіла 31 тысячу, 637 чалавек загінулі, а 1764 пацыента ўдалося вылечыць. Большасць інфікаваных знаходзяцца ў Кітаі, першая ўспышка была зафіксавана ў канцы снежня 2019 года ў горадзе Ухань. Акрамя КНР, 270 выпадкаў захворвання зафіксаваныя ў 24 краінах. Сярод іх адзін смяротны выпадак.